Вечарам 24 красавіка расійскі Першы канал паказаў сюжэт пра сітуацыю з адсутнасцю валюты ў абменных пунктах.

На гэтым тыдні чэргі да абменных пунктаў так разрасліся, што ў іх пачаліся бойкі, што прызнала Міністэрства ўнутраных справаў рэспублікі, заявіўшы, што вымушанае надаваць асаблівую ўвагу ахове парадку каля пунктаў абмену валюты.

Афіцыйныя беларускія ўлады запэўніваюць, што ажыятаж ствараецца штучна і паніка на рынках Беларусі не мае пад сабой эканамічных падставаў.

Натоўп штурмуе адкрыты раніцай мінскі гандлёвы цэнтр, у якім працуе абменны пункт. З такім запалам людзі імкнуцца пазбавіцца ад беларускага рубля. У гонцы за валютай галоўнае — першым паспець да касы.

Шмат хто на гэтай дыстанцыі ўспомніў сябе ў пачатку 90-х. Так ужо было 20 гадоў таму. Гісторыя паўтараецца і сёння — з той толькі розніцай, што людзі спрабуюць не атаварыць харчовыя карткі, а купіць у беларускіх абменніках любую валюту. Ужо некалькі тыдняў многія абменныя пункты беларускіх банкаў працуюць у аднабаковым рэжыме — валюту толькі купляюць.

Цяпер каля абменных пунктаў дзяжураць тыя, хто гатовы пераплаціць і перакупіць даляры, еўра і расійскія рублі ў тых, хто прынясе валюту ў абменнік. Каб купіць, напрыклад, сто даляраў з рук, людзям даводзіцца распачынаць бойкі. Стаяць у чэргах і днём, і ноччу.

Людзі кажуць, што чаргу пачынаюць займаць адразу пасля закрыцця абменных пунктаў увечары.

«Наш народ такі баязлівы, усяго ён баіцца, ну чаму мы такія, слухайце, я прыйшла купіць 100 даляраў ці нават расійскіх рублёў, мне трэба паехаць, і чаму я павінна хавацца?», — кажа жыхарка Беларусі.

Многія тут закрываюць свае твары. Баючыся міліцыі, якая палюе на тых, хто ажыццяўляе «незаконныя валютныя аперацыі», прасцей кажучы, прадае і купляе з рук. Тыя, хто страціў надзею купіць валюту, спрабуючы пазбавіцца ад беларускіх рублёў, пачалі скупляць літаральна ўсё. Спачатку запасліся жэтонамі ў метро, чакаючы падаражэння. На іх продаж нават давялося ўвесці абмежаванні. Калі жэтоны падаражэлі, людзі пачалі скупляць бензін. На запраўках днём і ноччу аўтамабілісты запаўнялі і бакі, і каністры наколькі мажліва. Бензін падаражэў на 10%. Загадзя запасаюцца цяпер цукрам, алеем і крупамі. Пакуль без абмежаванняў. Цэны на прадукты харчавання таксама ўжо выраслі ў сярэднім на 30%. Пасля доўгага маўчання Лукашэнка ўсё ж пачаў казаць пра праблемы ў эканоміцы. Як заўсёды, хутка знайшоўшы вінаватых.

«Вядома, нас вельмі моцна падкасіў вось гэты ажыятаж з аўтамабілямі. Мы паглядзелі, там больш за мільярд. Былі нават прапановы ўвесці гэтую пошліну, не чакаючы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён мае на ўвазе — запланаванае павышэнне пошлін на патрыманыя іншамаркі. Перагоншчыкі і праўда працуюць цяпер няспынна, на мяжы з Літвой кіламетровыя чэргі.

Менавіта купля патрыманых нямецкіх аўтамабіляў, як сцвярджае Лукашэнка, абрынула валютны рынак.
Маўляў, тыя, хто ганяе машыны з-за мяжы, вывезлі ўсе еўра і даляры. Але эксперты пагаджаюцца на іншым:
эканоміка не вытрымала выканання перадвыбарчых абяцанняў Аляксандра Лукашэнкі.

Па словах эканаміста Леаніда Заікі, «прычыны абясцэньвання беларускага рубля больш сур’ёзныя, яны закапаныя ў тым, што ўвесь час дэфармаваліся макраэканамічныя прапорцыі». «Вось, да прыкладу, ВУП расце на 7%, а заработная плата расце на 12. За гэта за савецкім часам пасылалі амбасадарамі ў Замбію або ў Бурундзі», — дадаў эканаміст.

Павелічэнне заработнай платы насуперак усім законам эканомікі ў мінулым годзе адбывалася пастаянна. І да канца года перад выбарамі павышэнне дасягнула 30%.

Прэзідэнт Беларусі, як мог тады, дэманстраваў дабрабыт краіны — нават пазіраваў на залатых злітках разам з сынам Колем, паказваючы запасы краіны.

«Золата, якое там паказанае на экране, — гэта тэхнічнае золата, не тыя самыя зліткі, дзе пішуць „9999“. Гэта тэхнічнае золата — здаровыя гэтыя шпалы. Але гэта для народа багацце — мы багатая краіна, насамрэч няма ніякіх золатавалютных рэсурсаў» , — кажа палітолаг Андрэй Суздальцаў.

Няма рэсурсаў, затое ёсць абавязкі. Замежны доўг ужо вырас да 52% ад ВУП Беларусі, кажуць эксперты. Гэта амаль 25 мільярдаў даляраў. Краіна ўвесь час жыла за кошт адных крэдытаў. У асноўным з Расіі.

Лядовыя палацы, свінакомплексы і шкляная бібліятэка, якой так ганарыцца «прэзідэнт» Беларусі, пабудаваныя за чужы кошт, сцвярджаюць аналітыкі.
Але пра гэта Лукашэнка ніколі не згадваў, расказваючы пра «беларускі эканамічны цуд»: рост вытворчых паказчыкаў насуперак сусветнаму эканамічнаму крызісу. Не згадваў таксама і пра тое, што за год адмоўнае сальда гандлёвага балансу Беларусі вырасла ў 335 разоў і склала больш за 900 мільёнаў даляраў (журналісты ОРТ памыліліся, гаворка ідзе аб першых месяцах 2011 года — заўв. Charter97.org), што сведчыць пра глыбокі крызіс беларускай эканомікі. Акрамя таго, тэлевізары, халадзільнікі, грузавікі — усе знакамітыя нацыянальныя беларускія брэнды — насамрэч у Беларусі толькі збіраюцца. Сыравіна і камплектуючыя закупляюцца за мяжой. За валюту. А прадаюцца ў Беларусі за рублі. Атрымліваецца, што ў краіну ўвозіцца ў два разы больш, чым вывозіцца.

«Валюты не апынулася на міжбанкаўскім рынку. Нацыянальны банк Беларусі вырашыў рэзерваваць валюту па 30 дзён. Перапыніліся кантракты на пастаўку камплектуючых, сыравіны для беларускай вытворчасці. У гэтай сітуацыі пачалі спыняцца прадпрыемствы — цяпер, дапусцім, складана купіць метал, таму што ён купляецца за валюту», — сказаў палітолаг Андрэй Суздальцаў.

Тое, як развіваецца сітуацыя сёння, ужо ў недалёкай будучыні прывядзе да таго, што спыняцца ўсе прадпрыемствы, прагназуюць эканамісты. Як бы Аляксандр Лукашэнка ні патрабаваў вырабляць больш і хутчэй, выратаваць «беларускі эканамічны цуд» можа толькі новы цуд. І гэта, здаецца, разумее цяпер і «прэзідэнт» Беларусі.

«Мне здаецца, што ўсё-ткі нафта ў нас ёсць. Але калі ёсць нафта, не можа быць, каб не прарвала дзесьці прыродным газам, я спадзяюся. Вядома, я спецыялістаў тармасіў, каб яны паглядзелі, што там у нас ёсць» , — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пакуль нафту знайсці не ўдалося, для выхаду з крызісу Мінску неабходныя новыя крэдыты. Прычым, паводле ацэнак экспертаў, штомесяц для апетытаў краіны патрабуецца паўтара мільярда даляраў. Гэта значыць у год каля 18 мільярдаў. Гэтага няма. І людзі цяпер імкнуцца назапасіць не толькі любой валюты, але і прадуктаў, і бензіну, рыхтуючыся да горшага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0