Калісьці яе разглядалі як брэнд для ўязнога турызму, але госці з Еўропы і Расіі прыязджаюць у гэты куток Палесся ў прыватным парадку, а ў раёне ламаюць галаву над тым, як зрабіць Кудрычы цэнтрам аграэкатурызму, не звязваючыся з мільённымі ўкладаннямі.

Запланаванае будаўніцтва адпаведнай базы ў гэтых месцах застаецца праектам.

Яшчэ некалькі гадоў таму ў вёсачцы, размешчанай у запаведнай зоне Палесся на тэрыторыі прыроднага рэзервата «Сярэдняя Прыпяць» у міжрэччы Прыпяці і Ясельды, было ўсё, што прыцягвае любога турыста. Самабытныя чаротавыя дахі, кастры мудрагелістых формаў, старыя платы, лодкі… Справа ў тым, што аж да сярэдзіны 90-х Кудрычы былі адрэзаныя ад вонкавага свету вадой. Дабрацца да суседніх вёсак, не кажучы ўжо пра райцэнтры, можна было толькі на лодцы. Ды і само паселішча стаіць на некалькіх астраўках, так што ў вясновае разводдзе без лодкі не выйдзеш нават з тэрыторыі ўласнага падворка.

Трэба сказаць, у Еўропе, дзе цывілізацыя даўным-даўно знішчыла такія аўтэнтычныя вёскі, для прыцягнення турыстаў ствараюць месцы, дзе людзі жывуць і працуюць «экспанатамі». Нядзіўна, што ў Кудрычы замежнікі з Польшчы, Літвы, Эстоніі, Германіі, Швецыі, Нідэрландаў, Францыі і многіх іншых краін здзяйсняюць паломніцтва.

— Неяк увесну былі ў нас госці з цэнтральнай Польшчы, — кажа намеснік старшыні Пінскага райвыканкама Іван Багатка. — Мы пасадзілі іх на цеплаход, пракацілі па нашых месцах, паказалі прыроду, сёлы ў глыбінцы…

Яны прыйшлі ў захапленне, кажуць, нам бы такое! Але захапленне захапленнем, а ўсе просяць, каб разам з гэтым быў камфорт. На жаль, з апошнім праблемы…

Пра тое, што Кудрычы можна выкарыстоўваць як брэнд для ўязнога турызму, на кабінетным узроўні казалі даўно: і ў раёне, і ў вобласці, і ў сталіцы. Летась паведамлялася, што выканкам вырашыў вылучыць участак у 2 гектары для будаўніцтва турыстычнага комплексу ў вёсцы Качанавічы, што зусім побач з Кудрычамі. Па плане там мусіў быць гатэль на 17 пакояў. А ў вёскі Плошчава была вызначаная тэрыторыя ў 2,5 га для аграэкатурыстычнай базы Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта…

— На жаль, праграма развіцця прыпяцкага Палесся карэктавалася, і неаднойчы, — працягвае Іван Багатка. — Так, мы планавалі там ад нашага Палескага ўніверсітэта стварыць лабараторыю прыкладнога парадку, каб на справе паказаць, як у аддаленых месцах на ўлонні прыроды чалавек можа адчуваць сябе камфортна. Але праграму прытармазілі. Можа, яна некалі і адновіцца. Экспарт турыстычных паслуг мы выконваем, але іншымі ўстановамі: санаторый, дзіцячы аздараўленчы цэнтр. Прыбытак у год — больш за 120 тысяч даляраў. У асноўным прыбытак прыносяць расійцы. Кудрычы — цяпер база для экатурызму. Гасцей возяць на экскурсіі. Вядома, пастаянная база ў тым раёне прыносіла б вялікі прыбытак, але каб там на месцы нешта зрабіць, трэба ўкласці немалыя сродкі.

Няма гатэля, рэстаранаў і крамаў — няма развіцця турызму. Прапісная ісціна, якую наглядна дэманструюць Кудрычы.

Адзінокія турысты прыязджаюць у вёску альбо на некалькі гадзін, альбо ставяць непадалёк палаткі. Грошай на гэтым не зарабіць.
У выканкаме бачаць адзіны выхад — прыток прыватнага бізнэсу, але ініцыятывы знізу пакуль няма. Сёлета на Піншчыне адкрыліся тры новыя аграсядзібы, такім чынам усяго ў гэтым раёне іх стала 20. Але збольшага, па словах Івана Багаткі, большасць аграсядзіб размешчаная бліжэй да горада — да гатовай інфраструктуры і асфальтавых пад’ездаў.

— У нас толькі прыгарад квітнее, — наракае Іван Багатка, — а ўсё, што за 20 і больш кіламетраў ад райцэнтра, наадварот, згасае. Палесся робіцца ўсё менш і менш… Вось у тым раёне ў нас ёсць адна аграсядзіба. Яе гаспадару мы пайшлі насустрач, дапамаглі праз Аграбанк аформіць крэдыт. Але такіх энтузіястаў адзінкі…

На жаль, нават да дэвальвацыі энтузіязму ў гаспадароў аграсядзіб было няшмат. Пал прадпрымальнікаў астуджаў рост цэнаў на будаўнічыя матэрыялы і жорсткія патрабаванні захавання бясконцых нарматыўных актаў з боку розных дзяржведамстваў.

На жаль, пакуль у раёне ламаюць галаву над тым, як выратаваць Кудрычы, зрабіўшы іх цэнтрам аграэкатурызму, не звязваючыся з мільённымі ўкладаннямі, ёсць вялікая імавернасць, што ратаваць хутка не будзе чаго. Калі ў 2005 годзе тут пражывала каля 30 чалавек, сёння там ледзь знойдзецца 15. Аўтэнтычнасць памірае разам з мясцовымі старымі, а той самабытнай вёскі практычна няма. Смутак ахоплівае адразу на ўездзе ў вёску. Чаротавых дахаў ужо не ўбачыць — большасць змянілі на шыфер. Асірацелыя хаты развальваюцца.

Адзінокія мясцовыя жыхары ахвотна ўступаюць у гутарку. Пажылая жанчына, што завіхалася ў двары, разводзіць рукамі:

— Буслоў у нас сёлета шмат, але глядзець на іх няма каму.

— А што ўлады, дапамагаюць захаваць вёску?

— Ды дзе там! Адзін час ездзілі, фатаграфавалі, ды і толькі. Забаранілі хмызняк высякаць. Кажуць, запаведная зона. Вось і ўся ўвага.

— А дзе ж вашы знакамітыя чаротавыя дахі?

— Раней усе дахі былі чаротавыя, засталося, здаецца, чатыры. Але і тыя не сёння, дык заўтра разваляцца. Каму гэтыя дахі патрэбныя? Іх даглядаць трэба, а даглядаць няма каму. Не тое што за дахамі — за хатамі… Вось, бачыш вуліцу — тут раней было 19 дамоў. Цяпер чатыры, а жылы — адзін.

Магчыма, калі б Кудрычы былі тым самым турыстычным цэнтрам тут закіпела б жыццё: высокааплатныя працоўныя месцы, транспарт, медабслугоўванне, адукацыя, забавы… Але пра гэта сёння можна толькі марыць.

— Самае галоўнае: як зрабіць, каб народ там затрымліваўся, — працягвае Іван Багатка. — Асабліва выхадцы з мясцовых. Я быў ва Украіне, дык вось там у сельскіх раёнах на Палессі колькасць жыхароў не памяншаецца. Ды і ў нашых суседзяў на Захадзе вёскі не такая заняпалыя. У нас, на жаль, гіне.

Дарогу ў Кудрычы праклалі толькі ў канцы мінулага стагоддзя. Да гэтага яна стагоддзямі жыла самабытным жыццём. І, шчыра кажучы, здаецца, лепш бы і не было той дарогі. Раз захаваць мінулае ў нас не атрымліваецца, хоць бы будзем яго кансерваваць. Пакуль не народзяцца разумнейшыя нашчадкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?