У дэканаце Яўгену Скрабутану паведамілі, што ён больш ня вучыцца ва ўнівэрсытэце. Гэта здарылася пасьля таго, як Мастоўскі суд пакараў яго штрафам — 290 тысяч рублёў — за знойдзеную ў яго торбу з каляндарыкамі са здымкам Аляксандра Мілінкевіча і словамі «Люблю Беларусь». Студэнт зьяўляўся сябрам ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча.

У дэканаце Яўгену Скрабутану патлумачылі, што, паводле загаду, ён дапусьціў парушэньне другі раз за час навучаньня. Першы раз яго выключылі ў 2004 годзе за надпіс «Спыніць русіфікацыю» на ўнівэрсытэцкім муры. Справа набыла розгалас, і дзякуючы дружнаму заступніцтву студэнтаў і выкладчыкаў яму тады ўдалося аднавіцца.

Гэты раз яго выключылі на другі дзень пасьля суду, прычым завочна. У дэканаце толькі паказалі электронны варыянт выпіскі з загаду пра выключэньне.

Да таго міліцыянты затрымлівалі студэнта Я.Скрабутана за распаўсюд улётак з пратэстам супраць выключэньня студэнтаў па палітычных матывах. Справа стаяла гэтак. Ва ўнівэрсытэце адбывалася канфэрэнцыя, прысьвечаная студэнцкаму самакіраваньню. Студэнт Я.Скрабутан таксама прысутнічаў на ёй. Ахову ў памяшканьні ажыцьцяўлялі студэнты старэйшых курсаў. Паводле Яўгена, адзін зь іх падышоў да яго падчас мерапрыемства і сфатаграфаваў проста ў твар, а потым перадаў здымак міліцыянтам. Канфэрэнцыя закончылася, і калі Я.Скрабутан выходзіў з залі, яго чакалі міліцыянты і хлопцы з унівэрсытэцкай аховы, якія сьцьвярджалі, што ён распаўсюджваў улёткі. Яўгена забралі ў Ленінскі РУУС, дзе пратрымалі гадзіны дзьве.

У тых улётках пісалася, што з унівэрсытэту выганяюць студэнтаў за грамадзкую дзейнасьць. Прыводзіўся сьпіс, у якім сярод выключаных быў і Скрабутан.

Герой нашага часу, на твар падобны да Тома Круза, пасьля першага выключэньня катэгарычна адмовіўся эміграваць з краіны, хоць яму прапаноўвалі месца ў адным з польскіх унівэрсытэтаў. Як і адзін з герояў Круза, Яўген адмаўляецца верыць у невыканальнасьць сваёй місіі.

Яўген — з Зэльвы. Ён зямляк Ларысы Геніюш — паэткі, што памерла ў 1984-м, так і не прыняўшы савецкага грамадзянства, нават пасьля васьмі гадоў канцлягеру.

27 лютага Я.Скрабутан падаў скаргу ў пракуратуру на дзеяньні Мастоўскага суду, адміністрацыйнай камісіі Кастрычніцкага раёну Горадні і дэканату свайго ўнівэрсытэту. «Няможна пакараць за адно і тое ж тройчы», — кажа Яўген. Ён ня мае спадзеваў аднавіцца на факультэце, але не зьбіраецца папускаць сваім ганіцелям. І, тым болей, эміграваць. Аднакурсьнікі і некаторыя выкладчыкі маральна падтрымліваюць хлопца: «Не баяцца нават рукі падаваць». Аднак дапамога гэтая толькі на словах, без актыўных дзеяньняў. А Яўген лічыць, што за кожнага пакаранага сыстэмай трэба ўставаць гуртам. Толькі так будуць шанцы выстаяць.

Да беларушчыны Яўген прыйшоў вельмі рана. Завучаны ў 4 гады разам зь дзедам Багуславам вершык «Ехаў дзедка на кірмаш» стаў адпраўным пунктам. «Я рана навучыўся чытаць і шмат чытаў па-беларуску». Яўгену 19 год. Бацька Яўгена — юрыст, мама — тэхноляг. Беларускамоўны асяродак Зэльвы вызначыў ягоны выбар прафэсіі — беларуская філялёгія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?