Будаўніцтва АЭС у Беларусі плануецца пачаць у 2008 годзе. Першы блок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2013‑2014 гадах, другі — да 2015 года. Іх сумарная магутнасць складзе 1 тыс. МВт. Да 2025 года намечана пабудаваць яшчэ два блокі. Аб гэтым у інтэрв’ю карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Цімашпольскі.

Беларусь, паводле слоў субяседніка, засталася практычна адзінай у цэнтры Еўропы краінай, якая не мае атамнай электрастанцыі. Разам з тым, атамная энергетыка цяпер актыўна развіваецца ў многіх краінах, таму што пакуль не мае альтэрнатывы.

Уладзімір Цімашпольскі расказаў, што цяпер у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі фарміруецца навуковая база для рэалізацыі праекта будаўніцтва АЭС. Для гэтага выконваецца шэраг праграм: Дзяржаўная навукова‑тэхнічная праграма «Ядзерна‑фізічныя тэхналогіі для народнай гаспадаркі Беларусі» на 2006‑2010 гады, Дзяржаўная комплексная мэтавая навукова‑тэхнічная праграма «Энергетыка» на 2006‑2010 гады, навуковае суправаджэнне якой ажыццяўляецца ў рамках праграм «Энергетыка‑2010», «Рэсурсазберажэнне‑2010», «Энергабяспека», «Цеплавыя працэсы», «Вадарод». Таксама вучоныя і спецыялісты знаёмяцца з вопытам дзяржаў, якія лідзіруюць у развіцці атамнай энергетыкі, што закладзена ў нормах МАГАТЭ для краін, якія маюць намер будаваць уласную АЭС.

У 2007 годзе Беларусь павінна завяршыць тэарэтычныя пошукі і выбраць стратэгічнага партнёра для рэалізацыі праекта, пачаць перагаворы з пастаўшчыком тэхналогій і абсталявання, адзначыў вучоны. А да моманту ўводу АЭС у эксплуатацыю неабходна прапрацаваць увесь спектр пытанняў, звязаных з АЭС — ад падрыхтоўкі спецыялістаў да утылізацыі адпрацаванага ядзернага паліва.

Найбольш магчымымі партнёрамі субяседнік назваў Расію і Францыю. «Сёння практычна няма выбару — на рынку атамнай энергетыкі свае паслугі акрамя гэтых дзяржаў прадастаўляюць толькі Германія, Японія і ЗША», — канстатаваў ён. Расія асабліва актыўна працуе ў гэтым напрамку: яе спецыялісты задзейнічаны ў будаўніцтве АЭС у Індыі, Кітаі, Балгарыі, Казахстане, а французская кампанія Areva з’яўляецца манапалістам на рынку Заходняй Еўропы. Што датычыцца кошту прапанаваных рознымі краінамі праектаў АЭС і тэхналогій, то яны трымаюцца практычна на адным узроўні, сказаў Уладзімір Цімашпольскі. «Цепла‑ і электраэнергетыка — дарагія выгоды, але без іх дзяржава становіцца бездапаможнай і не мае будучага. Зыходзячы з гэтага нам трэба пабудаваць сваю эканоміку і энергетыку так, каб яны мелі мінімальную залежнасць ад знешніх пастаўшчыкоў энергарэсурсаў», — рэзюмаваў намеснік старшыні Прэзідыума НАН.‑0

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?