...І вось ужо інтэлектуальная супольнасьць гатовая чытаць гнюсныя чуткі, зь якога б сьметніка тыя чуткі ні паходзілі. І вось ужо на палітычным сайце друкуецца ананімка. І вось ужо легенда беларускага Адраджэньня называе іншага палітыка «мразьзю». Пра Белнэт піша Віталь Тарас.

І вось ужо інтэлектуальная супольнасьць гатовая чытаць гнюсныя чуткі, зь якога б сьметніка тыя чуткі ні паходзілі. І вось ужо на палітычным сайце друкуецца ананімка. І вось ужо легенда беларускага Адраджэньня называе іншага палітыка «мразьзю». Пра Белнэт піша Віталь Тарас.

«Вам не западло?»

Цэнтар прававой абароны пры ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» падрыхтаваў свае заўвагі да праекту закону «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі». (Закон яўна пісалі не журналісты.)

Сярод іншых навацыяў, распрацаваных дэпутатамі палаты прадстаўнікоў, юрысты БАЖ зьвяртаюць увагу на артыкул 39 праекту закону, дзе гаворыцца, што «можа быць прадугледжана абавязковая ідэнтыфікацыя асобаў, якія прымаюць удзел у інфармацыйным абмене, з выкарыстаньнем інфармацыйных сетак». Паводле юрыстаў, ёсьць небясьпека, што пад «абаронай інфармацыі» маецца на ўвазе вызначэньне кожнага карыстальніка інфармацыйнымі рэсурсамі, у тым ліку, магчыма, і інтэрнэтам.

У гэтай сувязі ўспамінаецца анэкдот пяцігадовай даўніны. Ідзе прэсавая канфэрэнцыя прэзыдэнта Расеі. Празь інтэрнэт паступае ананімнае пытаньне: «Вам не западло, Уладзімір Уладзіміравіч, прымаць пытаньні ад ананімаў?» Адказ: «Не, уладальнік ІР-адрасу 212.98.173.150, SML, правайдэр «Мэдыякамсат», Санкт-Пецярбург, вуліца Малая Фантанка, 10, кватэра 29, Сідараў Васіль Пятровіч, не западло».

Cёньня ўжо ня сьмешна. Спэцслужбы Расеі падрыхтавалі праект закону, амаль аналягічны таму, што разглядаецца цяпер у Беларусі. Мэта? Ну, зразумела ж, барацьба з тэрарызмам. У інтарэсах законапаслухмяных мірных грамадзянаў.

Расейскі інтэрнэт – «рунэт» – пачаў разьвівацца раней за белнэт і сёньня налічвае дзесяткі мільёнаў карыстальнікаў. Зона рунэту лічыцца апошняй зонай у пуцінскай Расеі, вольнай ад дзяржаўнай цэнзуры. Вызначыць кожнага зь іх, зразумела, – шмат клопату для спэцслужбаў. Таму яны досыць даўно і пасьпяхова выкарыстоўваюць іншыя мэтады ў барацьбе зь іншадумствам у сеціве. У расейскім нтэрнцэе нарадзіўся нават асобы тэрмін – брыгадніцтва.

Акурат чатыры чатыры гады таму на сайце www.vestnik.com ( а пасьля на іншых) зьявілася цэлае дасьледаваньне, прысьвечанае гэтай зьяве, пад назвай «Віртуальнае вока старэйшага брата». Яго аўтары – журналістка, былая карэспандэнтка Бі-Бі-Сі Ганна Палянская, гісторык, супрацоўнік вядомага часопісу «Гласность» Андрэй Крываў і праграміст-аналітык Іван Ламко. Усе яны цяпер жывуць за межамі Расеі. Няма магчымасьці дый патрэбы цытаваць згаданую работу падрабязна. Але некаторыя характарыстыкі аўтараў датычна брыгаднікаў прывесьці варта:

«Ахоўна-агрэсіўная, таталітарная ідэалёгія, якую прапагандуюць гэтыя людзі, тут зусім не галоўная прыкмета. Некаторыя сябры гэтай групы стараюцца выглядаць нават адносна лібэральна. Але, акрамя звычайнай «дзяржаўніцкай» ідэялёгіі (а таксама ксэнафобіі, антыамэрыканізму, антысэмітызму і нецярпімасьці да іншадумства), гэтыя людзі вылучаюцца жорсткай устаноўкай, групавой карпарацыйнай маральлю, агульнай інфармацыйнай базай, дакладнымі нормамі паводзінаў, спэцыфічнымі мэтадамі палемікі і «работы з аб’ектам». У гэтай групы існуюць агульныя для ўсіх форумаў прынцыпы апрацоўкі масавае сьвядомасьці, зьвязаныя перш за ўсё з мэтанакіраванай маной, паклёпам і дэзінфармацыяй.

…У якасьці доказаў сваіх лёзунгаў і тэорыяў яны прыводзяць адвольныя трактоўкі фактаў і падзеяў, часта абсалютна лжывыя, прымушаючы сваіх праціўнікаў шукаць спасылкі-абвяржэньні... Мэтад зручны і эфэктыўны, ён адцягвае ўвагу апанэнтаў ад вострых і непрыемных для ўлады дыскусіяў. Улюбёны прыём палемікі сяброў «брыгады» – цытаваньне афіцыйнай і паўафіцыйнай прапаганды, кшталту артыкулаў з вэб-выданьня "Страна.ру".

Акрамя таго, на думку аўтараў дасьледаваньня, брыгаднікаў выдае нізкі культурны ўзровень і характэрная мова: «Пераважная большасьць брыгаднікаў кепска валодае роднай мовай, дапускаючы вялікую колькасьць тыповых стылістычных, лексічных і граматычных памылак, празь якія ім цяжка хавацца за рознымі псэўданімамі-нікамі…У «брыгаднікаў» яўныя праблемы з пачуцьцем гумару, жарты іх заўсёды маюць клязэтна-казармавае адценьне і маюць дачыненьне да гомасэксуалізму, прастытуцыі, парнаграфіі і г.д.»

Паводле аўтараў, тыповы ведамасны жарт «канчайце шукаць ГБ пад ложкам!», яны сустракалі ў розных форумах некалькі дзясяткаў разоў.

Сярод іншых асаблівасьцяў, брыгаднікі вызначаюцца частай зьменай псэўданімаў (нікнэймаў), інфармацыйным шумам (флудам) і падробкай нікаў. Блатныя прыёмы, правакацыі, лаянка – усё гэта таксама норма жыцьця вэб-брыгадаў, канстатуюць аўтары дасьледаваньня.

Шукаць ГБ пад ложкам

Можна па-рознаму ставіцца да прыведзеных высноваў. Можна лічыць гэтай формай параноі ці проста ненавуковымі выдумкамі. У расейскім ЖЖ, прынамсі, пераважна так аб іх і адгукаюцца. Аднак, варта пачытаць некаторыя форумы на палітычныя тэмы ў Белнэце – на тут.бай, напрыклад, каб пераканацца, што згаданыя вышэй пэрсанажы існуюць у сапраўднасьці. Дарэчы, яны гэтаксама кепска (ці яшчэ горш) валодаюць беларускай мовай, асабліва клясычным правапісам. Дый узровень іхнай абазнанасьці ў гісторыі Беларусі часьцей за ўсё выдае іх з галавой.

Аднак, гаворка цяпер не пра брыгаднікаў. Дакладней, ня толькі пра іх. Белнэт, асабліва беларускамоўны, разьвіваецца шпаркімі тэмпамі. Калі так пойдзе далей, ніякіх брыгаднікаў на тое, каб стрымаць разьвіцьцё ў гэтым кірунку, ня хопіць. А гэта ня можа не трывожыць уладу, паколькі само існаваньне цэлага сэктару «іншадумства» ды «іншамоўства» у грамадзтве ўяўляецца ім патэнцыйнай пагрозай, суцэльнай правакацыяй.

І самае галоўнае – як жа працягваць работу па «разлажэньні» апазыцыі і нацыянальна сьведамай інтэлігенцыі, не выкарыстоўваючы перавагі інтэрнэту? (Словы «разлажэньне праціўніка» было прыдуманае бальшавіцкімі агітатарамі і ўзятае на ўзбраеньне ЧК.-ГПУ-НКВД-КГБ. І сапраўды, лепшага слова не прыдумаеш.)

Прыдумляюцца ўсё новыя, усё больш маштабныя формы й мэтады правакацыяў, у якіх задзейнічаныя ўжо ня проста асобныя журналісты ці карыстальнікі, але цэлыя інтэрнэт-сайты і адпаведна – інтэрнэт-супольнасьці.

Сайт «Трэці шлях» да апошняга часу нічым звышасаблівым сярод іншых беларускіх сайтаў не вылучаўся. Хіба што запомніліся перадрукі з сайту «Новая Эўропа» публікацыяў філёзафа Адамянца, у якіх той абараняў Беларусь ад беларускай мовы.

І вось «Трэці шлях» днямі зрабіў сэнсацыйнае выкрыцьцё. З дапамогай расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава стваральнікам сайту ўдалося знайсьці аўтара фальшыўкі – падмётнага электроннага ліста ад імя «патрыётаў Беларусі, супрацоўнікаў Камітэту дзяржаўнай бясьпекі». Падобныя лісты пэрыядычна рассылаліся ў СМІ і раней. Трэба адзначыць, што сайты, якія пазыцыянуюць сябе менавіта як СМІ, а не як штабы пэўных палітычных партыяў альбо піяр-праекты, ніколі гэтыя правакацыйныя лісты не публікавалі.

Гэтым разам ліст «патрыётаў» быў надрукаваны толькі на сайце www.kozylin.com. Домэнам, гостынгам і праграмным забесьпячэньнем гэтага сайту, як высьветлілася, валодае іншы інтэрнэт-рэсурс – згаданы вышэй «Трэці шлях» (3dway.org). Яго тэхнічная група (!) «прыйшла да высновы, што сайт захоплены прахадзімцамі і вырабнікамі фальшывак» і адлучыла казулінскі сайт ад інтэрнэту. Яшчэ адзін сайт – afn.by — адразу перадрукаваў гэтую дзіўную інфармацыю. Пры гэтым, спаслаўшыся на ўжо згаданага вышэй спадара Суздальцава, сайт паведаміў, што на аўтара фальшывак – «былога юрыста» Алега Волчака, загадзя былі пастаўленыя нейкія «электронныя пасткі», і яго, маўляў, злавілі за руку. Праўда, ні Суздальцаў, ні хто-небудзь яшчэ доказаў ягонай віны не прывёў.

Ірына Казуліна выступіла з публічным абвяржэньнем высноваў, быццам «казулінскім» сайтам кіруе Алег Волчак і ўзяла на сябе адказнасьць за публікацыю ананімнага ліста. Пры гэтым яна прызнала гэты факт «не зусім этычным».

Здавалася б, на гэтым у гісторыі трэба было б ставіць кропку. Памыўшы пасьля гэтага рукі з мылам.

Мразь на палачцы

Андрэй Суздальцаў, як вынікае з яго камэнтаў на «афн», не гатовы дараваць Казулінай. І кропку ставіць ня хоча.

Крыўду спадара Суздальцава зразумець можна. Прынамсі, на ўлады РБ. У выніку публікацыяў у «СБ» расейскі палітоляг быў абвінавачаны ў аўтарстве лістоў «патрыётаў». Яго фактычна выкінулі зь Беларусі, забараніўшы прыяжджаць сюды да жонкі і сваякоў. Для шырокай грамадзкасьці гэты факт застаўся амаль незаўважаным. Ніхто з палітычных дзеячоў і былых аднадумцаў ці калегаў Суздальцава ў Беларусі з гучнымі пратэстамі з гэтай нагоды не выступаў. Гэта праўда.

Але наколькі інтэлігентна, ці скажам прасьцей – па-мужчынску з яго боку ўскладаць віну за свае жыцьцёвыя праблемы на жанчыну, муж якой асуджаны на пяць з паловай гадоў турмы і сям’і якой даводзіцца зараз цярпець ніяк не меней, чым Суздальцаву? На гэтае пытаньне хай ён адкажа сам для сябе.

Магчыма, словы «інтэлігенцыя», «інтэлігент» у Расеі ўжо выйшлі з моды. У адной з перадач расейскай службы радыё «Свабода» нядаўна абмяркоўвалі гэтую тэму. Казалі аб тым, што панятак «інтэлігенцыя» становіцца ці ўжо стаўся анахранізмам. Інтэлігенты даўно перасталі быць «уладарамі думак». Самі яны – тыя, хто застаўся, аб гэтым ня надта шкадуюць. Трэба прыстасоўвацца да патрэбаў і правілаў новай эпохі. Трэба наноў вучыцца прагінацца перад уладай і сапраўднымі ўладарамі жыцьця.

Тое ж тычыцца і сёньняшняй Беларусі.

Тып старога інтэлігента, ахвярнага настаўніка, бяссрэбніка ў сучасным грамадзтве запатрабаваным не назавеш. Вось толькі на месцы старой маралі ды маральнасьці нічога новага ўзамен яе ня ўзьнікла. І наўрад ці ўзьнікне.

Вяртаючыся да тэмы «брыгаднікаў», трэба заўважыць, што калі нават удаецца іх распазнаць у інэце, іхная дзейнасьць не становіцца ад гэтага меней шкоднай. Справа ня ў тым, што ім удаецца навязаць свой пункт гледжаньня іншым, абараніць вышэйшую ўладу, паказаць пралікі апазыцыі. Гэтага якраз не ўдаецца. Але сам стыль – хамскі, нястрымана-агрэсыўны, правакатыўны становіцца звыклым і прымальным. У тым ліку, у інтэрнэце.

Не пачуць свайго апанэнта, не паспрабаваць зразумець, што ён кажа, але пастарацца прынізіць яго, зрабіць так, каб «мала не падалося». У самых разумных галовах пасяляецца бальшавіцкая разруха. Зайздрасьць, непрымірымасьць і нянавісьць, як інфэкцыйная хваробы, перадаюцца вэрбальным шляхам. Горш гэтага можа быць толькі любоў да сябе – адзінага і непаўторнага носьбіта ісьціны.

І вось ужо інтэлектуальная супольнасьць гатовая паверыць любым, самым гнюсным чуткам пра любога дзеяча апазыцыі, зь якой бы крыніцы, зь якога б сьметніка тыя чуткі ні паходзілі. І вось ужо на палітычным сайце друкуецца ананімка, а ўсе астатнія сайты, якія, нібыта, адвярнуліся ад яе, разьдзімаюць вакол публікацыі чорны піяр, атмасфэру скандалу і сада-мазахісцкай гістэрыі.

І вось ужо вядомы палітэмігрант, легенда беларускага Адраджэньня называе іншага беларускага палітыка «мразьзю». Відавочна, стваральнікі домэна з красамоўнай назвай «prauda» лічаць гэты выраз эталёнам маральнасьці. Кажучы словамі расейскага клясыка, «гэтая рэч мацнейшая за «Фаўста»! Гэта мацней за словы «мочить в сортире» і нават за «шалупонь» у вуснах першых дзяржаўных асобаў.

Таму што слова «мразь» становіцца характарыстыкай для нас усіх. Мы ўжо амаль зьмірыліся з тым, што мы – гэта яны. Мы ўжо самі – амаль што «брыгаднікі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?