Лад, 20.55 (паўтор у нядзелю а 06.20)

Хапай грошы й уцякай (Take the Money and Run)

ЗША, 1969, ч/б і каляровы, 85 хв.

Рэжысэр: Вудзі Алэн

Ролі выконваюць: Вудзі Алэн, Джэнэт Марголін, Марсэль Гілары, Жаклін Гайд, Лоні Чэпмэн, Джэн Мэрлін, Джэймз Андэрсан, Говард Сторм

Жанр: Крымінальная камэдыя

Верджыл (Вудзі Алэн) – сарамлівы небарака ў рагавых акулярах і навязьлівы рабаўнік па сумяшчальніцтве, які кожны раз трапляе турму. Пасьля чарговай адседкі герой адпраўляецца ў парк, каб сьцягнуць чыйсьці гаманец, але сустракае жанчыну сваёй мары. Для поўнага шчасьця Верджыл вырашае абрабаваць банк…

Рэжысэрскі дэбют Вудзі Алэна, пастаўлены ў псэўдадакумэнтальнай манеры. Голас ад аўтара падрабязна камэнтуе жыцьцё сарамлівага злодзея…

АНТ, 21.05

Целаахоўнік (Bodyguard)

ЗША, 1992, каляровы, 130 хв.

Рэжысэр: Мік Джэксан

Ролі выконваюць: Кевін Кёстнэр, Ўітні Г’юстан, Гары Кемп, Білі Кобс, Ральф Ўэйт, Томас Арана

Жанр: Мэлядраматычны трымценьнік

Адзнака: 5 (з 10)

Фрэнк Фармэр, былы целаахоўнік Рэйгана, наймаецца да цемнаскурай сьпявачкі Рэйчэл, якой нехта пагражае. Целаахоўнік і сьпявачка – закахаюцца адзін у аднаго…

Складзены ў 70-ыя сцэнар Лорэнса Кэздана пісаўся ў разьліку на Стыва МакКуіна і Даяну Рос. Адылі ён быў выпраўлены пад Кёстнэра й Г’юстан.

Папулярная саладжава-кічавая карціна атрымала шмат намінацый дый узнагародаў (MTV, Grammy) – у тым ліку і «Залатую маліну» за найгоршы фільм, найгоршага актора й найгоршую актрысу.

Лад, 22.55

Кліент (Client)

ЗША, 1994, каляровы, 119 хв.

Рэжысэр: Джоэль Шумахер

Ролі выконваюць: Сьюзан Сарандон, Томі Лі Джонз, Мэры-Луіз Паркер, Энтані ла Палья, Энтані Эдвардз, Дж.Т.Ўолш, Брэд Рэнфра

Жанр: Трымценьнік паводле раману Джона Грышэма

Адзнака: 6,5 (з 10)

Хлопчык (Брэд Рэнфра) стаўся сьведкам самазабойства мафіёзьніка. Перад сьмерцю той паведаміў хлопчыку, дзе закапаны труп сэнатара, забітага злачынцамі. Мафія пачынае паляваньне на дзіця, а ФБР патрабуе, каб хлопчык даў паказаньні – і не гарантуюць яму абароны. На дапамогу герою прыходзіць адвакатка (Сьюзан Сарандон), якая дапамагае дзіцяці захаваць жыцьцё – і выкрыць забойцаў.

Карціна зь вельмі добрым падборам актораў, моцным сцэнаром і прафэсійнаю рэжысурай. Сьюзан Сарандон стварыла складаны вобраз годнай адвакаткі, нешчасьлівай у асабістым жыцьці, Брэд Рэнфра – зьляканы й упарты хлопчык, Томі Лі Джонз – ганарлівы жорсткі пракурор.

СТВ, 23.10

Новыя казкі братоў Грым (Grimm)

Нідэрлянды, 2003, каляровы, 103 хв.

Рэжысэр: Алекс ван Вармэрдам

Ролі выконваюць: Галін Рэйн, Якаб Дэрвіг, Кармэла Гомэз, Уліс Дзюмон, Эльвіра Мінгес, Лаўра Сэпэда

Жанр: Чорная сучасная казка на арт-гаўзны лад

Адзнака: 7 (з 10)

Беспрацоўны бацька завёў перарослых Якаба й Марыю ў лес. Дзеткі не памерлі, але адправіліся да свайго дзядзькі ў Гішпанію...

Лясьнічыха-гвалтаўніца, выразаныя ныркі, гульні ў вэстэрн, галяндзкія зьдзекі з Гішпаніі. Адмысловы фільм з атрутнымі колерамі, гратэскам… і дзіцячымі казкамі, не прызначанымі для дзяцей.

Карціна дэманстравалася ў кінафармаце «4х4».

Усе фільмы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?