Вось і вёсцы Маяк жыхары хочуць у год сьвіньні вярнуць назву Дзюдзева. Ад дыялектнага дзюдзя – «сьвінчо».
У год Сьвіньні жыхары Слуцкага раёну хадайнічаюць аб перайменаваньні вёскі Маяк у спрадвечнае Дзюдзева. Ад дыялектнага дзюдзя – «сьвінчо».
Год таму сэсія мясцовага райсавету вярнула назву «Вынішчы» паселішчу васемнаццатага стагодзьдзя.
Дзюдзева, Кабыльчыцы, Навозчыцы, Хранава, Цыцкавічы – гэта колішнія назвы вёсак на Случчыне. Выдадзены ў Менску ў семідзесятыя гады «Кароткі тапанімічны слоўнік» прафэсара Вадзіма Жучкевіча ўдакладняе, што назва «Дзюдзева» паходзіць ад дыялектнага дзюдзя – «сьвінчо».
— Вой, праўда ж, – пацьвярджае Зінаіда Мяцельская, – сьвіней у нашай вёсцы заўжды было больш, чым людзей і сабак.
Бабуля Зіна цьвердзіць, што за «панскім часам» тут працавалі ажно сем ветракоў.
— Быў хлеб на стале, а мука – у карыце, – кажа яна.
У гутарцы з былым старшынёй мясцовага сельсавету Уладзімерам Косьцікам высьвятляем, што створаны пасьля 1939 году калгас ў вёсцы Дзюдзева таксама быў самы «сьвінскі» у раёне.
— На тутэйшай сьвінафэрме кармілі да дзьвюх тысяч галоў, – нагадвае суразмоўца. – Нашы людзі ордэны і мэдалі заваёўвалі, у Маскву на ВДНГ езьдзілі. Але як выклічуць каторага атрымаць узнагароду ды скажуць: «Вось гэта сьвінар з вёскі Дзюдзева!» – уся заля пасьміхаецца.
Праўда ці не, што партыйныя людзі не лічылі сьвіней за таварышаў, але ў 1973 годзе вёску перадавікоў Дзюдзева перайменавалі ў Маяк. Праз больш як тры дзесяцігодзьдзі ад былога калгасу «Маяк» – ні сьвятла, ні бліскавіцы. Гаспадарка збанкрутавала, сьвінафэрму зачынілі. Тое, што засталося – далучылі да СПК «Леткаўшчына».
Паводле сельсавецкага перапісу, на сёньня ў былой вёсцы Дзюдзева ўсяго 12 кароў і больш як 70 сьвіней. Дзюдзеўцы працягваюць упарта трымацца за дзюдзек.
Сябра Тапанімічнай камісіі НАН Беларусі Валянціна Лемцюгова тлумачыць, што ў Беларусі на сёньня 25 тысяч вёсак. Падлічана, што больш як трэцяя частка з іх былі перайменаваныя ў 1960‑1990 гады.
— Цяпер колькасьць вёсак няўхільна зьмяншаецца, але адначасова пашыраецца ініцыятыва вяртаньня назваў з народнай тапанімікі, — кажа Валянціна Лемцюгова.
Спэцыяліст называе некалькі дзесяткаў паселішчаў, якім вернуты гістарычныя назвы. У прыватнасьці, вёска Дзіўная Лужкоўскага сельсавету на Віцебшчыне набыла ранейшую назву Гарадзец.
Нядаўна жыхары вёскі Нёман Узьдзенскага раёну вярнулі ранейшую назву паселішчу – Магільнае. Менавіта так яно ўзгадваецца ў старажытных летапісах, дарэвалюцыйнай і савецкай навуковай літаратуры як месца бітвы ў ХІІІ стагодзьдзі беларуска‑літоўскіх войскаў з татара‑мангольскімі заваёўнікамі. Чужынцы былі разьбітыя.
Ну і 18 ліпеня 2006 году дэпутаты Пастаўскага райсавету аднагалосна прынялі рашэньне вярнуць вёсцы Новадруцк назву Парыж. Існуе дакладны гістарычны факт, што 18 ліпеня 1812 году Напалеон Банапарт параўнаў тутэйшы маёнтак з Парыжам. Апякуецца цяпер пастаўскім Парыжам сьвятар Мосарскага касьцёлу ксёндз Ёзас Булька:
— Каля лякарні будзем рабіць бульвары. Напісаў прэзыдэнту, ён аддае гандлёвы цэнтар, што развальваецца. Там будзе плябанія. Будзе заля для вывучэньня Катэхізу і будзе касьцёл.
У пастаўскім Парыжы на сёньня 375 жыхароў.
Каментары