Грамадства4747

Кляштар з прэзыдэнцкім люксам

Яшчэ адзін квартал старога Менску заменяць муляжом. У рукі карэспандэнта «НН» трапіў таемны праект перабудовы кляштару бэрнардынаў. Піша Сяргей Харэўскі.

Больш за пятнаццаць гадоў менскія вернікі дамагаюцца вяртаньня адабранага яшчэ ў 1863 г. кляштара з касьцёлам Сьвятога Язэпа. Улады спасылаліся на брак сродкаў, на адсутнасьць памяшканьняў для архіву, на немагчымасьць адсяленьня вайсковае камэндатуры і г.д.

У рэдакцыю «НН» трапіў дакумэнт, распрацаваны «Менскпраектам». «Менскпраект» прадугледжвае выкарыстаць тэрыторыю і будынкі кляштару пад «гатэльны комплекс на 84 нумары (160 пражываючых) зь неабходным наборам спадарожных памяшканьняў», у тым ліку паркінгам і басэйнам. І, як адзначаецца ў дакумэнце, старшыня Менгарвыканкаму Паўлаў рашэньнем № 1012 ад 25 траўня 2006 году выдзяліў з бюджэту на «рэканструкцыю і рэстаўрацыю помніка XVII—XVIII ст., комплексу будынкаў № 6, 8 па вуліцы Кірылы й Мяфода з прыстасаваньнем пад гатэльны комплекс і аб’екты гандлёва‑бытавога прызначэньня з аб’ёмам капітальных укладаньняў 1.400 млн рублёў». Праект перабудовы кляштару бэрнардынаў пад гатэль з забаўляльным цэнтрам зрабіла група на чале з Рыбнікавым, у ім бралі ўдзел архітэктары й інжынэры Малаткова, Еркавіч, Балотнікаў й Харламаў. Ані пра якае культурна‑асьветнае прызначэньне ўнікальных помнікаў, ані пра іх вяртаньне законным уласьнікам — каталіцкай царкве — гаворка не вялася.

Тымчасам кіраўніцтва Касьцёлу ў Беларусі зьвярталася да ўладаў яшчэ ў красавіку 2005 году з патрабаваньнем вярнуць храм Сьвятога Язэпа і кляштар бэрнардынцаў. Меркавалася, што архівы пераедуць у Нацыянальную бібліятэку. Але ні рашэньня на гэты конт, ні грошай на рамонт і пераезду архіў няма. На прыступках былога касьцёлу сьвятога Язэпа і кляштара бэрнардынцаў да сёньня моляцца парафіяне розных менскіх касьцёлаў.

Увесь квартал паміж вуліцамі Герцэна, Гандлёвай і Кірылы й Мяфода зойме сучасны гмах з бэтону й шкла з шклянымі галерэямі і купалам пасярэдзіне. Новы пяціпавярховік зьнявечыць абавязковую для сакральнае архітэктуры жорсткую герархію аб’ёмаў: сьвятыня—кляштар—гаспадарчыя пабудовы.

У Беларусі ад XVII ст. склалася традыцыя, паводле якое будынкі калегіюмаў і кляштараў мелі сьціплую, але рытмічную й рэгулярную ордэрную аздобу ў выглядзе пілястраў, лапатак і вялікіх гзымсаў, а гаспадарчыя й дапаможныя пабудовы былі пазбаўленыя плястычнага дэкору. Дамінантаю кляштарных ансамбляў мусіў быць галоўны фасад храму. «Менскпраект» руйнуе гэты прынцып, ствараючы чужародныя плястычныя акцэнты па пэрыметры ўсяго кварталу.

Не адпавядае традыцыйнаму прынцыпу й суцэльны фронт забудовы. Акурат «стоячымі паасобна» будынкамі славіўся стары Менск. Пра гэту санітарную і экалягічную выгоду з захапленьнем пісалі падарожнікі ў XVIIІ — XIX ст.. Мяняюцца абрысы кляштарных дахаў на вальмавыя мансарды са шклопакетамі. Навабуд перакрые спрадвечны выгляд на кляштар і касьцёл з боку Сьвіслачы й Траецкай гары. Новыя будынкі сказяць ўвесь горадабудаўнічы асяродак: рэальныя помнікі апынаюцца ў падпарадкаваным стане, у чужым стылістычна асяродзьдзі. Непапраўна скажаецца аўтэнтычны абрыс кварталу. Нівэлюецца рэльеф, што цяпер мае натуральныя перапады 9,6 м.

У навамодны будынак часткова «будуць уключаныя фрагмэнты йснуючай бутавай кладкі». Вось і ўвесь клопат пра аўтэнтычныя старажытныя муры.

Праектам не прадугледжаныя рэгулы адносна матэрыялаў, таму будзе шмат зіхоткага шкла, будуць і бэтон з сылікатам і плястыкавыя шклопакеты... Ня будзе ані дрэва, ані каменнага бруку, ані керамічнае дахоўкі. Адно толькі «колер пакрыцьця даху імітуе чарапічнае пакрыцьцё». Каб хоць фармальна «прывязацца» да ўнікальнага гістарычнага асяродку, праекціроўшчыкі вырашылі «ўпрыгожыць» фасады эклектычным дэкорам. Хоць ані гэты безгустоўны дэкор, ані плястыка фасадаў ня маюць нічога супольнага з помнікам. Слабае веданьне традыцыяў выдае нават каляровае вырашэньне «Менскпраекту»: «Фасадныя плоскасьці пафарбаваныя ў тэракотавы, вохрыстыя колеры». Але, паводле шматлікіх сьведчаньняў, у канцы XVIIІ—пач. XIX ст. у Менску былі «зялёныя ці жоўтыя дамкі з чырвонымі дахамі, узорыстымі аканіцамі й кратаванымі агароджамі».

Затое у падземным узроўні прадугледжаны «паркінг на 68 машына‑месцаў, загрузачны дэбаркадэр рэстарана; на першым паверсе знаходзяцца крамы, заля рэстарану на 50 месцаў, падсобныя памяшканьні рэстарану, боўлінг, більярд, бізнэс‑цэнтар, адзяленьне сувязі, пасаж, ніжняе фае, эскалятар, басэйн з саўнай, фітнэс, цырульня, салярый, касмэтычны салён». Прадугледжаныя ліфты й эскалятары, адкрыты тэнісны корт! А на пятым паверсе будзе прэзыдэнцкі люкс.

Затое нідзе ў праектнай дакумэнтацыі я не знайшоў згадак пра археалягічныя раскопкі, вывучэньне аўтэнтычных муроў кляштару (напрыклад, на прадмет наяўнасьці фрэсак) — таго, без чаго падобны праект немагчыма ўявіць у цывілізаваным сьвеце.

Самы каштоўны аўтэнтычны помнік Верхняга гораду, ансамбль кляштару бэрнардынаў, перастае існаваць. На адны праектныя работы толькі летась і былі патрачаныя 1400 млн рублёў!

Гатэлі, басэйны, корты й прэзыдэнцкія люксы патрэбныя сталіцы. Але: а) чаму іх не паставіць на іншым беразе ракі ці каля музэю ВАВ; б) навошта беспардонна хлусіць і называць зьнішчэньне помнікаў дзеля рэалізацыі бізнэс‑праектаў «рэстаўрацыяй» і «клопатам пра спадчыну»? Навошта скажаць сьвядомасьць і сваю й народу? Бо падваеньне сьвядомасьці ў праекціроўшчыкаў зь «Менскпраекту» відавочнае: у адным радку яны пішуць: «Асноўныя пад’езды зьдзяйсьняюцца з боку вул. Кірылы й Мяфода..., гаспадарчы — зь верху вул.Герцэна», а праз радок: «вуліцы Герцэна, Крылы й Мяфода запраектаваныя пешаходнымі».

Адзіна справядлівым і цывілізаваным рашэньнем было б вярнуць сьвятыню каталікам. Лягічна было б адрэстаўраваны кляштар прыстасаваць акурат пад архіў‑музэй літаратуры й мастацтва з мастацкай галерэяй, экспазыцыйнай і чытальнай залямі.... Мела б нават сэнс закансэрваваць ўсе будынкі й рэшту муроў з мэтаю стварэньня экспрымэнтальна‑навучальнае базы для будучых рэстаўратараў і археолягў... Але кіраўніцтва краіны мае на гэта ўсё свой погляд. А «рэстаўратары» і «ахоўнікі» радыя дагадзіць. Ня дзіва: за такія грошы!

Кляштар бэрнардынаў заснаваны ў 1624 г. Фундавалі Андрэй Кансоўскі й яго брат Ян. У 1630‑я бэрнардыны ўзьвялі драўляныя касьцёл і канвэнт. Пасьля пажару да 1652 быў збудаваны каменны касцёл і кляштар. Пасьля рэканструкцыі 1752 будынкі набылі цяперашнія рысы. У к. XVIII ст. комплекс складаўся з касьцёлу, брацкага корпусу, жылых дамоў, трапезнай, школы, шпіталю, стайні, піваварні. Быў абнесены каменнай агароджаю з брамамі. На старасьвецкіх плянах бачны сонечны гадзіньнік пасярод кляштарнага двара. Дамінантай комплексу быў фасад касьцёлу з высокім франтонам. Вянчала кампазіцыю фасаду «малы купалок», падобная да яе сыгнатурка завяршала дах над прэзбітэрыем. У нішах фасаду стаялі фігуры сьвятых, у вокнах — тры званы.

Сьвятыню ўпрыгожвалі 9 атынкаваных і дэкараваных лепкаю алтароў. На хорах былі арганы на 10 галасоў. У ХІХ ст. іх замянілі шыкоўныя арганы «на 22 галасы і з 4 мяхамі». У крыпце пахаваныя Завішы, Кансоўскія, Тышкевічы... Да паўночна‑заходняга фасаду касьцёлу далучаўся «кляштар мураваны ў тры лініі, у дзвюх лініях уздоўж па другі паверх, а ў трэцяй папярэчнай, бо пад гарою пабудаваная, тры паверхі... лініі замыкаюць квадрат з агародам і альтанкаю з кветкамі». У карпусах былі кельлі манахаў, рэфектар. Пры кляштары дзейнічала школа філязофіі. Бібліятэка бэрнардынаў лічылася найбуйнейшай у Менску.

У 1864 касьцёл прыстасавалі пад праваслаўную палкавую царкву Сьв.Кірыла і Мяфода (з 1872 пад архіў), а карпусы пад казармы Каломенскага пяхотнага палка і следчую камісію. У 1983 касьцёл часткова рэстаўраваны (арх. Г. Босак). Зьявіўся франтон, чарапічны дах. Інтэр’ер у пачатку 1960‑х панявечаны перакрыцьцямі на 5 паверхаў. Тут размяшчаецца Архіў навукова‑тэхнічнай дакументацыі і Архіў літаратуры і мастацтва, у карпусах — ваенныя камендатура і пракуратура. У правы бок ад парталу былі старажытныя могілкі XVII ст., так званыя «бэрнардыны». Іх зьнішчыла ў 2002 г. ТАА «Стары Менск» падчас будаўніцтва рэстарану.

На апошнім здымку: Рэканструкцыя з прыстасаваньнем помніка архітэктуры пад гатэльны комплекс

Каментары47

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Доктарку Алену Мікалаеву падчас вайны адправілі на Валадарку за дапамогу габрэям — у XXI стагоддзі там жа апынецца яе праўнучка Марына Золатава2

Доктарку Алену Мікалаеву падчас вайны адправілі на Валадарку за дапамогу габрэям — у XXI стагоддзі там жа апынецца яе праўнучка Марына Золатава

Усе навіны →
Усе навіны

Прэзідэнт Германіі падкрэсліў ролю беларусаў у перамозе над нацызмам2

Мінскі іпэшнік, які пісаў ананімкі на канкурэнтаў, аказаўся дырэктарам турфірмы, якая не давезла турыстаў у Рыгу2

Трамп усцешыўся, што Папам абралі амерыканца3

Новым Папам абвясцілі амерыкана-перуанскага кардынала Роберта Прэво13

Гомельскі сенатар хацеў пагрэцца ў прамянях «Вялікай Перамогі», але яўна перагнуў з самапіярам ФОТАФАКТ21

У Ватыкане абралі новага Папу6

Буйныя дзяржпрадпрыемствы хочуць працаўладкаваць тысячы работнікаў

Мельнікава прыляцела на Шры-Ланку, але пасля паляцела далей — Цімур Алеўскі21

Беларусам прапануюць дзіўную падпрацоўку за 1000 рублёў у дзень3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Доктарку Алену Мікалаеву падчас вайны адправілі на Валадарку за дапамогу габрэям — у XXI стагоддзі там жа апынецца яе праўнучка Марына Золатава2

Доктарку Алену Мікалаеву падчас вайны адправілі на Валадарку за дапамогу габрэям — у XXI стагоддзі там жа апынецца яе праўнучка Марына Золатава

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць