Былы прэтэндэнт на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, жыхар Віцебска Сяргей Рыжоў прапануе распачаць страйк 3 ліпеня. Мэта страйку — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, вызваленне палітвязняў і правядзеньне новых выбараў прэзідэнта.
Зварот да жыхароў Беларусі Сяргей Рыжоў распаўсюдзіў праз інтэрнэт.
У звароце гаворыцца, што «рэспубліка застыла на мяжы чарговага дэфолту і разрабавання, страты сувэрэнітэту і незалежнасці». Таму 3 ліпеня Сяргей Рыжоў заклікае ўсіх, хто гатовы супраць гэтага пратэставаць, выйсці на галоўныя плошчы ў сваіх гарадох, а з 4 ліпеня скарыстаць любую мажлівасць, каб не выходзіць на працу ці не з’яўляцца на вучобу.
Сяргей Рыжоў, які некалькі месяцаў таму абвясціў пра стварэнне Беларускай кансерватыўнай партыі «Белая Русь», прапануе ўсім суграмадзянам распаўсюджваць інфармацыю пра будучы страйк ды праводзіць агітацыйныя гутаркі пра неабходнасць мірнага пратэсту.
«Цяпер лідарам робіцца кожны грамадзянін Беларусі. І ніхто не мае права яму ў гэтым перашкодзіць!» — напісана ў звароце Сяргея Рыжова.
Падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў ён абвясціў пра сваё жаданне балатавацца на гэтую пасаду, але сышоў з выбарчай гонкі за некалькі дзён да рэгістрацыі кандыдатаў. Паводле Сяргея Рыжова, ён мусіў зрабіць гэты крок, бо на чальцоў ягонай ініцыятыўнай групы чынілі ціск, што перашкодзіла сабраць неабходную колькасць подпісаў за яго вылучэне.
Каментары