У новым нумары «Дзеяслова» (№ 1–2012) надрукаваная аповесць Васіля Быкава «Атака».

З фотаздымка, змешчанага ў часопісе, на нас глядзіць падобны да амерыканца адкрытасцю позірка і прычоскай малады прыгожы мужчына. Быццам ён дасюль жывы, быццам ягоная аповесць не прабыла ў архіве паўстагоддзя.

Героі «Атакі» маюць задачу адбіць у немцаў лясную вёсачку Ручайкі. Зрабіць гэта супольнымі намаганнямі немагчыма:

страты занадта вялікія; артылерыйскай падтрымкі пяхота не мае, абарона ворага — моцная.
Нешматлікія змораныя
байцы, якім пашчасціла выжыць падчас папярэдняй атакі, сакавіцкай ноччу ідуць у новы наступ фактычна паасобку.
І кожны, выконваючы суворы загад новага камбата, сустрэне ворага і смерць самотна. І кожны будзе самастойна вырашаць, наколькі дарагое яму жыццё і наколькі хапае яму мужнасці.
Гэта той самы Васіль Быкаў, персанажы якога падымаюцца ў атаку знутры сябе, каб сілы Дабра і Зла выпрабавалі іх кулямётным і мінамётным агнём надзеяў і сумненняў.
Як бачым, ужо на пачатку сваёй літаратурнай дзейнасці, пісьменнік выразна акрэсліў для сябе творчыя задачы і быў цвёрды ў іх выкананні.

Так, аповесць «сыраватая», у ёй ёсць русізмы і г.д. Але ідэя твору, кампазіцыя, партрэты галоўных герояў і іх гісторыі даваеннага жыцця, развагі і ўчынкі — усё гэта такое суладнае і жывое, паказана ў такой дынаміцы, што

друкаваць сёння аповесць, створаную пісьменнікам у 1960-я, — правільнае рашэнне.
Паводле «Атакі», дарэчы, можна зрабіць моцную кінастужку,
кожны яе сказ — быццам выразны кадр: «Зрушыўшы за сабой пясок і глыжы, ён адразу прысеў у дне, бруствер ярка заззяў ад высокага святла ракеты, гэтае святло патокам рынула ў акоп на яго галаву, зноў ратуючыся ад яго, сяржант сігануў за паваротку траншэі і там раптоўна спаткаўся з немцам. У расшпіленым шынялі, з узнятым каўняром, той перазараджаў, відаць, кулямёт ды раптам згледзеў яго і няўцямна, разявіўшы рот, скамянеў на секунду. Жаркоў сам жахнуўся і заўважыў толькі, як дрыгнуў белы, кастлявы твар немца, і як хіснуўся ён да сцяны акопа, і сяржант ускінуў наган».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?