Канстанцін Міхальцоў. Фота: архіў суразмоўцы

Канстанцін Міхальцоў. Фота: архіў суразмоўцы

Дапамагчы Канстанціну можна тут.

«Дзівіўся, што людзей садзяць ні за што. Думаў, са мной такое не здарыцца»

Канстанціну 26 гадоў. Хлопец родам з Рэчыцы, там і жыў усё жыццё. Пасля каледжа ён пайшоў рабочым на «Беларуснафту», займаўся геафізічнымі працамі.

Рэчыцкія пратэсты 9 жніўня 2020 года, на якія выйшаў Косця, сталі для яго адзінымі ў жыцці. Сабралося 100-150 чалавек, згадвае хлопец: «Проста абмяркоўвалі мінулы дзень, галасаванне, што як у каго прайшло, што было на выбарчых участках. Былі хлопцы з нашай чырвона-белай сімволікай, ніхто нічога не выкрыкваў, усё было спакойна.

У адзін момант сілавікі пачалі выдзіраць з натоўпу некалькіх чалавек. Я іх не ведаў, але мне не спадабалася, што хлопцы нічога не рабілі, а іх хочуць затрымаць. Пайшоў за супрацоўнікам і ў пэўны момант штурхануў яго ў спіну.

Была заварушка з выездам машыны са стаянкі, нехта спрабаваў перакрыць ёй выезд — падобна да правакацыі з боку супрацоўнікаў».

Уначы Канстанцін спакойна вярнуўся дахаты. Пра падзеі на плошчы ён забыў да 12 мая 2021 года, калі ў яго з сябрам здымную кватэру прыйшлі з вобшукам. У работнікаў «Беларуснафты» быў працоўны чат, дзе шмат абмяркоўвалі палітыку, і там сілавікі знайшлі абразы ў бок Лукашэнкі.

А 5-й ранку да сямі-васьмі супрацоўнікаў прадпрыемства, якія ўдзельнічалі ў чаце, прыйшлі з вобшукам. У Міхальцова забралі пярцовы балончык, сшытак з паролямі, тэлефон ды планшэт і павезлі разам з сябрам даваць паказанні ва ўчастак. Хлопцы не супраціўляліся — трэба дык трэба.

Ва ўчастку іх пратрымалі да вечара — дабіваліся паказанняў супраць калегі, на якога ўжо завялі крыміналку за абразу Лукашэнкі. На тры дні Канстанціна пакінулі ў ІЧУ, потым далі дзесяць сутак за «непадпарадкаванне пры вобшуку», а ўрэшце завялі крыміналку. Хлопцу нагадалі падзеі 9 жніўня — яго абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых мерапрыемствах і пагрозе гвалту супрацоўніку пры выкананні, а заадно дадалі артыкул за каментар пра Лукашэнку.

Паверыць у гэта было цяжка, згадвае Канстанцін:

«З першага дня думаў, што гэта ўсё памылка, я ж нічога не зрабіў. Перад судом па адміністратыўцы думаў, што зараз разбяруцца. Калі чакаў суда па крыміналцы, верыў, што вось цяпер яны зразумеюць, што я нічога не зрабіў. Да гэтага чытаў навіны і дзівіўся, што людзей садзяць ні за што, але звычайна гэта былі вядомыя людзі. Думаў, што са мной такое не здарыцца, я ж ціхі і несамавіты. 

Пасля таго, як пракурор запытаў 4 гады пазбаўлення волі, я зразумеў — хутчэй за ўсё, давядзецца сядзець. Прыйшоў у сябе, быў спустошаны».

Да суда Міхальцоў знаходзіўся ў гомельскім СІЗА і ў рэчыцкім ІЧУ. Успамінае, што заставаўся без перадач і нармальнага харчавання, быў вымушаны спаць на падлозе.

У выніку хлопцу прысудзілі 3 гады і накіравалі адбываць тэрмін у магілёўскую калонію №15.

«Стаіць атрад у сто чалавек, а цябе могуць вывесці і перад усімі трохі ўдарыць»

Фізічнага гвалту ў калоніі хлопец амаль не зазнаў, але быў псіхалагічны ціск — вязень адчуваў, як і іншыя «экстрэмісты», стаўленне да сябе быццам да здрадніка радзімы. Канстанцін згадвае рапарты ў свой адрас пра надуманыя парушэнні, цяжкасць жыцця без перадач і званкоў, а таксама абразы: 

«Супрацоўнікі любілі пры ўсіх зняважыць вязняў. Па турэмных мерках такія знявагі нельга дараваць, і адміністрацыя пра гэта ведае. Стаіць атрад, сто чалавек, а цябе могуць вывесці і перад усімі трохі ўдарыць, назваць «пеўнем» ці аналагічным словам. Гэта спецыяльна рабілі, каб цябе справакаваць. Усе ж ведаюць: калі ты ўдарыш супрацоўніка, атрымаеш яшчэ адну крыміналку. Яны робяць так, каб астатнія вязні таксама цябе чапалі і каб потым на пустым месцы ўзнікалі плёткі».

У такіх умовах беларус часам нават радаваўся суткам у ШІЗА — там было спакайней, бо не даводзілася перасякацца з адміністрацыяй і пастаянна чагосьці баяцца. З тых дзён яму запомніўся холад, бо каб сагрэцца і паспаць у ШІЗА, даводзілася адціскацца.

Канстанцін Міхальцоў. Фота: архіў суразмоўцы

Канстанцін Міхальцоў. Фота: архіў суразмоўцы

За кратамі Канстанцін змяніў погляд шмат на што:

«У мяне былі стэрэатыпы пра тое, якія людзі сядзяць у турме, але такіх людзей, як уяўляў, я, можа, і не сустрэў. Нават тыя, хто сядзяць за наркотыкі, вельмі класныя ў камунікацыі людзі, у мяне пра іх моцна змянілася меркаванне. Зразумеў, што за кратамі таксама людзі.

Чуў шмат гісторый пра міліцэйскія правакацыі, калі да таго, хто курыць траву, міліцыя дасылае чалавека з грашыма, каб той яе яму даў. Тады гэта ўжо трэцяя, больш цяжкая частка артыкула 328, а не першая. Чуў і пра тое, як людзей садзілі не за наркотыкі, а за муку і падобныя рэчывы — яны ішлі забіраць наркотыкі, а там былі муляжы. Хоць для мяне гэта не апраўданне, бо чалавек жа ўсё роўна ішоў па наркотыкі. Мне таксама было дзіўна, што за наркотыкі сядзіць шмат маладых хлопцаў — 2003, 2004 год нараджэння, але хапала і даволі дарослых людзей». 

Пасля прысуду хлопец расстаўся з дзяўчынай, з якой быў разам шэсць гадоў, называе яе сваім першым каханнем. Каб захаваць магчымасць хоць нейкай камунікацыі, ім трэба было пабрацца шлюбам, а дзяўчына на гэта не пагадзілася. Пра зняволенага хлопца яна быццам забыла: не спрабавала з ім звязацца праз сваякоў і бегла ад кантакту, калі тыя па яго просьбе звязваліся з ёй.

Крыўды на дзяўчыну, аднак, y Канстанціна не было: «Быў злы на сябе, што трапіў у гэта ўсё, а на каго яшчэ быць злым? Шмат хто казаў у турме: калі табе нешта не падабаецца [ў краіне], чаму ты не з’ехаў? Калі да гэтага я бачыў навіны, што людзей садзяць, мяне моцна прыгнятала, што я нічога не раблю, ніяк іх не падтрымліваю, а яны будуць сядзець ні за што. Калі мяне пасадзілі, у нечым адчуў палёгку — маўляў, маё сумленне чыстае, я цяпер такі ж, значыць, і я нешта зрабіў».

Хаця хлопец на волі толькі тры месяцы, дэталі жыцця ў калоніі патроху сціраюцца з памяці. Ён разважае: можа, пачаў забываць з-за таго, што хочацца гэта забыць. Калі ты за кратамі, да благога стаўлення прывыкаеш, а на волі пачынаеш усведамляць, наколькі гэта ўсё ненармальна.

«Дзяўчына сказала, што не хоча адносінаў, гэта мяне яшчэ больш дабіла»

Косця кажа пра тое, як змяніўся пасля калоніі: «Разумееш, што мусіш карыстацца магчымасцю шмат чаго рабіць, бо там у людзей яе няма. Так з усім, і з камунікацыяй: пяць званкоў штомесяц — насамрэч гэта не так і шмат. З намі на званках заўжды быў аператыўнік, сачыў за кожным словам. Званкі па сем хвілін, а яшчэ дазваніцца трэба, так што перыядычна гутарылі па дзве-тры хвіліны. І тое няблага, што можна сказаць — «у мяне ўсё ў парадку».

Да турмы трохі думаў з’ехаць з краіны, але ў мяне была «Беларуснафта», дзяўчына, здымная кватэра, мне ўсяго хапала. Пасля турмы кінуў геймерства, на якое раней выдаткоўваў шмат грошаў і часу. Пачаў цаніць спорт: у калоніі «экстрэмістам» няма дзе займацца спортам, бо не пускаюць на стадыён, гэта вельмі ўскладняе жыццё. Пасля ўсіх забаронаў, пасля таго, як доўга жывеш без садавіны і гародніны, а потым выходзіш і маеш безліміт, пачынаеш усё цаніць больш».

Канстанцін Міхальцоў. Фота: архіў суразмоўцы

Канстанцін Міхальцоў. Фота: архіў суразмоўцы

Да выхаду на волю, расказвае хлопец, ён думаў, што ў краіне нічога не змянілася. Уяўляў, што ў дзень вызвалення праедзе вакол калоніі і паглядзіць, як яна выглядае звонку. Але калі выйшаў і пабачыў сяброў, захацеў проста хутчэй адтуль з’ехаць.

Адаптавацца да волі было складана: «Мяне моцна прыбіла дэпрэсія. Я такога не чакаў, і ад гэтага было яшчэ цяжэй. На мяне вельмі ціснула тое, што не маю працы і мушу жыць на грошы бацькі. Усе клікалі мяне да сябе жыць, але мяне напружвала, што жыву ў кагосьці.

Дзяўчына пазваніла мне ў дзень выхаду і пагадзілася сустрэцца. А там сказала, што не хоча адносінаў, хаця ў яе нікога не было. Гэта мяне яшчэ мацней дабіла, бо ўсё два гады пасля суда я часта пра яе думаў, спадзяваўся, што ўсё яшчэ можа быць нармальна».

Пасля вызвалення Канстанцін жыў на кватэры брата, і да яго пачалі наведвацца сілавікі. Пры гэтым хлопец пачаў моцна баяцца міліцыі, яму было страшна зайсці ў аддзяленне, пабачыць машыну з мігалкамі.

Першы раз з праверкай сілавікі прыйшлі да яго недзе праз тыдзень пасля вызвалення. А першай гадзіне ночы пазванілі ў дамафон, і хлопец адразу зразумеў, хто гэта:

«Калі яны пазванілі, я выключыў гук на дамафоне, але разумеў, што гэта яны, і пачаў выдаляць усе перапіскі з сябрамі за мяжой, з валанцёрамі. Праз тры хвіліны яны пазванілі ў дзверы, і мяне яшчэ болей пачало трэсці. Яны далі мне паперку, але я не мог яе падпісаць, бо моцна трэсліся рукі. А яны проста прыйшлі праверыць, ці я дома. Які ў гэтым сэнс, калі я ўжо адседзеў свой тэрмін?

За тры гады прывык, што да цябе ставяцца не як да чалавека — гавораць з табой груба, на «ты», моцна прыніжаюць, пасля гэтага маю вялікія праблемы з самаацэнкай. Пасля выхаду пачаў думаць, што цяпер усё нармальна, але калі прыйшоў у аддзяленне станавіцца на ўлік, мне пачаў грубіць чалавек у акенцы, хаця я проста пытаўся, як трапіць у пэўны кабінет. Мяне гэта моцна напужала».

Хлопец мусіў наведаць лекцыю ў мясцовым РАУС, але замест гэтага паехаў у Мінск на канцэрт, і тады на яго завялі адміністратыўку. Гэта стала апошняй кропляй — Міхальцоў перабраўся ў Польшчу, дзе спрабуе наладжваць жыццё.

«Ад палітыкі мяне моцна адвярнула — за кратамі любая згадка палітычнага дзеяча ці сітуацыі хутчэй за ўсё скончыцца ШІЗА. У Беларусь, калі гэта стане магчыма, не хачу, занадта шмат негатыўных успамінаў. Хіба што хацеў бы прыехаць у госці.

Хлопец, якога спрабаваў выратаваць? Нават не ведаю, хто гэта. Дый не спрабаваў даведацца. Ні пра што не шкадую, зрабіў так, як мне падказвала сумленне», — адзначае Косця.

Чытайце таксама:

Што вядома пра калонію асобага рэжыму ў Глыбокім, дзе сядзяць рэцыдывісты, «пажыццёвікі» і палітык Мікалай Статкевіч

Былы вядучы БТ Аўчыннікаў расказаў пра закуліссе працы, расчараванні і дапамогу палітвязням

Даведаліся пра зняволеных, якія ў гомельскай калоніі прэсавалі Марыю Калеснікаву

Клас
21
Панылы сорам
4
Ха-ха
8
Ого
3
Сумна
49
Абуральна
38

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?