Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі паведаміў журналістам, што асабіста загадаў свайму намесніку заняцца справай затрымання Міхалевіча на варшаўскім лётнішчы, паведамляе радыё "Свабода".

На мой загад на лётнішча асабіста накіраваўся віцэ-міністр замежных справаў спадар Станоўскі. Пасьля нашага ўмяшальніцтва пракуратура прыняла рашэньне адпусціць спадара Міхалевіча».

Паводле былога кандыдата на пасаду прэзідэнта, МЗС Польшчы за свае сродкі набыў яму білет да Лёндану, бо праз затрыманне Міхалевіч спазніўся на папярэдні самалёт.

Між тым сёння ж у МЗС Польшчы міністар Радаслаў Сікорскі ўручыў першую ўзнагароду «Pro Dignitate Humana» Алесю Бяляцкаму за «выбітны ўдзел і непахісную пазіцыю ў справе абароны правоў чалавека ды чалавечых каштоўнасцяў».

За спадара Бяляцкага ўзнагароду атрымала ягоная жонка Наталля Пінчук.

* * *

Акруговы пракурор прыняў рашэнне пра неадкладнае вызваленне Міхалевіча, паведамляе польскае радыё rmf24.pl.

* * *

«Шукаюць генеральнага пракурора, каб ён прыняў рашэнне аб маім арышце», — паведаміў «НН» Алесь Міхалевіч. Цяпер да палітыка ў аэрапорце прыехаў намеснік міністра замежных справаў Польшчы Кшыштаф Станоўскі, які спрабуе неяк дапамагчы.

«Я праходжу па спісах Інтэрпола», — кажа Алесь.

* * *

У выпадку арышту, у турме Міхалевіча могуць пратрымаць да 45 дзён.

«Сёння я іду на ўручэнне прэміі Бяляцкаму ў МЗС Польшчы, буду там гаварыць пра сітуацыю з Алесем», — кажа Зарамбюк.

* * *

Прыкладна а 15-й гадзіне па мінскім часе ў варшаўскім аэрапорце імя Шапэна быў затрыманы экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч.

Палітык накіроўваўся ў Лондан, на рэйс ужо спазніўся. Затрыманне рабілі польскія памежнікі па патрабаванні галоўнага каменданта пракуратуры.

«Хутчэй за ўсё, гэта па той самай двухбаковай дамове, па якой выдавалі рахункі Алеся Бяляцкага, — кажа Міхалевіч. — Калі іх першы выпадак нічому не навучыў, то што ж тут зробіш».
Міхалевіч прагназуе, што сёння яго сапраўды могуць арыштаваць. «Пасля Амерыканкі і Валадаркі [турмы ў Мінску] польская турма не выглядае такой ужо страшнай. Мяне ўжо хацелі пасадзіць у камеру, але я настаяў на тым, што яшчэ афіцыйна не арыштаваны, а толькі затрыманы».

Алесь Міхалевіч быў кандыдатам у прэзідэнты на выбарах у Беларусі. Арыштаваны 19 снежня. На волю выйшаў у лютым пасля таго, як падпісаў дамову аб супрацоўніцтве з КДБ. Зрабіў заяву аб катаваннях у Амерыканцы і прызнаўся ў вярбоўцы. Пасля гэтага быў вымушаны з’ехаць у краіне. Атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?