Новая Францыя (Nouvelle France).

Канада—Францыя—Вялікабрытанія, 2004, каляровы, 142 хв.

Жанр: эпічная мэлядрама.

Адзнака: 7 (з 10).

Сярэдзіна XVIII ст. Англія і Францыя ваююць за кантроль над Канадай. Сялянка й нашчадак багатага роду закахаліся адно ў аднаго.

Нетаропкі гістарычны эпас зацягвае. Дакладныя касьцюмы, палітычныя інтрыгі, бязладзьдзе — ня проста фон для каханьня. Героі — удзельнікі гісторыі, а лёс Новай Францыі, якая пераходзіла з рук у рукі, нагадвае лёс Беларусі. Мары-Лю і Франсуа — гэта беларускія героі падчас вайны, толькі ў канадзкіх рэаліях.

Карціна Жана Бадэна — гарманічная й вывераная. Жарсьці не набываюць характар гістэрыкі; каханьне стрыманае, кожны гістарычны прадмет не крычыць аб раскошы, а проста ёсьць. Гісторыя каханьня ўскладнена ня толькі палітычнымі пэрыпэтыямі: перашкоды чыняць юрлівы інтэндант, нястрыманы лепшы сябра, кюрэ, які разрываецца паміж пабожнасьцю й закаханасьцю (бліскучая роля Жэрара Дэпард’ё).

Акторская гульня Наэмі Гадэн-Віньё (Мары) і Давіда Ля Э (Франсуа) разаб’е не адно глядацкае сэрца, а маленькая Жульет Жасьлен у ролі дачкі Мары дэманструе ўсе прыкметы будучай зоркі.

Можна толькі пашкадаваць, што карціна «Новая Францыя» амаль нікім ня ўбачаная. Але глядач можа выправіць сытуацыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?