Чэрвень — гэта горад драўляных скульптураў і шыльдаў. Такое ўражаньне складаецца, калі ўпершыню трапляеш туды. Яны тут абсалютна паўсюль. Зусім недалёка ад традыцыйнага Леніна на цэнтральнай плошчы стаіць драўляны помнік кампазытару Станіславу Манюшку, ураджэнцу гэтых мясьцінаў.

Дарэчы, Манюшка не адзіны вядомы кампазытар з Чэрвеньшчыны. Ёсьць у горадзе таксама шыльда ў гонар Міколы Равенскага, аўтара музыкі да гімну «Магутны Божа». Ён працяглы час жыў і працаваў у Чэрвені. Цэлы шэраг драўляных скульптураў стаіць ля мясцовага дому дзіцячай творчасьці.

Акурат у Доме творчасьці да апошняга працаваў мясцовы мастак і скульптар Генадзь Матусевіч. Усе драўляныя шыльды і скульптуры, якія можна пабачыць у Чэрвені — яго работа. Ужо амаль год як Матусевіч беспрацоўны. Летась у доме творчасьці Генадзю адмовіліся даваць летні адпачынак, а яму трэба было ўсе сілы кінуць на пабудову новага дому, таму і звольніўся з працы. «Мы з жонкай і двума дзецьмі ўсё жыцьцё пражылі ў аднапакаёвай кватэры, болей так працягвацца не магло, таму і вырашыў сканцэнтравацца на доме», — кажа Генадзь.

Новы дом Матусевічаў знаходзіцца на ўскрайку Чэрвеня, ля мястэчка з прыгожай небеларускай назвай «Эмульбіт» — так называецца блізкі завод па вырабе асфальту. Дом прасторны, адно што яшчэ недабудаваны. Разам са спадаром Генадзем жыве яго жонка і малы сын. Старэйшая дачка нядаўна выйшла замуж.

Увесь другі паверх аддадзены на мастацкую майстэрню. Яна застаўленая карцінамі, скульптурамі. Мастак кажа, што зьбіраецца нарабіць з дрэва выяваў паганскіх багоў і абставіць імі дом з усіх бакоў. Матусевіч лічыць сябе паганцам. Але гэта не перашкодзіла яму аздабляць мясцовы касьцёл.

Паганец у касьцёле

Так, на падворку бажніцы стаіць драўляная выява Ігуменьні, якая трымае ў руках скрутак з тэкстам Натальлі Арсеньневай «Магутны Божа». Тамсама вялікі крыж. І гэта праца Генадзя Матусевіча.

Касьцёл дагэтуль недабудаваны, хоць будаўніцтва вядзецца больш за дзесяць гадоў. Акурат год таму памёр мясцовы пробашч Мечыслаў Лабяка. Ня вытрымаў усіх цяжкасьцяў, зьвязаных з будаўніцтвам касьцёлу. Сэрца спынілася проста, калі сядзеў за сталом. Там, у касьцельнай бакоўцы, яго і знайшлі парафіяне.

Новы ксёндз Павал Кручак — зямляк айца Мечыслава: ён таксама з Лодзі. Служыцьён па‑беларуску, а казані гаворыць дзівоснай трасянкай польскай, беларускай і расейскай. Будаўніцтва касьцёлу даецца ў знакі і новаму пробашчу, увесь вольны час даводзіцца аддаваць, працуючы рыдлёўкай ды сякерай.

Г.Матусевіч кажа, што ксёндз спрабуе выбіць зь яго «паганскае дурноцьце», але слаба выходзіць. Для касьцёлу Генадзь зрабіў некалькі расьпяцьцяў, выяву Панны Марыі, шмат чаго яшчэ. Усё гэта ён робіць на добраахвотнай аснове, касьцёл ня мае грошай, каб нешта заплаціць. Аднак мастак радуецца і такой працы.

Дапамагаюць ірляндцы

Ня так даўно пару скульптураў у Матусевіча замовілі ірляндцы. Яны ў Чэрвені частыя госьці, бо апякуюцца мясцовым домам‑інтэрнатам. Летась, каб адкрыць інтэрнат, прыяжджаў асабіста Лукашэнка. У інтэрнаце самыя высокія ў Чэрвені заробкі, уладкавацца туды на працу можна толькі па вялікім блаце.

Ірляндцы ж прыяжджаюць сюды па некалькі разоў на год, прывозяць гуманітарную дапамогу. Нярэдка ўсынаўляюць гадаванцаў інтэрнату. Ужо легендай сярод чэрвеньцаў ходзіць гісторыя пра дзяўчынку Леру, якую забрала да сябе ірляндзкая сям’я. І як яна там змагла акрыяць. У інтэрнаце ж на Леры даўно паставілі крыж.

Пасьля гісторыі зь Вікай Мароз ірляндцам працаваць зь беларускімі сіротамі становіцца ўсё цяжэй, аднак яны не апускаюць рукі. Працягваюць дапамагаць, чым толькі могуць.

Пагоня на цэнтральнай плошчы

Чэрвень, напэўна, адзінае беларускае места, дзе на цэнтральнай плошчы ёсьць шыльда з выявай Пагоні. Дакладней, шыльда, усталяваная ў гонар маці Максіма Багдановіча Марыі Мякоты, якая тут нарадзілася. Аднак на заднім пляне шыльды надзвычай добра бачная выява Пагоні. Мясцовае чынавенства доўгі час не давала дазволу вывесіць шыльду, але ўмяшаўся галоўны архітэктар Менскай вобласьці, які ўзяў усю адказнасьць на сябе. Шыльду ўрачыста ўсталявалі ў ліпені 1998‑га.

Скульптуры Г.Матусевіча стаяць і ва ўрочышчы Цагельня, дзе 26 чэрвеня 1941 г. расстралялі вязьняў Чэрвеньскай турмы. У памяць аб іх дэмакратычныя актывісты штогод ладзяць «Ігуменскі шлях». Ня толькі зь Беларусі, але і зь Літвы, з Польшчы прыяжджаюць цэлыя аўтобусы людзей.

Апроч скульптуры, Матусевіч займаецца жывапісам. Апошнімі гадамі нідзе не выстаўляўся. Спадзяваньні ізноў жа на ірляндцаў, якія часам могуць набыць нейкую карціну.

Сёньня Генадзь Матусевіч думае пра тое, як правесьці ў хату тэлефон, каб быў інтэрнэт, а таксама пра набыцьцё машыны. Жыцьцё ідзе сваім ходам. Ягоны прыклад яскрава даказвае, што нават адзін чалавек у стане беларусізаваць цэлы горад.

Зьміцер Панкавец, Чэрвень - Менск

Ігуменьня з «Магутным Божам»

Помнік Манюшку

Цагельня - Чэрвеньскія Курапаты

Тут нарадзілася маці Багдановіча

Здымкі Арцёма Лявы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0