Меркаванні1616

Чорная дзіра

Сяргей Ваганаў піша пра рэканструкцыю Купалаўскага тэатра.

Тыдні два таму на адной вечарыне да мяне падсела незнаёмая сталага веку жанчына і паказала здымак: «Пазнаяце?» На здымку, ужо кранутым жаўцізной часу, ляжаў на шырокай канапе, падпіраючы галаву, нейкі стары чалавек у таўстых акулярах… «Так, — не чакаючы адказу, прамовіла жанчына, — гэта Саша Ахраменка… Яго ўжо няма…»

Нешта цісканула ў сэрцы і захаладзела пад дыхавіцай — толькі ўчора я бачыў яго, углядаючыся ў чорную бездань былой купалаўскай сцэны…

Я падышоў да тэатра незнарок, спрабуючы наўскос, праз Аляксандраўскі сквер, скараціць дарогу да метро. Але натыкнуўся на там-сям падраную агароджу, абапал якой былі раскіданыя па брудным снезе будаўнічае смецце і рэшткі дрэў — непазбежных, як заўсёды сцвярджаюць будаўнікі, ахвяр рэканструкцыі.

Я, безумоўна, ведаў пра рэканструкцыю Купалаўскага тэатра, неаднойчы ўглядаўся ў яе намаляваны на тканіне фасадны твар. Але ўпершыню ўбачыў яе з чорнага ўваходу.

Уваходу, аднак, не было. Замест яго зеўрала агромністая чорная дзіра, уцягвачы позірк у нейкую неабсяжную касмічную далячынь. Нават рэдкія лямпачкі на нябачнай столі зіхацелі, нібы зоркі…

Тут я і пабачыў Сашку. Мы не бачыліся амаль 60 гадоў.

Вось ён кліча мяне да чорнага ўваходу, дзе сустракае нас ягоны бацька, скрыпач з тэатральнага аркестра, і цішком, бо спектакль ужо пачаўся, вядзе ва ўрадавую ложу, адкуль з заміраннем сэрца сочым, як каварства забівае любоў… У антракце мы, тузаючы адзін аднаго, бяжым вузкім калідорчыкам ва ўборную Фердынанда, хіхіхаючы над назвай таямнічага памяшкання. Фердынанд, ён жа знакаміты ў хуткай будучыні Барыс Кудраўцаў, зняўшы шпагу, частуе нас шакаладам, налівае з графіна ў гранёную шклянку нейкую вадкасць, выпівае, падносячы да носа рукаў вышытага срэбрам камзола…

…Я ўглядаўся ў чорную дзіру, і адтуль з’явілася раптам Стэфанія: «Ну што, дадому?»

Па праве чалавека, адоранага не тэатральным, а простым чалавечым сяброўствам, я часцяком падвозіў Станюту пасля спектакляў, асабліва на сыходзе дзявятага дзясятка яе гадоў. Мы доўга жылі з ёй у адным доме, на адным паверсе, дзверы ў дзверы. Потым яна перабралася ў іншы дом, паверх апусцеў…

Апусцеў паверх, думаў я, калі яна сышла на зломе стагоддзяў у іншы свет. Паверх, на якім яна жыла побач з намі і які называўся ХХ стагоддзем. Так, мы перабяромся, ускараскаемся на новы. Але ці ўздымемся? Ці засвоім вышыню Духа, якую паказалі нам — не, не сведкі — творцы Стагоддзя?..

…Я ўглядаўся ў чорную дзіру, яшчэ не ведаючы,

што праз дзень-два нейкія зверападобныя страшыдлы з надпісам Hitachi на даўжэзнай жоўтай шыі канчаткова зруйнуюць старыя сцены.

…Я ўглядаўся ў чорную дзіру, яшчэ дрэнна разумеючы, да чаго падобная гэтая «рэканструкцыя» з чорнага ўваходу. І толькі ўвечары, гледзячы, як сакураўскі Фаўст у пошуках душы дастае вантробы з анатаміраванага трупа, я зразумеў гэтае вар’яцкае падабенства…

Але душу «рэканструктары» не шукаюць. Выкідаюць яе разам з вантробамі…

Сёння яны гавораць пра немагчымасць захаваць старыя сцены, нешта лапочуць пра сучасную «сцэнічную каробку» і зручныя падлакотнікі для гледачоў.

Так, ён паўстане праз нейкі час, новы тэатр для новых мінчукоў. Але душы ў ім не будзе. А калі і будзе, то невядома якая. Толькі не тая, якая жыве спрадвек.

Бо душа жыве разам са старымі сценамі.

Разам з памяццю жыве і захоўваецца душа.

…Я паехаў да Сашкавай жонкі, мы доўга размаўлялі, кожны са сваімі пытаннямі і ўспамінамі. З прыхаваным гонарам і нейкай пяшчотай яна расказвала, якім ён быў выдатным музыкам, як граў і ствараў бліскучыя джазавыя кампазіцыі ў знакамітым аркестры Барыса Райскага…

«Ён усё жыццё згадваў вас, усё пытаўся сам у сябе, як вы там…»

Ну вось, падумаў я, яшчэ адна чорная дзіра. Памерам з жыццё.

…У астрафізіцы чорная дзіра — гэта такое ўтварэнне, у якім касмічная гравітацыя дзейнічае з такой звышмоцай, што святло, якім там зіхацяць зоркі, нават са сваёй неверагоднай хуткасцю не можа пераадолець яе. Таму яны і нябачныя нам.

Але яны ёсць.

Глядзець таксама:

Рукі дзеда

Вось вам і байкот, або Самагубства прывіда

Вера і праўда

Цёмныя вокны

Каментары16

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Трое дарослых загінулі, пяцёра дзяцей у бальніцы — страшная аварыя на Гродзеншчыне

Трое дарослых загінулі, пяцёра дзяцей у бальніцы — страшная аварыя на Гродзеншчыне

Усе навіны →
Усе навіны

На Камянеччыне вырасцілі кукурузу вышынёй у два чалавечыя росты ФОТАФАКТ

Стала вядома, калі ў Мінску перастане смярдзець4

Канцэрт Макса Каржа пачаўся з затрымкай на дзве гадзіны. «Беларусь топ!» — крычаць і ён, і фанаты12

Лінгвістка і былая палітзняволеная Наталля Дуліна распавяла, як праходзіць яе адаптацыя пасля вызвалення3

Еўропа падтрымала адмову Украіны здаваць свае тэрыторыі Пуціну без ягоных саступак3

Полк Каліноўскага больш не бярэ ўдзелу ў штурмах. Чаму так?14

У Варшаве канцэрт Каржа пачынаецца са спазненнем ФОТЫ10

У Маладзечне на паркоўцы кіроўца «Лексуса» пераблытаў педалі і насмерць збіў жанчыну ВІДЭА2

«Прыйдзе час — лёд зноў трэсне, і нешта зноў будзе»5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трое дарослых загінулі, пяцёра дзяцей у бальніцы — страшная аварыя на Гродзеншчыне

Трое дарослых загінулі, пяцёра дзяцей у бальніцы — страшная аварыя на Гродзеншчыне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць