Аляксей Бацюкоў з Статутам.

Аляксей Бацюкоў з Статутам.

Супрацоўнікі магілёўскага музея і энтузіясты вярнуліся з паезкі ў Маскву да антыквара, што прадае Статут ВКЛ.

У сталіцу Расіі ездзілі дырэктар магілёўскага музея Аляксей Бацюкоў, студэнт Андрэй Радкоў, які адшукаў інфармацыю аб аўкцыёне са Статутам і спецыяліст з Нацыянальнага гістарычнага архіва Зміцер Яцкевіч.

«На сённяшні дзень можна сказаць, што дадзены Статут — арыгінал, — кажа дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў. — Надрукаваны пры канцы XVI стагоддзя. Меркавана ў кнізе трапляюцца асобныя аркушы ранейшых выданняў. Стан фаліанта добры, здаецца, Статут быў прафесійна адрэстаўраваны,

на палях старонак трапляюцца запісы некаторых уладальнікаў (сярод іх князь Крапокін, духоўная семінарыя)».
Таксама на выязны агляд была запрошана вядомая расейская даследчыца кніжак кірылічнага выдання Аляксандра Гусева. Па яе словах,
ужо даўно не з’яўлялася новых (няўлічаных) старадрукаў такога кшталту. Кнігі падобнага рангу ўваходзяць у «залаты фонд» музеяў і бібліятэк
краін, дзе цяпер захоўваюцца, з’яўляюцца іх гонарам.
Цяпер на сбор пазасталай часткі грошай у Беларусі ёсць менш за два месяцы.
«На сёння на рахунку сабралася 54 мільёны рублёў, — расказвае дырэктар магілёўскага гістарычнага музея. — А 4,5 тысячы даляраў на заставу падарыў прыватны прадпрымальнік з Магілёва, які не хоча, каб ягонае імя называлі».
Зараз надышоў самы цяжкі этап: як назбіраць асноўную частку сумы. Аляксей Бацюкоў разлічвае, што падключацца банкі ці багатыя прадпрыемствы.

Нагадаем, што Музей гісторыі Магілёва абвясціў дабрачынную акцыю па зборы сродкаў для выкупу Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 года, арыгінальнага выдання. Гэта важная гістарычная рэліквія — той вывераны закон узгадаваў у беларусах выключную законапаслухмянасць, што ператварылася ў нацыянальную рысу.

Статут быў выстаўлены на продаж на электронным аўкцыёне ўладальнікам антыкварнай крамы ў Маскве. Дадзены асобнік ацэнены на $45 тыс.
Пры гэтым частку грошай (10%), паводле папярэдняй дамоўленасці з прадаўцом, неабходна сабраць цягам двух тыдняў у якасці заставы. Рэшту сумы трэ будзе пералічыць цягам трох месяцаў.

Ва ўсім свеце налічваецца каля 60 асобнікаў усіх трох выданняў Статута, з іх 29 адносяцца да выдання 1594–1595 гадоў. Знаходжанне гэтых асобнікаў: Вялікабрытанія (1), Літва (6), Польшча (6), Расія (11), Украіна (5), а ў Беларусі няма ніводнага. Як прыватнымі асобамі, так і дзяржаўнымі інстытутамі краіны ўжо рабіліся спробы выкупіць асобнікі Статута, аднак беспаспяхова. .

Статут ВКЛ — найвышэйшае дасягненне старабеларускай прававой думкі, аснова ўсёй юрыдычнай сістэмы ВКЛ.
Па сутнасці, гэта была сярэднявечная Канстытуцыя, якая дзейнічала на ўсіх землях сучаснай Беларусі і была адной з самых прагрэсіўных у Еўропе. Статут паўплываў на станаўленне нацыянальнай прававой думкі, а таксама на юрыдычныя традыцыі суседніх краін — Расіі, Польшчы, Эстоніі, Латвіі і інш. Магчыма, менавіта дзякуючы яму беларусы адрозніваюцца вялікай павагай да права.
Статут 1588 года распрацаваны падканцлерам ВКЛ і старастам магілёўскім Львом Сапегам і быў выдадзены за яго асабістыя сродкі ў друкарні, заснаванай у Вільні Пятром Мсціслаўцам на грошы магілёўскіх купцоў Мамонічаў.
У цяперашні час вядома пра тры выданні Статута — 1588, 1592–1593 і 1594—1595 гг. Дарэчы, рэальны шанец на поспех у дабрачыннай акцыі ёсць. Бо магілёўцы ўжо дапамаглі летась папоўніць фонды музея гісторыі Магілёва рарытэтам — фаліянтам «Часоўніка», датаваным 1773 годам.

* * *

Пералічыць грошы на гэтую добрую справу можна на рахунак музея

УК «Музей гісторыі Магілёва» 212030 Магілёў, вул. Ленінская, 1А

рахунак:

УНП 790203960

Філія 700 МАУ ААТ «АСБ Беларусбанк» МФО 153801536

р/р 3642014673147 Магілёў, вул. Першамайская, 71 Мэта плацяжа: На развіццё музейнай справы і ахову гісторыка-культурнай спадчыны (для куплі Статута ВКЛ)

! Бухгалтэрыя музея просіць дакладна і цалкам пазначаць мэту плацяжа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?