Новы зборнік вершаў Рыгора Барадуліна пад назвай «Аніма» выйшаў у выдавецтве мінскага касцёла Святых Сымона і Алены (Чырвонага касцёла).

Складальнікамі кнігі выступілі ксёндз-пробашч касцёла, кандыдат гістарычных навук і магістр тэалогіі Уладзіслаў Завальнюк і Ала Сакалоўская, якая таксама з’яўляецца рэдактарам зборніка.

«Аніма» (на лаціне — душа) стала дзясятай кнігай вершаў Барадуліна, якую Чырвоны касцёл выдаў за апошнія шэсць гадоў.
З кнігай «Ксты», якую выдавецтва касцёла выпусціла першай, паэт быў вылучаны на Нобелеўскую прэмію па літаратуры ў 2006 годзе.

Сакалоўская зазначыла, што «Аніма» стала не толькі юбілейным, дзясятым, выданнем касцёла: «Сімвалічна тое, што кніга выйшла на 100-годдзе Чырвонага касцёла». Паводле яе словаў, кніга ўключае вершы са зборнікаў розных гадоў, аднак у ёй ёсць і значная шмат неапублікаванага, напісанага у 2010–2011 гадах.

«Аніма» — гэта тэматычны зборнік, падкрэсліла рэдактар, дадаўшы, што ў ім сабраныя кананічныя малітвы ў паэтычнай інтэрпрэтацыі аўтара,
біблейскія балады, псалмы, вершы-малітвы, а таксама вершы пра сэнс жыцця, пра вялікую любоў да бацькі, маці, роднай зямлі.

«У сваіх вершах

Барадулін кажа пра тое, што чалавек не можа жыць толькі зямным, свецкім, не паглыбляючыся ў сябе, у духоўнасць,
 — патлумачыла Сакалоўская. — Вонкавы свет — гэта абалонка, шалупіна, ён часовы. Веліч жа чалавека — у яго багатым унутраным свеце, таму што дух вечны. А Барадулін — высокадухоўны чалавек. Усё, пра што ён піша, мае душу».

Як кажа рэдактар зборніка, Барадулін — «самы беларускі сучасны паэт». «Ён касмічны, універсальны паэт з планетарным мысленнем. У маленькай кроплі ён бачыць акіян, а ў самым звычайным — космас. Кажуць, што сапраўдны паэт — гэта пасярэднік паміж Богам і людзьмі. Праз паэта Усявышні гаворыць з сусвету. Сапраўдны паэт не рыфмуе і не складае, ён піша, можна сказаць, пад дыктоўку Творцы, і Барадулін менавіта такі паэт», — падагульніла Сакалоўская.

Зборнік «Аніма» выйшаў накладам 500 асобнікаў і на сённяшні дзень прадаецца ў кніжным кіёску Чырвонага касцёла. Аднак рэдактар кнігі адзначыла, што ў хуткім часе гэты

зборнік з’явіцца ў «Акадэмкнізе»
(пр-т Незалежнасці, 72) і ў «Кніжным салоне» (вул. Калініна, 5).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?