Машэнскія — адна з самых вядомых бізнэс-­дынастый у Беларусі.
Да славы Ротшыльдаў і Ракфелераў ім далёка, хоць абарот іх «Санта-Брэмара» і «Савушкавага прадукту» неўзабаве можа падысці да $1 мільярда за год. Іх паспяховасць пакуль лакальная.
Імем заснавальніка імперыі, Міхаіла Машэнскага, названая вуліца ў Брэсце, што нібыта з’яўляецца адзіным выпадкам ушанавання памяці прыватніка на тэрыторыі СНД.
А вось сын, Аляксандр Машэнскі, лічыцца трэцім па ўплывовасці бізнэсоўцам у краіне. І не хавае амбіцый.

Тры пакаленні Машэнскіх

Гісторыя сям’і ў Беларусі пачынаецца з постаці Леаніда Ісакавіча Машэнскага.
Яго, франтавіка, узнагароджанага, сярод іншага, ордэнам Леніна, пасля вайны разам з сям’ёй накіравалі на працу ў Брэст. Тут ён стаў намеснікам дырэктара драматычнага тэатра, а пасля дырэктарам археалагічнага музея.
Ягоны сын, заснавальнік «Санта-Брэмара» Міхаіл, нарадзіўся ў 1947 у невялікай вёсцы Буравеснік на Курыльскіх астравах.
Можа, менавіта гэтым тлумачыцца яго схільнасць да рыбы? Тым не менш,
ён вырашыў звязаць жыццё з чыгункай, атрымаў у Брэсце адукацыю інжынера­электрыка і ўладкаваўся ў канструктарскае бюро на мясцовы электрамеханічны завод.
Там Машэнскі-сярэдні адпрацаваў ажно 22 гады, да развалу СССР. Дарэчы, яго сястра Мая жыве ў Ізраілі.
Калі Беларусь здабывала незалежнасць, Аляксандр Машэнскі, прадстаўнік трэцяга пакалення, якраз сканчаў вучобу ў Мінску, на механіка-матэматычным факультэце БДУ.
Але пайсці па слядах бацькі і прысвяціць усё жыццё аднаму прадпрыемству ён не рашыўся. Быў пачатак 1990-х — час, калі можна было рызыкнуць і атрымаць вялікі куш.

Няўдалы вопыт крэветак і поспех селядца

Прадаўшы брэсцкую кватэру, 45-гадовы бацька і 22-гадовы сын у 1992 стварылі кампанію «Ніла», якая ва ўмовах дэфіцыту занялася імпартам замарожанай рыбы і прадуктаў мора з Еўропы.
Неўзабаве быў знойдзены замежны інвестар, галандская кампанія L.Kok Seafood.
Разам з галандцамі Міхаіл Машэнскі заснаваў «Санта Імпэкс Брэст», якое занялося перапрацоўкай крэветак,
вельмі няўдзячнай і шкоднай для рук работнікаў працай. Морапрадукты завозіліся ў Брэст, ачышчаліся ад панцыраў і адпраўляліся на продаж у Еўропу. Прыбытковая бізнэс­-ідэя праіснавала нядоўга. Галандцы зразумелі, што працоўная сіла ва Украіне нават таннейшая за беларускую, таму перанеслі вытворчасць.

Тады ўся ўвага Машэнскага пераключылася на селядзец. Ён пачаў прадаваць гатовае да ўжывання філе пад брэндам «Маціяс».

Малодшае пакаленне ўжо не памятае, што ў савецкі час селядзец найчасцей прадавалі цэлым, і жанчыны самі яго чысцілі і запраўлялі.
Гэта займала часу. Машэнскія перанеслі ў Беларусь заходнюю тэхналогію ачысткі селядца, перапрацоўкі ў філе і продажу ў герметычнай упакоўцы.
Для таго каб пашырыць вытворчасць, былі патрэбныя грошы. Бізнэсовец назбіраў $750 тысяч сваіх грошай, столькі ж далі нямецкія партнёры і яшчэ $4,5 мільёна даў у крэдыт Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця.
Еўрапейцы ўкладалі грошы ў станаўленне прыватнага беларускага бізнэсу.

Супольнае прадпрыемства было заснавана на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны «Брэст» у 1998 годзе і атрымала назву «Санта Брэмар».

«Гэта была такая святая ў Галандыі, якая чакала маракоў, калі яны вярталіся з уловам»,
— расказваў пра значэнне назвы Машэнскі-малодшы. Дарэчы, сям’я ўзяла сабе 51% акцый, рэшта засталася ў немцаў.

Самастойнае плаванне

У самым канцы тысячагоддзя лёс разбіў сямейны дуэт бацькі і сына.

За грошы здароўя не купіш. Міхаіл Машэнскі ў 2000-м перанёс два інфаркты і памёр.
У Брэсце засталася па ім добрая памяць.
Аляксандр стаў адзіным уладальнікам бізнэсу. І 30-гадовы новы бос здолеў не толькі ўтрымаць справу ў сваіх руках, а і развіць.

Ён вырашыў рухацца курсам, які пачаў бацька. Вытворчасць разрасталася, застаючыся толькі рыбнай.

З гэтым часам звязаная гісторыя ікры мойвы, якая з гонарам расказваецца супрацоўнікамі «Санта-Брэмара».
Гэты спецыфічны ісландскі прадукт не карыстаўся асаблівым попытам у свеце — яго куплялі толькі японцы, бо верылі ў яе ўплыў на мужчынскую патэнцыю.
Машэнскі ж прыдумаў выпускаць яе ў якасці бутэрброднай пасты і адразу захапіў гэты рынак і ў Беларусі, і ў Расіі, і ва Украіне. За такія заслугі перад ісландскай эканомікай яго прызначылі ганаровым консулам гэтай краіны ў Беларусі.
Апісваць рыбныя поспехі Машэнскага можна доўга, але дастаткова пералічыць некаторыя брэнды яго бізнэс­імперыі, каб зразумець яе ўсёабдымнасць. Марожанае «Юкі» («Топ», «Салета»), пельмені «Бабуля Аня», варэнікі «Энікі-Бэнікі»…
І гэта апроч салатаў, марской капусты, пітной вады і безлічы рыбных прадуктаў. Агульны абарот кампаніі ацэньваецца прыблізна ў $300—350 мільёнаў.

Малочны бераг

Сваю другую палову бізнэс­-імперыі, малочную, Машэнскі здабыў у 2006 годзе, калі купіў 75% ААТ «Савушкаў прадукт».
Астатнія акцыі размеркаваныя паміж дзяржавай, 55 калгасамі-пастаўшчыкамі і мноствам юрыдычных і фізічных асобаў.
«Савушкаў прадукт» — гэта былы Брэсцкі малочны камбінат, прыватызаваны ў 1994 годзе.
Ягоны дырэктар, 58-гадовы Аляксандр Саўчыц, працуе на прадпрыемстве з дня яго заснавання — з 1976. Цікава, што вышэйшая адукацыя ў яго — педагагічная завочная. Так ці інакш, але
на чале з Саўчыцам, які знаходзіцца ў рэйтынгу паспяховасці беларускіх бізнэсоўцаў на 89-м месцы, малаказавод стаў найбуйнейшым вытворцам малочнай прадукцыі ў краіне.
Ягоныя асноўныя брэнды — малочныя «Брэст-Літоўскі», «Монцік», «Ласкавае лета», а таксама сокі «Сапраўдны» ды «іФрукт».

З прыходам Машэнскага, які ўжо меў «рыбныя» сувязі з Расіяй, «Савушкаў прадукт» пачаў імкліва павялічваць сваю долю на расійскім рынку.

Экспартная перавага

Малочная прамысловасць у Беларусі стала прыбытковай літаральна год таму.
Яшчэ пазалетась у спісе самых стратных акцыянерных таварыстваў былі спрэс малаказаводы. Пасля дэвальвацыі закупныя цэны трохі выраслі, але праз розніцу цэнаў у Беларусі і суседніх краінах «малочнікі» атрымалі выдатную магчымасць для прыбытку.
У 2010 было экспартавана 550 тысяч тон малака, масла, тварага і сыроў — гэта 5% ад сусветнага рынку.
Але спажывец беларускай прадукцыі фактычна адзін — 90% экспартаванага тавару адпраўляецца ў Расію.
«Савушкаў прадукт», зварот якога складае каля $250 мільёнаў штогод, канкуруе на расійскім рынку з карпарацыямі «Danone-Юнімілк» і «Вім­БільДан».
Тое самае, толькі ў меншых аб’ёмах паставак, робяць і іншыя беларускія малаказаводы. Каб аб’яднаць іх высілкі і атрымаць частку прыбытку, Аляксандр Лукашэнка вырашыў стварыць «Аб’яднаную малочную кампанію». Яе з’яўленне на базе «Савушкавага прадукту» чакалася яшчэ ў канцы мінулага года, але планы адклаліся.

Без дапамогі,

але са згоды

Свой бізнэс Машэнскія стварылі з нуля, не ўзяўшы ў дзяржавы ні рубля.
Але ў краіне з аўтарытарным кіраваннем эканомікай застацца ў баку ад палітыкі немагчыма.
Як адбываліся конкурсы Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, на якіх «Санта-Брэмар» атрымліваў немалыя квоты на імпарт рыбы?
Пытанне, адказ на якое невядомы.
Машэнскі-бацька імкнуўся абмінаць палітыку, чаго нельга сказаць пра сына.
Падкрэсліць сваю глыбокую павагу да ўлады таксама трэба ўмець. Калі з аглядам на прадпрыемства прыехаў Аляксандр Лукашэнка, Машэнскі-малодшы вынес яму ў падарунак карпаратыўны сцяг кампаніі. За гэта ён, адзіны кіраўнік прыватнай кампаніі, атрымаў дазвол павесіць чырвона­-зялёны сцяг над уваходам на прадпрыемства.
Давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі на выбарах-­2010, удзельнік так званага «усебеларускага народнага сходу», сябар рэспубліканскай рады «Белай Русі» — усё гэта каштуе для беларускіх бізнэсоўцаў нямалага.

Магчыма, Аб’яднаную малочную кампанію ўзначаліць менавіта Аляксандр Машэнскі. Але менавіта набліжанасць да Лукашэнкі можа каштаваць Машэнскаму рэпутацыі: разам з Пефціевым і Чыжом, Машэнскі можа трапіць у чорны візавы спіс Еўрасаюза.

* * *

Самыя дарагія беларускія брэнды­ -- 2011

1) Санта-Брэмар. Кошт брэнда — $72,5 мільёна (год таму — 2-е месца).

4) Савушкаў прадукт. Кошт брэнда — $50 мільёнаў (год таму — 7-е месца).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?