З друку выйшла першая кніга з сэрыі «Кнігарня «Наша Ніва». Гэта зборнік вершаў паэта Андрэя Хадановіча «Сто лістоў на tut.by». Хаця насамрэч вершаў у кнізе ня сто, а сто дзесяць. Пра гэта ж у караценькай прадмове піша і сам аўтар: «У кнізе сабраныя вершы, напісаныя збольшага ўвосень і ўзімку 2004 году й дапоўненыя пазьнейшымі тэкстамі. Дапоўненыя настолькі, што лістоў выйшла болей за сто – прашу прабачэньне ў аматараў круглых лікаў і шчыра смуткую разам зь імі. Кніга складаецца з чатырох асноўных разьдзелаў, якія можна чытаць запар, а можна – чаргуючы іх з трыма «дывэртысмэнтамі». Апошніх магло ня быць, але буду рады, калі нехта з чытачоў адужае і іх таксама. Шчыры дзякуй электроннай пошце, безь якой гэтыя лісты маглі б і не напісацца».
Значная частка вершаў, што склалі зьмест кнігі, раней друкаваліся на старонках «Нашай Нівы». Рэдактура Васіля Сёмухі, макетаваньне Міхала Анемпадыстава. Наклад 1 500 экзэмпляраў. Шукайце ў кнігарнях і незалежных распаўсюднікаў.
@ @ @
Зранку ў падворку зьявіцца сьнег,новы, як бібліятэка,
белы і ліпкі, нібы пельмень,
як яго ні круці.
Зранку ў падворку стануць ляпіць
сьнежнага чалавека.
Дворнікі будуць лаяцца матам:
«Маць тваю, еці, еці!»
Зранку першым, блін, комам
нас расстраляюць дзеці!
Нехта ў белай гарачцы
белы збудуе дом.
Дворнікі будуць рыпець на машынах:
«Вы паглядзеце!
Еці!»,
крэсьлячы адрас на шкле лабавым:
www.sniezhny.com.
@ @ @
Выйдзеш на вуліцу — вецер гвалтуе дзяўчатак.Вушы прадзьме — і гамон, і камэдыі фініш.
Галасаваць не ідзі, безнадзейны занятак:
Як ні старайся, ніводнай машыны ня спыніш!
Трэба ляцець, ды стаіш на халодным прыпынку.
Цокаюць сківіцы, кожная — нібы падкова.
Цяжка пасьпець, як ня зробіш сапраўднага ўчынку.
Колаў няма, а на крылах — прадзьме канчаткова.
@ @ @
Сьнег ідзе. Галубы. Не блакітны, а — галубыЗа акном натапырылі пёры, нібы забойцы.
Ля аконнай шыбы школьныя ўжо лабы
Падзяляюць сьвет: тут — «індзейцы», а там — «каўбойцы».
У лабоў мукі творчасьці: алавяны стойкі жаўнер
Праз два «н» упарта ня пішацца ў першай прозе.
Сьнег ідзе — і, трапляючы коміну за каўнер,
Абганяе трамваі і ўсіх, каму па дарозе.
@ @ @
Будучы сьнег яшчэ сёлета выпадаеЦукрам у каве, і люд выпадае ў асадак.
Вырак законны, і скардзіцца не выпадае.
Побач шыбуе жвавая й маладая,
Толькі пад футрам цяжэй разгледзець азадак.
Дзеўка‑зіма прыйшла белатварай марай
І цалуе ўзасмак белазубай згубай.
Дзьве сьцяжынкі сыходзяць у лес закаханай парай.
Дыхаеш ім наўздагон халоднаю парай
І задыхаесься, як селядзец пад шубай.