У Беларусі ў 2011 годзе будзе працягвацца правядзенне жорсткай бюджэтнай палітыкі. Пра гэта гаворыцца ў матрыцы рэформ, якія ўрад і Нацбанк паабяцалі рэалізаваць для атрымання крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС у памеры 3 млрд. долараў на працягу двух з паловай гадоў.

У дакуменце, тэкст якога мае БелаПАН, урад паведамляе аб прынятым рашэнні абмежаваць дэфіцыт бюджэту сектара дзяржкіравання да 1,5% да ВУП у гэтым годзе з далейшым скарачэннем да 1% да ВУП у 2013 годзе.

У галіне падатковай палітыкі ўрад рэалізоўвае меры бюджэтнай кансалідацыі даходаў. У прыватнасці, ён забяспечыць дадатковае забіранне даходаў сыравінных галін, павялічыўшы ў першым паўгоддзі 2011 года стаўкі экспартных пошлін на калійныя ўгнаенні (у 1,5 разу); у другім паўгоддзі 2011 года — стаўкі падатку на здабычу калійнай солі (у 12 разоў) і сырой нафты (у 30 разоў).

У сферы бюджэтнай палітыкі ўрад рэалізуе меры эканоміі расходаў. Запланавана, у прыватнасці, што ў 2012—2013 гадах удзельная вага зарплаты работнікаў бюджэтнай сферы ў агульным аб'ёме расходаў кансалідаванага бюджэту застанецца на ўзроўні 2011 года.

Прадугледжана таксама павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі і паслугі пасажырскага транспарту.

У прыватнасці, тарыфы на ЖКП для насельніцтва будуць паслядоўна павялічвацца да ўзроўню, які забяспечвае пакрыццё за кошт сродкаў насельніцтва не менш як 30% расходаў на іх аказанне ў 2011 годзе, 35% — у 2012 годзе, 40% — у 2013 годзе. Пры гэтым пакрыццё насельніцтвам расходаў па асобных відах жыллёва-камунальных паслуг, а таксама іх звышнарматыўнага спажывання будзе даведзена да ўзроўню іх сабекошту.

Тарыфы на паслугі пасажырскага транспарту (гарадскія і прыгарадныя пасажырскія перавозкі аўтамабільным, гарадскім электрычным, унутраным водным транспартам і метрапалітэнам) будуць паслядоўна павялічвацца да ўзроўню, які забяспечвае пакрыццё да канца 2011 года 70% расходаў на іх аказанне. У 2012 годзе ўзровень тарыфаў на паслугі транспарту павінен будзе пакрываць не менш як 85% расходаў на аказанне такіх паслуг, у 2013-м — не менш як 90%.

***

Першы транш крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС у памеры 800 млн. долараў ЗША паступіў у Беларусь 21 чэрвеня. Агульны аб'ём крэдыту складзе 3 млрд. долараў, паступленне сродкаў будзе ажыццяўляцца траншамі на працягу трох гадоў (2011—2013). Сума крэдыту сёлета складзе 1,24 млрд. долараў. Астатнія сродкі будуць выдзяляцца роўнымі траншамі двойчы на год на працягу 2012—2013 гадоў.

Другі і наступныя траншы, кожны ў 440 млн. долараў, будуць пералічвацца Беларусі з выкананнем ёй узгодненых мер праграмы стабілізацыі плацежнага балансу і павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі, распрацаванай урадам краіны.

Сродкі крэдыту павінны быць выкарыстаныя на папаўненне міжнародных рэзервовых актываў і фінансаванне дэфіцыту плацежнага балансу Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?