Меркаванні4343

Працэс Канавалава-Кавалёва: суд, які зменіць грамадскую думку

Сяргей Дубавец аб працэсе па тэрактах.

У судзе над меркаванымі падрыўнікамі мэтро нічога ня ясна. Немагчыма верыць БТ — «ахраніцельнаму тэлебачаньню», якое, насуперак законам прафэсіі, асьвятляе падзеі толькі аднабакова. Немагчыма верыць суду, які асуджае нямога за крыкі «Жыве Беларусь!», а бязрукага за воплескі.
Немагчыма верыць уладзе, якая прывучыла нас нічога пра сябе ня ведаць. Немагчыма верыць і адвакатам, якім не далі толкам паразмаўляць з абвінавачанымі. Немагчыма верыць абвінавачаным, бо паказаньні выбіваюцца. Немагчыма верыць і незалежным камэнтатарам, бо адкуль яны могуць нешта ведаць, калі ўсё закрыта.

Словам, спробы згуляць у інфармацыйную гульню ў дзяржаве, якая жыве законамі прапаганды, а не інфармацыі, выглядаюць, як футбол у басэйне ці як заплыў на футбольным полі — як заўгодна, але ў кожным разе неадэкватна. Няма нічога, на што можна было б абаперціся і чаму можна было б адназначна паверыць.

У такіх выпадках даводзіцца асэнсоўваць рэчы ўскосныя. Напрыклад, факт, што

большасьць беларусаў — за сьмяротнае пакараньне. Пазыцыя эмацыйная, а не прадуманая, тым ня менш гэта факт. Факт і тое, што працэс над меркаванымі тэрарыстамі павінен закончыцца сьмяротным прысудам. Паміж гэтымі двума фактамі прабягае электрычны разрад.

Сытуацыя неабыякавая для ўсяго беларускага грамадзтва, а гэта значыць, што беларускае грамадзтва ўпершыню ў сваёй гісторыі змушанае засяродзіцца на тэме сьмяротнага пакараньня, як на нечым канкрэтным і датычным цябе асабіста. «Мы патрабуем перанесьці працэс да таго часу, калі будзе адмененая сьмяротная кара», — кажа ў судзе пацярпелая ад тэракту. «Мы за тое, каб караць сьмерцю, але толькі ў тым выпадку, калі на лаве падсудных — сапраўды тыя людзі», — пішацца ў дзясятках камэнтароў. Ня важныя тут ні суд, ні БТ, ні Лукашэнка — гэта, на жаль, рэаліі. Важна, што ў гэтым месцы мы самі ад прапаганды пераходзім да інфармацыі. Пачынаем па футбольным полі бегаць, а ў басэйне плаваць.

У адрозьненьне ад «ахраніцельнага» прапагандыста звычайны чалавек (і журналіст) ставіць сябе на месца суду і на месца таго, хто на лаве падсудных.

Звычайнаму чалавеку (і журналісту) відаць, што на лаве — ня трохгаловы дракон, не замацярэлы забойца і нават ня Брэйвік, хворы на ўсю галаву. Тут — «звычайныя пацаны, якіх тысячы», «нашто ім гэта было трэба?», і вось што істотна — «нічога дастаеўскага»…

А цяпер — на месца судзьдзі. Натуральна, усе гэтыя лепятаньні пра «дэстабілізацыю», «самарэалізацыю» ды іншыя газэтныя штампы сабе самому і ў галаву ня прыйдуць. У курылцы ў такіх выпадках кажуць проста «не залівай» або складана — «Аркадзій, друг, не гавары красіва». Адзінае, што тут магло б пераканаць — незалежная псыхіятрычная экспэртыза са станоўчым вынікам — вар’яты. Нічому іншаму людзі проста не павераць, колькі ні заклінай.

Няздатнасьць суперажываць чужому болю — гэта такая самая хвароба, як адсутнасьць ныркі ці вока — таксама органа, толькі ў псыхіцы.
І ўчыніць масавае забойства мірных людзей можа толькі вар’ят. Але гэта трэба даказаць. А паколькі ў прапагандзе задача нешта даказваць ня ставіцца (ставіцца задача прымусіць думаць так, а не інакш), ясна, што вынік гэтага суду перадвырашаны і ніякая грамадзкая думка яго ня зьменіць.

Але

суд зьменіць грамадзкую думку.
Бо ўявіце, колькі народу падумае: трэба караць сьмерцю, калі гэта яны. Сто тысяч? Мільён? А калі іх пакараюць, а перакананьне ў іх злачыннасьці так і ня зьявіцца (бо адкуль яму зьявіцца ў прапагандысцкім футбольным басэйне?), прыйдзе і наступная думка — пра рызыкоўнасьць сьмяротнага пакараньня як такога.
Гэта ж заўтра кожнага могуць так запакаваць, як гэтых «звычайных пацаноў», якіх тысячы.
Нарэшце, самы заўзяты эмацыйны прыхільнік сьмяротнае кары дойдзе да трэцяй у гэтым ланцужку думкі: лепш не рызыкаваць.

Каментары43

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Главное»: хто стаіць за найбольшай сеткай рэгіянальных тэлеграм-каналаў Беларусі. Яе сляды вядуць у Расію4

«Главное»: хто стаіць за найбольшай сеткай рэгіянальных тэлеграм-каналаў Беларусі. Яе сляды вядуць у Расію

Усе навіны →
Усе навіны

Колю Лукашэнку занеслі на дошку гонару БДУ15

У Мінску знайшлі на вуліцы незвычайнага павука1

Ілан Маск вырашыў адысці ад палітыкі і вярнуцца да сваіх праектаў у космасе2

Расія пачала сцягваць свае войскі да мяжы ў раёне Харкава3

Адмова ад макароны, бульбы і хлеба ўсяго два дні на тыдзень можа даць той жа эфект, што і інтэрвальнае галаданне5

На наступным тыдні беларусаў чакае камфортнае надвор'е

Кандыдат у прэзідэнты Польшчы падчас тэледэбатаў ужываў стымуляцыйнае рэчыва. Гэта выклікала вялікі рэзананс18

Іспанскія навукоўцы шукаюць людзей, гатовых чатыры гады штодня піць віно1

Стала вядома, што можа ўвайсці ў 18-ы еўрапейскі пакет санкцый супраць Расіі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Главное»: хто стаіць за найбольшай сеткай рэгіянальных тэлеграм-каналаў Беларусі. Яе сляды вядуць у Расію4

«Главное»: хто стаіць за найбольшай сеткай рэгіянальных тэлеграм-каналаў Беларусі. Яе сляды вядуць у Расію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць