«Усталёўваць спадарожнікавыя антэны – забаронена», апошнімі днямі гэтай навіной ўзрушаныя не толькі жыхары Ліды, дзе мясцовыя ўлады маюць намер зняць усе «талеркі» з кватэрных дамоў. Вынік лідскага канфлікту, без сумневаў, вырашыць лёс сатэлітарнай тэлевізіі для ўсіх яе карыстальнікаў у Беларусі.

Першы наступ на «талеркі» лідскія камунальшчыкі зрабілі яшчэ год таму перад прэзідэнцкімі выбарамі. Як расказаў мясцовы жыхар Сяргей Коваль, яму патэлефанавалі тады з ЖЭСу (жыллёва‑экспуатацыйнай службы) і заявілі, што ён павінен зняць сатэлітарную антэну. На пытанне пра дакумент, якім абгрунтоўваецца такая навацыя, камунальшчкі, памяўшыся сказалі, што дакумента няма. Сяргей Коваль падпарадкавацца адмовіўся. Два тыдні таму яму ізноў патэлефанавалі:

«Сказалі: «Прыйдзіце, калі ласка ў ЖЭС, мы вам павінны даць папярэджанне, што калі вы не здымеце сатэлітарную антэну то будзеце аштрафаваныя на 15 базавых ставак». Але, відаць, ніхто не ідзе, таму яны пачалі па пад’ездах развешваць улёткі».

Аб’явы з пагрозай «у адваротным выпадку да вінаватых будуць прымененыя меры адміністрацыйнага ўздзеяння» па горадзе разляпілі ўсе 13 ЖЭСаў Ліды.

«Праблема ў нас! Ніхто не хоча здымаць! — скардзіцца старшы майстар ЖЭС№3 Тэрэза Лазоўская. – Я вось свой участак абыходжу, высвятляю — то «пасылаюць», сварацца! Людзі вельмі кепска рэагуюць, кажуць: «толькі праз суд!»

Але яе кіраўнік, в.а. начальніка ЖЭС №3 Руслан Аршанскі гаворыць рашуча: «Цяпер папярэджваем, а пасля пратаколы будзем складаць!

‑ А пасля што, будзеце машыну падганяць і здымаць?

‑ Ну, так… Зразумейце, гэта ж забаронена! Літаральна вось толькі праводзілі суботнік, здымалі антэны, праўда, такія, звычайныя… «талеркі» і ад радыётэлефонаў антэны мы пакуль не здымалі…Я ўвогуле не разумею: цяпер жа ёсць кабельнае тэлебачанне, 15‑20 каналаў! Навошта гэта патрэбна, антэна на балконе?!»

«Звярнуць асаблівую ўвагу…»

На пытанне пра дакумент, Руслан Аршанскі паказвае Загад, які ЖЭСы Ліды атрымалі ад гарадскога УЖРЭП (упраўленне камунальнае унітарнае прадпрыемства жыллёва камунальнай гаспадаркі) 28 сакавіка: «Скласці спісы выяўленых… самавольна усталяваных спадарожнікавых антэнаў… Предаставіть спіскі в УЖРЭП… Пры выдачы прадпісання пра зняццё, усталяваць тэрмін устранення парушэнняў 10 дзён».

Адзін з аўтараў гэатага дакумента, намеснік дыррэктара Лідскага УЖРЭП Віктар Вайтулевіч гаворыць, што ў сваю чаргу прадпрыемства выконвае загад Гарадзенскага абласнога упраўлення ЖКГ, ад 20 сакавіка. Праўда ў дакуменце з Гародні да сатэлітарных антэнаў можна аднесці толькі такі радок «Пры правядзенні аглядужыллёвага фонду асаблівую ўвагу звярнуць на тэхнічны стан… індывідуальных антэнаў…»

На пытанне як «звярнуць увагу» пераўтварылася ў «да вінаватых будуць прымененыя меры адміністрацыйнага ўздзеяння», Віктар Вайтулевіч адкрывае шуфляду стала і дастае тоўстую пажоўклую кніжку: «Правілы і нормы ўтрымання жылых дамоў» датаваную 1990 годам. «Вось, чытайце: «Забаронена: …усталеўваць на дахах ды фасадах дамоў індывідуальныя антэны…» Забаона паўтараецца іў «Правілах карыстання жылмі памяшканнямі» ад 1999 года і ў Пастанове Савета Міністраў ад 31 снежня 2006 года. І ўрэшце ў Адміністрацыйным Кодэксе, які ўвайшоў у сілу з 1 сакавіка за «самавольную ўстаноўку… спутнікавых антэнаў…» уведзенае пакаранне ад 3 да 15 базавых ставак.

Праўда для чыноўнікаў сярэдняга ўзроўню абласнога упраўлення ЖКГ «крыжовы паход» лідскіх калегаў на сатэлітарныя антэны стаў навіной. «Я ад вас упершыню такое чую! – гаворыць галоўны спецыяліст упраўлення Уладзімер Канцэвіч, менавіта ён рыхтаваў загад ад 20 сакавіка. – Я зара з імі зтэлефануюся, давеаюся, ператэлефануйце мне заўтра»

«Ніхто не дасць…»

Па версіі лідскіх камунальшчыкаў сатэлітарныя антэны забароненыя ўжо 17 год як. (Таксама, дарэчы, як і усталяванне балконных рамаў, перафарбоўка балконаў і вогуле любая змена знешнега аблічча фасадаў – тымі самымі артыкуламі).

«Мы ж не супраць сатэлітарных антэнаў, але ж іх трэба афармляць! Няхай атрыміваюць дазвол і ўсталёўваюць, і ніхто ім слова не скажа!» – гаворыць Віктар Вайтулевіч.

Сяргей Коваль лічыць, што гэта проста адгаворкі: «Як атрымаць гэты дазвол?! Ніхто яго не дасць, бо ніякага дазволу быць не можа».

Пытанне, якая інстанцыя выдае дазволы на сатэлітарныя антэны, супрацоўнікаў ЖЭС № 3 бянтэжыць. Тереза Лазоўская адказвае: «Пэўна, мы… Мы ж глядзім за дамамі, — І калі чалавек да вас прыйдзе па дазвол, то… — То ніхто не дасць!»

Віктар Вайтулевіч гаворыць, што працэдура атрымання дазволу на усталяванне сатэлітарных антэнаў нідзе ў заканадаўстве не прапісаная. Ён мяркуе, што ісці трэба па той самай схеме, як у выпадку перапланіроўкі жытла: зрабіць праект устаноўкі антэны, зацвердзіць яго ў пажарных, санстанцыі, архітэктуры, падпісаць дамову з будаўнічай арганізацыяй на выкананне работ, адаць пакет дакументаў ва УЖРЭП, той перадасць у выканкам, а там прымуць рашэнне, якое грунтуецца на законе… І тут чыноўнік адкрывае «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі»: «Забаронена… устаяванне індывідуальных антэнаў…»

«Мне хапае двух каналаў…»

ЖЭС № 3 падчас агляду дамоў на сваёй тэрыторыі «выявіў » каля 150 антэнаў. З улікам таго, што ў Лідзе 13 ЖЭСаў – то «талерак»у горадзе, можа меркаваць, каля 2 тысячаў. Паводле Віктара Вайтулевіча, ні адна з іх не ўсталяваная законна. Але ні да аднаго з уладальнікаў дагэтуль камунальшчыкі не прад’яўлялі прэтэнзіі. На пытанне чаму праз 17 год, раптам вырашылі дакладна выканаць старыя законы, Віктар Вайтулевіч прыводзіць розныя аргументы:

«А вы хочаце, каб на 18‑ты год кагосьці забіла?! Хто ведае, як яны замацавалі гэтую антэну?! А раптам яна заўтра людзям на галаву ўпадзе – хто будзе адказваць?Ды ўвогуле, невядома яшчэ, як яна на здароўе ўплывае, там жа выпраменьванне… А калі кожны ў сябе на балконе «талерку» паставіць – уяўляеце, што атрымаецца з дома?! Ды я ўвогуле не разумею: ёсць кабельная тэлевізія – хочаш 7 каналаў, сацыяльны пакет бясплатна, хочаш – 12, хочаш – 30! Што на той «талерцы» яшчэ глядзець?! Мне ўвогуле двух каналаў хапае!»

Сяргей Коваль аргументы пра «знешні выгляд дамоў» ды клопат пра бяспеку жыхароў называе смешнымі. Ён упэўнены, што «наступ на антэны» звязаны з хуткім стартам вяшчання незалежнага беларускага сатэлітарнага каналу «Белсат»: «Я думаю, што ўлады вырашылі ў асобна ўзятым рэгіёне, у Лідзе паглядзець, як народ будзе рэагаваць на такую забарону. Калі мы паслухмяна паздымаем нашыя антэны – яны будуць яго прымяняць па ўсёй рэспубліцы».

Тэрэса Лазоўская пацвярджае яго словы: «Не толькі ў нас, зараз будзе па ўсёй рэспубліцы так». Камунальшчыца – таксама мае сатэлітарную антэну, але здымаць яе не будзе, бо усталяваная «талерка» на прыватнай хаце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?