Пры асьвятленьні разбудовы Менску СМІ спрашчаюць тэму і палітызуюць архітэктурныя пытаньні. Піша архітэктар Ігар Байцоў

У «Нашай Ніве» і іншых выданьнях пэрыядычна зьяўляецца інфармацыя аб разбурэньні і скажэньні гістарычных пабудоў, праявах абыякавасьці да стану помнікаў, непавагі да нашай мінуўшчыны. Але чаму ўсё гэта адбываецца так рэгулярна?

Відавочна, таму, што павярхоўнасьць інфармацыі, даступнай большасьці беларусаў, не дазваляе ім авалодаць эстэтычна‑культурнымі ўяўленьнямі, неабходнымі для ацэнкі стану і зьмяненьняў навакольнага асяродзьдзя як розумам, так і сэрцам. Гэта датычыць усяго асяродзьдзя, ня толькі юрыдычна прызнаных гісторыка‑культурных каштоўнасьцяў. Яны ня маюць магчымасьці разабрацца — што добра і што дрэнна з таго, што іх атачае.

За многія вякі спробаў і памылак майстры дойлідзтва выпрацавалі правілы гарманічнага формаўтварэньня, якія забясьпечваюць посьпех у будаўніцтве, стварылі сыстэму адпаведных крытэраў, якія дапамагаюць паўнавартасна і шматбакова ацаніць праекты і пабудовы. Але большасьць насельніцтва з гэтай «сыстэмай каардынатаў» практычна не азнаёмленая, а СМІ не дапамагаюць асьветай у гэтай сфэры. Між тым, за апошні час беспрэцэдэнтна ўзрос уплыў непрафэсіяналаў на прыняцьце архітэктурных рашэньняў, на выгляд гарадзкога асяродзьдзя.

Сьціраньне нормаў

Ёсьць у сьвеце гарады, якія самі па сабе — падручнікі архітэктуры. У іх гарманічна суіснуюць розныя гістарычныя пласты забудовы, першапачатковы выгляд будынкаў розных эпох скрупулёзна захоўваецца. Беларускія гарады — ахвяры гістарычных катаклізмаў, валюнтарысцкіх палітычных ды эканамічных экспэрымэнтаў — сваім выглядам прывучаюць жыхароў да незапатрабавальнасьці, да згоды на ўсё, што ні зьявіцца ў горадзе, калі гэта не закранае асабістых інтарэсаў.

У Менску і ва ўсёй нашай краіне няма ніводнага паўнавартаснага архітэктурнага ансамблю ў годным стане, амаль ніводнага будынку былых часоў у нескажоным выглядзе, і людзі спрымаюць гэта за норму. Таму такія якасьці, як кампазыцыйная завершанасьць, сумаштабнасьць, дасканаласьць і стылёвае адзінства, незапатрабаваныя. Цікавасьць да архітэктуры адсутнічае.

У нашых гарадах можа зьявіцца добрая архітэктура ці нейкая брыдота, можа зьнікнуць каштоўны архітэктурны фрагмэнт ці нават будынак, і гэта ня ўзрушыць амаль нікога. Людзі, у большасьці, наагул не ўглядаюцца ў навакольле. Ні навучальныя ўстановы, ні СМІ ня вучаць гэтаму.

У масавай сьвядомасьці няма элемэнтарнай сыстэмы крытэраў ацэнкі архітэктуры. Для большасьці прыгожы будынак — гэта сьвежафарбаваны ці абліцаваны «эўра»‑матэрыяламі, а непрыгожы — даўно нерамантаваны. Адсюль і назіранае цяпер «прыхарошваньне» навакольля ад расфарбоўваньня валуноў да мадэрнізацыі выгляду помнікаў сівой даўніны.

Мала дапамагае ў гэтай справе сваім чытачам і «Наша Ніва» артыкуламі і нататкамі з адвольным выкарыстаньнем асобных аргумэнтаў і непатрэбнай для гэтай тэмы палітычнай тэндэнцыйнасьцю.

Знос «Беларусі» дарэчны

Яскравы прыклад легкадумнасьці, што дэзарыентуе чытачоў, — кароткая зьвестка ў №31 аб зносе кінатэатру «Беларусь» як аб адмоўным факце. Здарэньне падаецца ізалявана ад архітэктурна‑прасторавага кантэксту. Між тым, гэты кінатэатар быў пабудаваны паводле савецкага тыпавога праекту часоў барацьбы з «празьмернасьцямі». Сваім аб’ёмам і рашэньнем фасадаў ён не адпавядаў прызначанаму яму месцу, псаваў выгляд Юбілейнай плошчы і сквэру. Яго будаўніцтва ў такім выглядзе было відавочнай памылкай. Яго назва несла непавагу да нашай краіны. Дарэчы, музэй сучаснага мастацтва зьбіраліся разьмясьціць ня «ў ім», а на яго месцы, з адбудовай і выкарыстаньнем капітальных муроў. Ці выгляд плошчы пасьля заканчэньня будаўніцтва зьменіцца да лепшага — пабачым, але дасягнуць паляпшэньня няцяжка.

Лірычны помнік на парадным фоне

У №28 ёсьць нататка «Помнік Багдановічу не зьнясуць, дык упрыгожаць». Відавочна, аўтар не адчувае, што гэты варыянт помніка не адпавядае архітэктурна‑прастораваму атачэньню, недастаткова зьвязаны ён з Опэрным тэатрам і тэматычна, а галоўнае — з манумэнтальным, вельмі парадным архітэктурным фонам. Не лірычнае гэта месца. Для гэтага месца і постаць помніка здаецца выпадковай, і падножжа выглядае няўдала.

Чаму ж так выйшла? Таму што скульптар С.Вакар ляпіў скульптуру зусім для іншага месца. Паводле ягонай задумы, помнік павінен быў стаяць у тым жа сквэры, але блізка да вуліцы (тады яшчэ М.Горкага), насупраць дому, дзе нарадзіўся паэт, тварам да гэтага дому. Ад гмаху Опэры будынак засланялі б дрэвы, каля помніка магло б быць шмат кветак, нават палявых, і гэта было б найлепшае для яго лірычнае атачэньне. Таму і постаць была абраная такая неафіцыйная. Гэтае месца цяпер тым больш апраўдана, калі вуліца стала вуліцай імя М.Багдановіча. Але архітэктары, што працавалі над помнікам, ня здолелі ўзгадніць з ГалоўАПУ пастаноўку помніка ні на гэтым, ні на іншых, таксама далёкіх ад непатрэбнай параднасьці, месцах.

Пасьля гэтага аўтарам архітэктурнай часткі помніка стаў Ю.Грыгор’еў, начальнік ГалоўАПУ. На выбраным ім месцы помнік і зьявіўся. Так што, калі б зьдзейсьнілася, хоць і са спазьненьнем, задума аўтара скульптуры, было б лепш. Да таго ж помнік не канфліктаваў бы з новымі творамі скульптураў і малымі формамі архітэктуры, што неўзабаве маюць зьявіцца паблізу. У такім варыянце была б належная павага і да скульптара С.Вакара.

«Не дапусьцім зносу!» — перажывалі людзі», — піша аўтар. Але ж у сучасным Менску ліквідацыя помніка такой знакавай пэрсоне беларускай культуры не магла б адбыцца. Можа, разглядаўся варыянт ягонага пераносу на іншае месца? Якое? Гэта для чытачоў застаецца загадкай.

Добрая Опэра

«Зьнікне купал над будынкам»… Назваць прымітыўны скатны дах купалам — гэта крута! Шэсьцьдзесят гадоў гэты недарэчны дах капітальна псаваў выгляд Опэры і ўсю панараму забудовы Траецкай гары, і, нарэшце, пастанавілі яго ліквідаваць! Гэта ж вельмі добра, а ў аўтара не знайшлося добрага слова для гэтай навіны. Многія ж нарадзіліся пасьля зьяўленьня гэтага даху, прызвычаіліся да яго, не здагадваюцца, што, паводле ідэі Лангбарда, дах не павінен узвышацца над сьцяной парапэту, нічога ня ведаюць аб каштоўнасьці стылёвай чысьціні і кампазыцыйнай завершанасьці.

«Канструктывісцкая Опэра» — гэта грубая памылка. З канструктывізмам Опэра ня мае нічога супольнага. Пабудавана яна ў стылі позьняга нэаклясыцызму 1930‑х гадоў. Для гэтага стылю і для творчасьці Лангбарда характэрна ўключэньне ў кампазыцыю скульптур і барэльефаў. «У порціку паўстануць скульптуры чатырох музаў», — чытаем мы ў «НН», але такога порціка, каб іх разьмясьціць, проста няма. Няцяжка даведацца, як павінен быў выглядаць тэатар са скульптурным дэкорам, — дастаткова зазірнуць у кнігу «І.Г.Лангбард» (Менск, 1976).

Скульптурнае аздабленьне ўключала, акрамя чатырох вялікіх скульптур на ўзроўні другога паверху, яшчэ і шэраг барэльефаў у цеснай узаемасувязі з архітэктурнай кампазыцыяй. Яны выконвалі сувязную ролю паміж вялікімі скульптурамі і архітэктурнымі формамі. Але аб устаноўцы барэльефаў гаворка ў СМІ не вядзецца. Да таго ж характар прапанаваных скульптур, што былі паказаныя ў прэсе, стылёва не адпавядае архітэктуры Лангбарда і наагул не спалучаецца са стылістыкай 1930‑х гадоў. Без падтрымкі барэльефаў і стылёва далёкія ад архітэктурнага фону, яны будуць выглядаць чужымі гэтаму ўнікальнаму будынку.

Дажынкізацыя

На апублікаваным у прэсе мантажы праектаванага выгляду Опэры захаваныя вокны ў паўкруглым парапэце, не прадугледжаныя Лангбардам. Іх прабілі ў 1950‑я, калі даваенная архітэктура не лічылася за каштоўнасьць. Захаваньне гэтых вокнаў было трывожным сыгналам. У Менску мы ўжо маем прыклады грубага скажэньня выгляду значных перадваенных аб’ектаў — былога гатэлю «Беларусь» і былога Інстытуту фізкультуры. Таму існуе вялікая небясьпека, што і Менская Опэра не атрымае ні першапачатковага выгляду, ні больш мастацка насычанага — згодна з праектам І.Лангбарда, а стане ахвярай тандэтнай «дажынкізацыі». А аўтар піша аб зьменах, што чакаюць Опэру, легкадумным тонам, мінаючы галоўнае. Для яго гэтыя скульптуры — дробязь: не было іх — цяпер будуць, ну, і хай сабе стаяць; ці будзе вынік на ўзроўні архітэктуры Лангбарда, яго гэта не турбуе. А яны ж ня ў сквэры будуць стаяць, а на фасадах аднаго з найкаштоўнейшых архітэктурных аб’ектаў краіны!

Калі фасады Опэры будуць «рэстаўраваць» тандэтным прыхарошвань‑ем, гэта будзе катастрофай для аблічча вялікай часткі цэнтру нашай сталіцы — гмах дамінуе над атачэньнем. Будзе страчана вялікая частка ягонай эстэтычнай прывабнасьці і гісторыка‑культурнай каштоўнасьці, а калясальны патэнцыял выразнасьці застанецца нескарыстаны.

Нядаўна зьявіліся матэрыяльныя сьведчаньні таго, што падыход будзе менавіта непаважным да гістарычнага аблічча Опэры. Плястыка паўкруглага парапэту, што будуецца замест разбуранага пры «рэстаўрацыі», адрозьніваецца ад першапачатковай у бок ускладненьня, зьяўляюцца карнізікі і іншыя адхіленьні ад арыгіналу. Якія яшчэ неспадзяванасьці чакаюць гмах ад цяперашніх суаўтараў І.Лангбарда — грамадзкасьці невядома.

Кампрамісная «Эўропа»

Аб гатэлі «Эўропа», што цяпер будуецца, у «НН» пісалі неаднаразова, але, на жаль, з дагматычных пазыцыяў. Недастаткова дасьведчаную, каб самастойна разабрацца ў справе, большасьць чытачоў да апошняга часу пераконваюць, што гатэль і тэатар побач зь ім трэба было ўзнаўляць дакладна на іхніх гістарычных месцах. Але ж калі б гэты ўтапічны варыянт зьдзейсьнілі, кожны мянчук і госьць сталіцы ўспрымаў бы вынік як прыкрае калецтва на целе гарадзкой забудовы. Горадабудаўніцтва ў гістарычным цэнтры, які забудоўваўся непасьлядоўна, дзе асобныя незавершаныя фрагмэнты забудовы розных часоў спрачаюцца паміж сабой, — справа складаная. Тут мусова прыводзіць да ладу цэлы шэраг супрацьлеглых патрэб і інтарэсаў, шукаць кампраміс між імі. Таму непажаданы аднабаковы ўплыў вузкіх спэцыялістаў, якія добра бачаць адны аспэкты і не жадаюць бачыць іншых. Аднак акурат пад такі ўплыў трапіла «НН» у гэтым пытаньні.

Ня мае сэнсу цяпер падрабязна абмяркоўваць гэту тэму — пабудова ўжо ў такой стадыi, што сама гаворыць за сябе. Ужо ясна, што рашэньне было прынятае прынцыпова слушнае. Ёсьць усе падставы радавацца, гледзячы на гарманiчнае спалучэньне з раней узьведзенымi будынкамi, на ўзбагачэньне асяродзьдзя архiтэктурным дэкорам эпохi мадэрну, якi раней амаль цалкам зьнiк у Менску. Нарэшце, плошча Свабоды зноў выглядае як ансамбль. Напэўна, у «НН» радасьцi не адчулi — у №38 за 2006 г. надрукаваны адмыслова «павалены» здымак «Эўропы» ў ракурсе, што скажае выгляд. Здымак абсалютна не перадае прывабнасьцi будынка і яго спалучэньня з суседняй забудовай. Ну што ж, гэта праява высокага прафэсiяналiзму фотарэпартэра, мае яму вiншаваньнi!

Сказанае вышэй не азначае, што пабудова ня мае архiтэктурных заганаў, яны ёсьць. Тое, што цягам праектаваньня зьменшылi вышыню паверхаў, уцiснуўшы на адзiн больш у ранейшую вышыню будынка, сказiла і пагоршыла прапорцыi вокнаў — зьнiкла ранейшая вэртыкальная накiраванасьць. У вынiку фасады страцiлi адценьне парыскай шыкоўнасьцi і набылi крыху савецкасьцi. Зьверху будынак «прыцiснула» грувасткая мансарда (намнога вышэйшая, чым мансарда былой «Эўропы») са спрошчаным архiтэктурным афармленьнем, увянчаная банальным шкляным купалам сучаснага выгляду. Ня вельмi ўдалы і колер даху — занадта цёмны, бязь цёплага адценьня, характэрнага для дахаў гiстарычных. Дарэчы, бяз гэтага купалу, якi выглядае чужым у панараме Верхняга гораду, няцяжка было абысьцiся, замянiўшы яго на непрыкметныя зэнiтныя каптуры. Можна цешыць сябе тым, што ў далейшым мансарду можна перарабiць, надаць ёй больш тактоўны да атачэньня выгляд і пазбыцца купала.

Паркiнг‑падман

Мяне вельмi ўзрадавала, што «НН» у №35 (2006 г.) вярнулася да тэмы майго допiсу «Кампутарны мiраж і бэтонная рэчаiснасьць» у «НН» №44 (2005 г.) і нарэшце надрукавала частку ілюстрацый, што павiнны былi яго суправаджаць. Тэма хлусьнi ў кампутарных вiзуалiзацыях да праектаў — вельмi сур’ёзная. Трэба зьвяртаць на яе ўвагу зноў і зноў.

Аўтар нататкi «Паркiнг‑падман» слушна асуджае дэзынфармацыю, але чамусьцi называе падманны мантаж «прыгожым праектам». Дзiўна, што спадар СХ не заўважыў безгустоўнасьцi спалучэньня ўзноўленай найкаштоўнейшай гiстарычнай архiтэктуры з грубай імправiзацыяй «а‑ля даўнiна», ненатуральна паднятай над зямлёю. «Прыгожы праект», — пiша ён. Не карцiнка нават, а праект! Што ж прыгожага ў гэтым праекце, калі і пры меншай вышынi паркiнгу, такой, як на карцiнцы, дастаткова прайсьцi трохi блiжэй да Нямігі, і вежы касьцёлу зьнiклi б за навабудам! А выгляд паркiнгу ў забудове зь іншых ракурсаў? Што ў ім прыгожага?

Прыгожа было да зьяўленьня паркiнгу. Гэта добра вiдаць на трэцiм здымку да майго таго допiсу. Гэты здымак, на жаль, у друк ня трапiў, а цяпер мала хто добра памятае, як гэтае месца выглядала раней.

Вельмі многае з таго, што было апублiкавана у «НН», зьмяшчае цiкавую і карысную інфармацыю, справядлiвыя ацэнкi таго, што адбываецца з архiтэктурай і аховай помнiкаў у Беларусі, але прыведзеныя мною прыклады сьведчаць, што тэма адлюстроўваецца непасьлядоўна і недастаткова зразумела для непадрыхтаваных чытачоў, у форме, не разьлiчанай на пашырэньне кола зацiкаўленых гэтай тэмай.

Часта галоўным і адзiным аргумэнтам на карысьць каштоўнасьцi будынка аб’яўляецца ягоны даўнi век, іншы раз — дачыненьне да гiстарычных падзей і асоб, а сама па сабе архiтэктурна‑эстэтычная каштоўнасьць аб’екту і непаўторнага почырку мiнулай эпохi — прыкладу разуменьня прыгажосьцi нашымi продкамi — застаецца па‑за ўвагай. Пры такiм падыходзе далёка ня кожнаму чытачу зразумела, чаму заганна ўпрыгожыць, напрыклад, жыльлё гiстарычнай асобы сучасным прывабным матэрыялам цi зрабiць з фасадамi даваеннага гатэлю «Беларусь» тое, што зроблена.

Мне здаецца, што, каб прыцягнуць цiкавасьць шырэйшага кола людзей да тэматыкi, аб якой ідзе гаворка, трэба асьвятляць факты і падзеi з розных бакоў, ужываць прыклады і параўнаньнi. Пажадана таксама паведамляць імёны аўтараў праектаў і ўсiх, хто добра цi кепска паўплываў на лёс праектаў і пабудоў. Гэта палягчае ўспрыманьне інфармацыi, а чытаць пра безыменных праекціроўшчыкаў ды чыноўнiкаў нецiкава.

Разумею цяперашнiя цяжкасьцi Рэдакцыi. Таму прапаную праграму‑мiнiмум: паставiць надзейныя фiльтры для адсеву недакладнасьцяў, памылак і палiтызаванага асьвятленьня архiтэктурных пытаньняў.

Ад Рэдактара

Гэты важны ліст перагукаецца з унутрырэдакцыйнымі дыскусіямі на гэтую тэму, якія дагэтуль не выносіліся на старонкі газэты. Меркаваньне І.Байцова амаль цалкам супадае зь меркаваньнем Рэдакцыі. Спадзяёмся ў бліжэйшы час сабраць у Рэдакцыі круглы стол па праблеме падыходаў да аднаўленьня гістарычнага цэнтру сталіцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?