Сабака чакае гаспадара ля крамы ў Брэсце, bymedia.by

Сабака чакае гаспадара ля крамы ў Брэсце, bymedia.by

Законапраект «Аб абыходжанні з жывёламі» ўжо прайшоў узгадненне ў дзяржаўных органаў. Мяркуецца, што адпаведны закон будзе прыняты налета. Парламент будзе разглядаць яго ўжо ўвесну. З чым сутыкнуцца гаспадары хатніх гадаванцаў, калі дакумент нарэшце ўступіць у сілу?

З жывёламі — толькі па-чалавечы

Адно з самых радыкальных новаўвядзенняў — крымінальная адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёламі. Яно закладзена ў заканадаўстве многіх краін, але, напрыклад, у суседняй Расіі за такое парушэнне могуць пасадзіць у турму, толькі калі злачынства ўчыніла група людзей. У нашай краіне можа з’явіцца адказнасць і для аднаго чалавека.

Лішні рот

Трэці сабака ў хаце стане лішнім і для гараджан, і для вяскоўцаў. Калі пільныя суседзі наскардзяцца на лішняга чатырохлапага сябра, давядзецца заплаціць да 175 тысяч рублёў і аддаць сабаку ў прытулак, дзе той будзе два тыдні чакаць новага гаспадара. З катамі паступяць менш строга. У горадзе — таксама не больш за два, але ў вёсцы — колькі заўгодна. Абмежаванні не датычацца хамякоў, чарапах, пацукоў і іншых прыручаных жывёл.

А вось сабак «патэнцыйна небяспечных пародаў» у гарадскіх кватэрах нельга будзе заводзіць увогуле. Спіс налічвае 40 пародаў. Такія сабакі дажывуць да сваёй смерці, але, каб мець патомства, мусяць пераехаць у прыватныя дамы.

Чыпіфікацыя ўсёй краіны

Распрацоўшчыкі законапраекта спадзяюцца, што нічыйных жывёл больш не будзе. Кожнаму гадаванцу пад скуру будзе ўведзены электронны чып, на якім будзе захаваная, апроч іншага, інфармацыя пра гаспадара, якая трапіць у міжнародную базу. Гэта небалючая для жывёлы працэдура каштуе каля $5 робіцца аднойчы ў жыцці.

Калі сабака ці кот згубяцца, гаспадар будзе хутка знойдзены і атрымае жывёлу назад. Варта памятаць, што на працягу сутак трэба заявіць пра згубленага гадаванца, іначай будзе лічыцца, што ён выкінуты на вуліцу. У такім выпадку гаспадар заплаціць штраф да 1,5 мільёна ці нават будзе арыштаваны.

Надакучыла жывёла — адвядзі яе на смерць?

Абаронцы правоў жывёлаў вітаюць стварэнне закона, але пратэстуюць супраць некаторых яго пунктаў. Напрыклад, гаспадары, якім надакучылі іх гадаванцы, атрымаюць права звяртацца ў ветэрынарную службу з просьбай… забіць жывёлу. У стварэнні праекту прымалі ўдзел прадстаўнікі службы адлову і знішчэння жывёлаў, таму абаронцы непакояцца, што некаторыя пункты закона будуць дапамагаць адлоўшчыкам беспакарана забіваць жывёлаў.

Напрыклад, калі ветэрынары высветляць, што злоўленыя сабака ці кот хварэюць на заразныя хваробы, іх не будуць лячыць, а адразу заб’юць. Калі ж яны няхворыя, іх мусяць стэрылізаваць за кошт арганізацыі і праз дзесяць дзён адпусціць на свабоду. Але ці не будзе для адлоўшчыў прасцей прыпісаць сабаку хваробу і знішчыць яго, сумняюцца валанцёры ГААЖ «Эгіда», якія на працягу года спрабавалі змяніць спрэчныя фармулёўкі законапраекта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?