Найясьнейшая Рэч Паспалітая. Цывілізацыя ‑ Культура ‑ Рэлігія ‑ Палітыка ‑ Авантура ‑ Героіка ‑ Успамін / Укладальнік Алег Дзярновіч — Менск: Логвінаў, 2007. — 346 с. — (Кнігарня «Наша Ніва»).

«Для нас важнае тое, што Рэч Паспалітая была створаная паводле тагачасных прававых нормаў носьбітамі грамадзянскіх правоў, якія тады належалі шляхце. І як бы мы не ацэньвалі далейшы лёс гэтай дзяржавы, якія б рахункі не выстаўлялі да яе лідараў і палітыкаў, як бы не захапляліся культурнымі набыткамі і праявамі патрыятызму, мусім прызнаць — Рэч Паспалітая таксама была дзяржаваю нашых продкаў. У такім разе ўсе прэтэнзіі мы прад’яўляем і да саміх сябе» — піша ў прадмове укладальнік гэтага зборніка Алег Дзярновіч.

Пад адной вокладкай сабраныя тэксты гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, культуролягаў, літаратараў, прысьвечаныя эпосе Рэчы Паспалітай. Перад чытачом паўстаюць ня столькі звыклыя палітычныя пэрыпэтыі, колькі сам лад жыцьця і мысьленьня нашых продкаў. А таксама іх вера, іх кухня, іх раманы і авантуры.

Шукайце «Найясьнейшую Рэч Паспалітую» ў кнігарнях і ў незалежных распаўсюднікаў.

* * *

Шмат сэнсаў Рэспублікі

Замест уступу. Прадмова да кнігі

Нашыя абшары

На захадзе гэтая дзяржава, Рэч Паспалітая, суседнічала з Брандэнбургам і Прусіяй, а на ўсходзе — з Расеяю. Вялікае Княства Літоўскае праз Інфлянты межавала са Швэцыяй. Польшча (ці, як яе называлі, Карона) суседнічала з габсбурскімі краінамі (Чэхія, Вугоршчына), а празь Дзікае Поле, Малдову і Сямігародзьдзе абедзьве дзяржавы кантактавалі з Крымскім ханствам ды Турэччынай. У часы найбольшага тэрытарыяльнага пашырэньня плошча Рэчы Паспалітай дасягала блізка 1 млн кв. км (990 000), зь іх на Вялікае Княства (ужо без украінскіх ваяводзтваў) прыпадала траціна: разам з Смаленшчынай у першай палове XVII ст. плошча ВКЛ складала 380 тыс. кв. км, а ад 1678 г. — 306 тыс. кв. км і ўжо не зьмянялася амаль стагодзьдзе, да падзелаў Рэчы Паспалітай.

Апроч уласна тэрыторыі Рэчы Паспалітай у леннай залежнасьці ад Польшчы з 1525 г. знаходзілася Прусія. Ад 1561 г. у падвойным лене (Польшчы і ВКЛ) была Курляндыя (Заходняя Латвія). «Малыя» Інфлянты (Паўднёва‑Усходняя Латвія) зьяўляліся кандамініюмам — сумесным валоданьнем ВКЛ і Польшчы. У той ці іншай сувязі з Рэччу Паспалітай знаходзіліся румынскія княствы Валахія і Малдова. Увесь час не сьціхалі інтрыгі вакол чэска‑нямецкай Сылезіі. Такім чынам, адміністрацыйны і палітычны ўплыў Рэчы Паспалітай пашыраўся за яе межы.

Колькасьць жыхароў абедзьвюх дзяржаваў Рэчы Паспалітай, Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага, пры канцы XVI ст. дасягала каля 7,5 млн. чалавек — у Эўропе ці навакол яе болей людзей жыло ў Францыі, Нямеччыне, Італіі, Расеі, Гішпаніі ды Турэччыне. У першай жа палове XVII ст. колькасьць жыхароў дасягнула 10 млн. Каля паловы зь іх складалі палякі. Перад Люблінскай уніяй (1569 г.) насельніцтва Вялікага Княства дасягнула 3 млн. Пасьля ж заключэньня уніі, калі паўночна‑ўкраінскія землі адышлі да Польшчы, у ВКЛ засталіся жыць 2,6 млн. чалавек. Да сярэдзіны ж XVII ст. працягваўся пэрыяд дэмаграфічнага росту, у Літве і Паўночна‑Заходняй Беларусі шчыльнасьць насельніцтва наблізілася да максымуму, які забясьпечваўся тагачасным узроўнем гаспадаркі, — 16—20 чалавек на квадратны кілямэтар. На 1650 г. у Вялікім Княстве пражывалі 3,1 млн. чалавек, зь іх у Літве — каля 920—950 тыс., у Беларусі — 2,1 млн. Пасьля войнаў і дэмаграфічнага крызісу другой паловы XVII — пачатку XVIII ст. насельніцтва Рэчы Паспалітай зноў пачало расьці і ў другой палове XVIII ст. дасягнула ўзроўню сярэдзіны XVII ст. Але ўсе пэрыяды ў рамках Рэчы Паспалітай колькасьць насельніцтва Польшчы пераважала над колькасьцю жыхароў ВКЛ.

Вось так паводле вонкавых прыкметаў выглядала дзяржава, утвораная ў выніку падпісаньня Люблінскай уніі 1 ліпеня 1569 г. Ад уніі выйгралі і прайгралі ўсе бакі. Вялікае Княства страціла ўкраінскія землі, але амаль цалкам спыніліся набегі крымскіх татараў і зьнікла пагроза маштабных войнаў з Турэччынай. Пры дапамозе Польшчы ў Інфлянцкай вайне адбыўся пералом, і, мяркуюць дасьледчыкі, менавіта унія дазволіла падоўжыць існаваньне Вялікага Княства на некалькі стагодзьдзяў. Вынікам жа рэалізацыі гэтай новай формы дзяржаўнасьці стала негвалтоўная палянізацыя грамадзтва ВКЛ.

Польшча атрымала значныя тэрыторыі, што раней уваходзілі ў ВКЛ. Але «набыткам» стала таксама неспакойная мяжа з Расеяй. Празьмерна разрослыя тэрыторыі на паўднёвым усходзе абяцалі новыя сутычкі з Крымам і Атаманскай Портай. Наперадзе былі казацкія войны. На Польшчу ж прыпалі асноўныя ваенныя выдаткі фэдэратыўнай дзяржавы.

Для нас жа важнае тое, што Рэч Паспалітая была створаная паводле тагачасных праўных нормаў носьбітамі грамадзянскіх правоў, якія тады належалі шляхце. І як бы мы ні ацэньвалі далейшы лёс гэтай дзяржавы, якія б рахункі ні выстаўлялі да яе лідэраў і палітыкаў, як бы ні захапляліся культурнымі набыткамі і праявамі патрыятызму, мусім прызнаць: Рэч Паспалітая таксама была дзяржаваю нашых продкаў. У такім разе ўсе прэтэнзіі мы высоўваем і да саміх сябе.

Што да тэрміну

Добра вядомы тэрмін Рэч Паспалітая зьяўляецца адпаведнікам лацінскага словазлучэньня res publica, што можна перакласьці як «грамадзкая / публічная справа». У польскім перакладзе тэрмінам Rzeczpospolita з канца XV ст. звыкла сталі пазначаць польскую дзяржаву, хоць мяркуецца, што традыцыя ўжываньня лацінскага тэрміну ў такім кантэксьце ідзе яшчэ з пачатку ХІІІ ст. У XV—XVІ ст. тэрмін Рэч Паспалітая выкарыстоўваўся і ў Вялікім Княстве Літоўскім, дзе ён меў значэньне дзяржавы як супольнай справы, супольных інтарэсаў і супольнага дабра. Жыгімонт Аўгуст у віленскім прывілеі 1565 г. так характарызаваў звароты да яго ад грамадзянаў ВКЛ: «Іж будзечы нам, гаспадару (г. зн. вялікаму князю. — А. Дз.) на вялікім сойме вальным у месьце нашым сталечным Віленскім... з усім рыцарствам земль усяго панства Вялікага Княства Літоўскага, дзе прыкладаючы патрэбы Рэчы Паспалітае таго панства нашага данесьлі просьбы свае...». Ужо пасьля Люблінскай уніі назва Рэч Паспалітая была выкарыстана для пазначэньня супольнай дзяржавы, але зусім не зьяўлялася яе афіцыйным назовам, а тым больш палянізмам у беларускай мове, як некаторыя схільныя меркаваць. У расейскую мову словазлучэньне Рэч Паспалітая патрапіла менавіта зь беларускай.

Ці няма тут супярэчнасьці, што спадчынная манархія, якой у XV ст. яшчэ было ВКЛ, называецца Рэспублікай? І як разумець сумяшчэньне тытулаў караля ці вялікага князя з Рэспублікай? Ужо ў XVII ст. галяндзкі юрыст Гуга Гроцыюс пісаў, што ў Рэчы Паспалітай кароль атрымлівае ўладу пад пэўнымі ўмовамі і яго ўлада не зьяўляецца тым самым неабмежаванаю — гэтая «формула ўлады» ліквідуе Маестат (вялікасьць) караля, функцыі якога, у выніку, нагадваюць прэзыдэнцкія. Зноў узьнікае пытаньне: ці асацыяцыі рэспублікі толькі з выбарнасьцю яе цэнтральных органаў улады справядлівыя? Відавочна, што сучаснае разуменьне тэрміну рэспубліка нельга цалкам прыкладаць да эпохі XV—XVІ стст.

Рэспубліка — гэта Сувэрэнітэт

Тэарэтычную завершанасьць на пачатку Новага часу канцэпцыя «res publica» як дзяржава, атрымала ў працах францускага юрыста XVI ст. Жана Бадэна (1530—1596; Jean Bodin, лацінізаваная форма Johanus Bodinius). Ён жа ўвёў у якасьці навуковага паняцьця і палітыка‑прававога прынцыпу тэрмін «сувэрэнітэт», які застаўся зьнітаваны з паняцьцем рэспубліка. «Сувэрэнітэт ёсьць абсалютнай і вечнай уладай Рэспублікі», — так Ж. Бадэн акрэсьліў гэтую сувязь у сваёй працы «Шэсьць кніг пра Рэспубліку» («Six livres de la Rйpublique»). Кніга ўбачыла сьвет у 1576 г. па‑француску, а ў 1584 г. аўтар сам пераклаў яе на лаціну. Праца пра Рэспубліку стала галоўным творам Жана Бадэна і прынесла яму эўрапейскую cлаву. Аўтар пісаў, што сувэрэнная ўлада Рэспублікі распаўсюджваецца на ўсё грамадзтва і гэтым самым мае публічны характар, зьяўляецца спэцыфічнай прыкметаю дзяржавы. «…Варта бачыць у кожнай Рэспубліцы тых, хто трымае сувэрэнітэт, каб меркаваць пра тое, якая гэта дзяржава: у тым выпадку, калі сувэрэнітэт увасабляецца ў адным гаспадары, то мы назавем яе Манархіяй, калі да яго мае адносіны ўвесь народ, то мы скажам, што дзяржава зьяўляецца народнай; калі толькі меншая частка народу, мы будзем лічыць дзяржаву Арыстакратычнай». Дасьледчыкамі ўжо адзначалася, што словы «Манархія» і «Арыстакратычная» Ж. Бадэн пісаў зь вялікіх літараў, а «народная» — з малой. І гэта ёсьць сьведчаньнем праўнай пазыцыі праўніка. Увогуле Ж. Бадэн дапускаў, што Сувэрэнітэт можа ўвасабляцца ў кожнай з названых ім формаў кіраваньня. Але сам ён меркаваў, што пасьлядоўная і поўная рэалізацыя Сувэрэнітэту адбываецца толькі ў манархіі. Жан Бадэн — прыхільнік спадчыннай манархіі як найвышэйшай формы Рэспублікі. Між тым, ён крытычна ставіўся да абсалютнай манархіі і называў тры фактары, якія могуць абмежаваць уладу манарха:

1) калі манарх парушыць Боскія ці натуральныя законы;

2) калі падвысіць падаткі без атрыманьня згоды адпаведных упаўнаважаных інстытуцыяў дзяржавы;

3) калі адмовіцца ад выкананьня міжнародных пагадненьняў.

Ж. Бадэн адышоў ад разуменьня палітычнай улады ў інтэрпрэтацыі выключна праз рымскае права і сярэднявечную практыку. Францускі праўнік крытыкаваў таксама антычных аўтараў за тое, што яны вылучалі формы дзяржаўнага кіраваньня на грунце ідэі Справядлівасьці, у той час як трэба зыходзіць з ідэі і прынцыпу Сувэрэнітэту. Паводле Бадэна, Сувэрэнітэт зьяўляецца вытворным ад згоды народу (менавіта палітычнага народу) і ў той жа час сьцьвярджаецца прымусам.

Такім чынам, Рэспубліка ў Бадэна адпавядае паняцьцю Сувэрэнітэт, і калі той толькі ўвасабляецца ў дзяржаве, то Рэспубліка адпавядае Дзяржаве, пажадана — манархічнай. Не выпадкова таму ў ангельскіх выданьнях яшчэ XVII ст. Рэспубліку Бадэна перакладалі як «Commonwealth» — у сэнсе «супольнасьць», «дзяржава».

Сваім вучэньнем пра сувэрэнітэт Бадэн стварыў зладжаную публічна‑праўную канструкцыю новай эўрапейскай дзяржавы. Францускі праўнік вылучаўся рэалістычнай накіраванасьцю думкі, выхаванай старанным вывучэньнем «Палітыкі» Арыстотэля, да якой Бадэн напісаў падрабязныя камэнтары. Менавіта пад уплывам Арыстотэля ў Бадэна склалася ўсьведамленьне неабходнасьці параўнаўча‑гістарычнага вывучэньня разнастайных формаў дзяржаўнага кіраваньня з мэтаю стварэньня агульнага палітычнага вучэньня.

Экскурсавод па Парыжу для ліцьвінаў

Можна сьцьвярджаць, што досьвед і гістарычныя традыцыі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага паўплывалі на фармаваньне канцэпцыі Жана Бадэна. На карысьць гэтага маюцца зьвесткі зь біяграфіі, а таксама выказваньні самога клясыка праўнай думкі. Сам Бадэн часта адыходзіў ад чыста акадэмічных і тэарэтычных заняткаў. Моцны тэмпэрамэнт і прыродныя схільнасьці так ці інакш прыводзілі яго на шлях служэньня грамадзтву.

Калі ў 1573 г. пасольства Рэчы Паспалітай накіроўвалася да Генрыха Валюа, герцага Анжуйскага, каб прапанаваць яму карону, то ў жніўні таго ж году ў Мэцы, непадалёку ад францускай мяжы, паслоў сустрэў і зачытаў ім прывітальную прамову біскуп Шарль дэ Кар. Пра палітычны народ (шляхту) Рэчы Паспалітай там было сказана, што ён «ніколі ня зносіў тыраніі ніводнага ўладара, што, бадай, адзіны сярод народаў утрымаў старадаўняе права выбару караля, якое існавала яшчэ ў «залатым веку». У атачэньне біскупа ўваходзіў і разам зь ім сустракаў паслоў Рэчы Паспалітай Жан Бадэн, які на наступны год апублікаваў тэкст прамовы па‑француску. Францускія і польскія дасьледчыкі мяркуюць, што гэты тэкст для біскупа напісаў уласна Бадэн. І хоць выбарнасьць караля не была ідэалам Ж. Бадэна, але і вышэйпрыведзеная цытата адпавядае поглядам францускага праўніка на канцэпцыю Сувэрэнітэту як на паўнату ўлады і пераемнасьць права.

Ж. Бадэн суправаджаў паслоў Рэчы Паспалітай на шляху ў Парыж і знаёміў з гэтым горадам. Як мінімум, Бадэн выкарыстаў паслоў як крыніцу інфармацыі пра палітычны лад найбуйнейшай цэнтральнаэўрапейскай дзяржавы, пра што неаднаразова пісаў у сваёй працы «Рэспубліка». Таксама ён узгадваў імя Аляксандра Пронскага — прадстаўніка Вялікага Княства Літоўскага ў аб’яднаным пасольстве.

Князь Аляксандар Фрыдэрык Пронскі (каля 1550 — каля 1595), род якога паходзіў ад Рурыкавічаў, маладыя гады правёў пры двары францускага караля Карла ІХ, брата Генрыха Валюа. Што важна, ён вызнаваў кальвінізм і таму ўскосна быў уцягнуты ў барацьбу паміж каталікамі і гугенотамі ў Францыі, а таксама прэзэнтаваў пазыцыю пратэстантаў ВКЛ у перамовах з францускім каралеўскім домам. Нагадаем, што ўсяго толькі за год да прыезду пасольства Рэчы Паспалітай у Парыжы адбылася разьня пратэстантаў — Барталамееўская ноч (24 жніўня 1572 г.).

Імя Ж. Бадэна значылася ў сьпісе сьвіты будучага караля Генрыха ў Рэч Паспалітую, калі той у лютым 1574 г., выключна халоднай зімою, прыехаў у сваю новую краіну. Ужо потым, пасьля дэтранізацыі Генрыха Валюа, Бадэн настойваў на легітымнасьці прэтэнзіяў францускага караля Генрыха ІІІ на трон Рэчы Паспалітай. У любым выпадку, Бадэн атрымаў магчымасьць досыць блізка пазнаёміцца з праўнымі традыцыямі Рэчы Паспалітай, што паўплывала на распрацоўку яго канцэпцыяў. Усю сваю навуковую кар’еру Бадэн імкнуўся да сыстэматызацыі і ўпарадкаваньня: «...шматграннасьць ды неўпарадкаванасьць чалавечай дзейнасьці, шматлікія сьведчаньні гісторыі, у якіх дзеяньні і справы людзей завязаныя з пэўнымі заняткамі, уяўляюць зь сябе такі запас разнароднага матэрыялу, што гістарычныя працы ня могуць быць зразуметымі без выразнай сыстэмы, інакш іхны зьмест ненадоўга затрымаецца ў памяці».

Праца «Шэсьць кніг пра Рэспубліку» выйшла у сьвет праз два гады пасьля гісторыі з абраньнем на трон Рэчы Паспалітай і таемным ад’ездам адтуль 18—19 чэрвеня 1574 г. караля Генрыха.

Эвалюцыя тэрміну

Для праўнікаў XVI ст. тэрмін Рэспубліка меў маральна‑праўныя аспэкты, а не сымбалізаваў прынцып выбарнасьці кіраўніка дзяржавы. У 1588 г. у Статуце ВКЛ гэтае разуменьне было акрэсьлена наступным чынам: «Абачывалі то ўсіх вякоў людзі мудрыя, жэ ў каждай Рэчы Паспалітай чалавеку пачсьціваму нічога ня мает быці дарожшага над вольнасьць».

Эвалюцыя тэрміну прывяла да таго, што менавіта аспэкт выбарнасьці цэнтральнай улады (як рэалізацыя прынцыпу Сувэрэнітэту) замацаваўся за паняцьцем Рэспубліка. Найбольш выразна такое разуменьне Рэспублікі было сфармуляванае на пачатку ХІХ ст. «апосталам» аб’яднаньня Італіі Джузэпэ Мадзіні, які ў сваім вучэньні зыходзіў з чыста сьпірытуалістычных ідэяў. Бог зьяўляецца сьвету ў паступальным разьвіцьці і ўзвышэньні народаў. Выказьнікам Боскай волі зьяўляецца народ, а адзіная годная форма дзяржаўнага ладу — рэспубліка. Волевыяўленьне шляхам падачы галасоў — сьвяты абрад, у якім народ выконвае сваё прызначэньне. Ня нейкі адзіны чалавек, але ўвесь народ стане мэсіяй новага адкрыцьця.

На гэтым этапе тэрміналягічная трансфармацыя не спынілася. Сёньня мы маем прыклады многіх дзяржаваў, якія называюцца рэспублікамі, але зьяўляюцца звычайнымі дэспатыямі ці ваеннымі дыктатурамі. Іхныя ўладары кіруюць так, быццам яны перакананыя, што ніколі не памруць. Але наўрад ці яны здолеюць нас падмануць.

Алег Дзярновіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0