poster

Акупанты забіваюць хлопца за гаворку на роднай мове, зьдзекуюцца з жанчынаў, рабуюць. Мужчыны бяруць у рукі зброю — і сыходзяць у партызаны.

Гэта Ірляндыя, лёс якой шматкроць параўноўвалі зь лёсам Беларусі.

20-я гады мінулага веку. Нацыянальна-вызвольная барацьба.

Герой карціны Дэміен (Кіліян Мэрфі) зьбіраўся зрабіць кар’еру лекара ў Ангельшчыне, але далучыўся да свайго брата-паўстанца. Лёгіка вайны прымушае глядзець скрозь прыцэл — і неўзабаве брат страляцьме ў брата.

Карціна насычаная ірляндзкім нацыянальным колерам — зялёным, кадры патанаюць у тумане, але рэжысэр стужкі далёкі да сымбалізму й містыкі.

“Пралетар” Яе Вялікасьці Кен Лоўч падрабязна паказвае сацыяльныя чыньнікі вызваленчага змаганьня: беднасьць і абразы, барацьбу розных кірункаў за новае прышлае — і клясавую расстаноўку сілаў. Ён не шкадуе фарбаў, каб паказаць ангельскіх акупантаў зьвярамі, якія вырываюць у ірляндцаў пазногці (хаця рэжысэр і не вучыўся па партызанскіх беларускіх карцінах).

Але для рэжысэра важны чыньнік гуманнасьці. Калі зацятая барацьба пераходзіць у зьмярцьвеласьць сэрца, калі перакрочваецца мяжа? Герой Кіліяна Мэрфі перакрочвае гэтую мяжу, калі забівае свайго сябра, амаль дзіця, які заблытаўся і выдаў сваіх таварышаў.

Ангелец Лоўч не хавае сымпатыяў да ірляндзкіх паўстанцаў, але называе й кошт — і ніколі не забывае, што па той бок барыкадаў — брат. Для партызанскага беларускага кіно гэтая ідэя гучыць усё яшчэ не банальна.

Карціна ўзнагароджаная ў Канах, хаця збольшага гэта ацэнка творчасьці Кена Лоўча наагул; нядаўна фільм прывячалі й на “Лістападзе”.

Сэансы ў Менску: “Дом кіно” 12—17 сьнежня а 19.00.

Вецер, які гайдае верас (The Wind That Shakes the Barley).

Ірляндыя—Вялікабрытанія—Францыя, 2006, каляровы, 124 хв.

Рэжысэр: Кен Лоўч.

Ролі выконваюць: Кіліян Мэрфі, Лаям Канінгем, Пэдрэйк Дэлані.

Жанр: партызанская драма.

Адзнака: 7,5 (з 10)

Усе фільмы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?