Штольня

Косткі

Сын прывіда

Дом васковых фігур

Выпадкова ў рукі трапілі цікавыя жанравыя стужкі, што распаўсюджваюцца на плытках і відэа. Не магу не ўзгадаць гэтыя фільмы – а заадно дам тлумачэньне малавядомага тэрміна.

posterШтольня (Штольня)

Украіна, 2006, каляровы, 90 хв.

Рэжысэр: Любамір Кабыльчук

Ролі выконваюць: Сяргей Стасько, Сьвятлана Артамонава, Павал Лі, Вольга Старажук, Аляксей Забягаеў

Жанр: Маладзёвая жахаўка

Мастацтва / Страх: 4 / 2

Калісьці ў Кіеве пакланяліся Перуну, але з прыняцьцём хрысьціянства стод быў зьнішчаны, а валхвы схаваліся ў пячорах. У нашыя дні студэнты-археолягі адправілся на практыку і ў лесе наткнуліся на закінутую штольню. Цікаўныя героі вырашылі дасьледаваць пячору… Лепей бы яны гэтага не рабілі.

На плытцы карціна была ў зборцы “расейскіх жахаў”, але гэта сучаснае ўкраінскае кіно, наўмысна створанае па рэцэптах амэрыканскіх жахавак – і, што падкрэсьлівалі стваральнікі, на ўкраінскай мове (на дыску карціна дубляваная па-расейску, але ўкраінскімі засталіся сьпевы).

Самае палахлівае ў фільме – гэта сама штольня, брудныя муры, нізкія столі, мільгатлівае сьвятло. Абавязковыя сьмерці герояў сьціпла-невыразныя, канфлікты – стандартна-умоўныя. Фінальны стод Перуна і жрэц-фізкультурнік выглядаюць кпінам з украінскага кіно, якое ў сваім архіве мае куды страшнейшыя кадры (дастаткова ўзгадаць раньнія стужкі Даўжэнкі).

«Штольня» ня вельмі розьніцца ад шматлікіх амэрыканскіх стужак клясы “B” і “Z” – але гэта нельга прызнаць недахопам.

Спробу стварыць сучаснае ўкраінскае жанравае кіно можна толькі вітаць. Прынамсі, украінская «Штольня» жывейшая за расейскую «Ведзьму» і «Мечаносца».

posterКосткі (Кости / Bones)

ЗША, 2001, каляровы, 92 хв.

Рэжысэр: Эрнэст Р.Дзікерсан

Ролі выконваюць: Снуп Дог, Прэм Грайр, Майкл Т.Ўайс, Кліфтан Паўэл, Рыкі Гарыс, Б’янка Лоўсан, Халіл Кейн

Жанр: Гатычна-маладзёвая афрапрыгонная містыка

Мастацтва / Страх: 5,5 / 6

У 1979 годзе Джымі Бонс быў паважаным і аўтарытэтным чалавекам на сваёй вулачцы. Яму здрадзілі й яго забілі – а цела закапалі ва ўласным доме. Праз 22 гады чацьвёра падлеткаў зрабілі там начны клюб. Дух Джымі вызваліўся і пачаў помсьціць…

«Косткі» – тыповы blaxploitation (афрапрыгон). Гэта значыць, фільм – створаны цемнаскурым рэжысэрам зь цемнаскурымі акторамі (белыя на дзясятых ралях) – і з побытам, знаёмым афраамэрыканцам. Гэныя «падпольныя» сацыяльна-крытычныя стужкі зьявіліся ў 70-ыя гады, адылі разгортваліся ў асноўных жанрах.

Сьлізевы горад памерлых, завяршальны рэп, гатычныя трушчобы, жанравыя цытаты з жахаўскай кінаклясыкі: фантанаваньне лічынкамі, цёмны сабака, здань у вэстэрнова-вампірычнай накідцы…

Муры становяцца паленым мясам грэшнікаў, сабачая трызна мантажуецца з уваскрашэньнем шкілета, сьпірытычны сэанс залівае крывёю ложак, а адсечаныя галовы (камэдыйныя пэрсанажы) – зацята спрачаюцца з забойцам-прывідам…

Рэжысэр фільму Эрнэст Дзікерсан (сябра Спайка Лі і ягоны апэратар) – падсьвечвае інфэрнальнае чырвона-зялёнымі колерамі, што для беларускага гледача тлумачэньняў не патрабуе.

posterСын прывіда (Сын призрака / Ghost Son)

Італія – Вялікабрытанія – Паўднёва-Афрыканская рэспубліка – Гішпанія, 2006, каляровы, 97 хв.

Рэжысэр: Ламбэрта Бава

Ролі выконваюць: Джон Ганна, Лаўра Гэрынг, Піт Постлуэйт, Караліна Катальдзі Тасоні

Жанр: Містыка

Мастацтва / Страх: 7 / 7

Стэйсі й Марк жывуць на фэрме ў Паўднёвае Афрыцы і вельмі кахаюць адзін аднаго. Але Марк гіне. Стэйсі ня можа зьмірыцца са стратай – і Марк прыходзіць да яе ўначы. Праз 9 месяцаў у Стэйсі нараджаецца сын. Сын прывіда…

Ламбэрта Бава – адна з ключавых фігураў «лацінскага хорару», годны прадаўжальнік «страшнае» справы свайго бацькі – рэжысэра Марыё Бавы. Для «лацінскага хорару» характэрна выкшталцоная візуальная атмасфэра, трымценнае сэксуальнае шаленства й залімітны кантакт зь небясьпечным звышнатуральным.

У «Сыне прывіда» сплятаюцца трызьненьне й рэальнасьць, актрыса Лаўра Гэрынг калоціцца ад жаху пад трывожную музыку Паола Вівальдзі, сьцені жаданьняў набываюць злавесную плоць, а маленькае дзіця (як у «Могілках хатніх жывёлаў» і «Омэне») пнецца стаць забойцам.

Апошняя стужка Ламбэрта Бавы была ня вельмі прыхільна ўспрынятая гледачамі й крытыкай (ад рэжысэра чакалі шоку «Макабра» і «Дэманаў»), але пры любым раскладзе гэны эўрапейскі фільм палахлівейшы за шараговую галівудзкую прадукцыю.

posterДом васковых фігур (Дом восковых фигур / House of Wax)

ЗША – Аўстралія, 2005, каляровы, 113 хв.

Рэжысэр: Хаум Кайет-Сэра

Ролі выконваюць: Эліша Катбэрт, Чад Майкл-Мюрэй, Браян Ван Хольт, Пэрыс Гілтан, Ярэд Падалецкі, Джон Абрагамз

Жанр: Расьсякальнік (slasher)

Мастацтва / Страх: 6 / 7

Кампанія маладых людзей едзе паглядзець на футбол. У лесе адна з машынаў ламаецца. Хлопец зь дзяўчынкай адпраўляюцца ў найбліжэйшае мястэчка па дапамогу; неўзабаве да іх далучацца й астатнія небаракі. У горадзе найважнейшая ўстанова – Дом васковых фігураў, экспанаты якога выглядаюць надзіва рэалістычнымі. У гэтым няма анічога дзіўнага – і ў герояў ёсьць усе шанцы далучыцца да кашмарнае экспазыцыі.

Карціна, прадусаваная Робэртам Зэмэкісам і Джоэлам Сільвэрам, – двайны рэмэйк. Стужка Андрэ Дэ Тота 1953 году «Музэй васковых фігураў» зь Вінсэнтам Прайсам паўтарала карціну 1933 году. А, увогуле, на «васковую» тэму, пачынаючы з 20-ых гадоў, зьнята ня меней за пяць стужак. Але, калі ранейшыя карціны рабілі акцэнт на ажыўленых экспанатах, ці, прынамсі, на пакутах «васковага» мастака-дэміюрга, то сучасны фільм улічвае досьвед шматлікіх шкуматаньнікаў і расьсякальнікаў – ад «Тэхаскай разьні бэнзапілой» да «Павароту не туды».

А стваральнік музэю «раздвоіўся». Маньякі – браты-блізьняты (абедзьве ролі – Браян Ван Хольт), злучаныя нянавісьцю й паталягічнымі злачынствамі. Мясныя кашмары падкрэсьліваюцца: цела заліваецца воскам, зьдзіраецца скура, лом прабівае галаву. Пусты горад запоўнены васковымі статуямі, а зьляканы крык пачуць немагчыма (акрываўлены рот залеплены клеем).

Амэрыканцаў вабілі на карціну «забітаю» Пэрыс Гілтан, сьвецкай ільвіцай і спадчыньніцай сеткі гатэляў (бляндынка-скандалістка заслужана атрымала «Залатую маліну» за найгоршую ролю).

Але для сваёй паджанравай катэгорыі фільм даволі прыстойны.

Усе фільмы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?