«Наша Ніва» пабывала на адной з фінальных рэпетыцый і даведалася цікавосткі пра стварэнне пастаноўкі.

Спектакль-турэмны кватэрнік

Першапачаткова тэксты юрыста Максіма Знака трапілі ў рукі Алегу Гарбузу. Ён зацікавіўся гэтым матэрыялам і неўзабаве падключыў да чытанняў калегу Сяргея Чуба. Прыйшло разуменне, што для інсцэніровак спатрэбіцца рэжысёр — так у камандзе з’явіўся Войцех Урбанскі. За музычную частку паклікалі адказваць Уладзіміра Пугача з J:МОРС — у выніку ён не толькі напісаў восем песень для спектакля, але і нечакана для сябе самога стаў адным з акцёраў, які разам з купалаўцамі малюе на сцэне карціны жыцця ў камеры СІЗА.

«У нас стаяла задача стварыць песні на вершы палітвязняў. Я чытаў матэрыялы, якія ёсць у інтэрнэце, адфільтроўваў. Так нарадзіліся песні на вершы Максіма Знака і Андрэя Кузнечыка», — расказвае Уладзімір Пугач.

Дадаткова ён з нуля напісаў уласную песню паводле аднаго з апавяданняў. Яшчэ адзін гатовы твор кампазітара «Зброя» ідэальна пасаваў да зместу пастаноўкі, так што яго таксама ўключылі ў матэрыял.

Праца над спектаклем пачалася ў сакавіку, але і сёння, у апошнія дні напярэдадні прэм’еры, некаторыя рэчы перакройваюцца і даробліваюцца.

Фота з рэпетыцыі: «Белсат»

Фота з рэпетыцыі: «Белсат»

Рэпетыцыі праходзяць у падвале Музея вольнай Беларусі ў цэнтры Варшавы. Спускаючыся туды і трапляючы ў памяшканне з нарамі і матрацамі, лёгка злавіць адчуванне рэальнасці знаходжання ў камеры. Як прызнаецца рэжысёр, ідэальна было б граць гэты спектакль наўпрост тут, але ў гэтым падвале занадта цесна.

Войцех Урбанскі — паляк, але ён добра пагружаны ў беларускі кантэкст. Пасля сканчэння Варшаўскай тэатральнай акадэміі вучыўся на рэжысуры ў Піцерскай акадэміі тэатральнага мастацтва, там пазнаёміўся і з беларусамі, і з украінцамі. Паставіў некалькі твораў нашых драматургаў: «Чырвоную птушку» Паўла Расолкі, «Вонкавыя пабочныя» і «Ціхі шоргат сыходзячых крокаў» Дзмітрыя Багаслаўскага.

Войцех прызнаецца, што яшчэ тады, у 2010-я, Беларусь для яго была нейкім больш жахавітым месцам на кантрасце з Расіяй.

«Я ездзіў у Піцер праз Брэст і Оршу. І вось Орша мяне заўсёды пужала. Ты выходзіш на цэнтральную плошчу горада, а там героі працы, іх фотаздымкі, усё такое савецкае. Чыста, парадак — і страшна. Было адчуванне, што Беларусь ужо тады была рэжымам, у той час як у Расіі нібыта яшчэ быў дух свабоды».

Напярэдадні ўварвання Расіі ва Украіну Урбанскі паспеў зрабіць чытку дакументальнай п’есы Андрэя Курэйчыка «Галасы новай Беларусі» пра ахвяр рэпрэсій. Праз тры дні пачалася вайна, і ён, па яго словах, зразумеў, наколькі складаней цяпер будзе беларусам, бо ўвага свету пераключыцца на Украіну.

«Пры гэтым вось прайшло два гады. І мы ведаем, што па ваеннай сітуацыі ўсё цяжка і страшна. У Беларусі рэпрэсіі таксама не спыніліся. І таму я быў рады, што мы зможам папрацаваць над матэрыялам, які нясе ў сабе нейкае святло, як у апавяданнях Максіма Знака. Прызнаюся, калі чытаў іх першы час, падавалася, што яны нават занадта пазітыўныя, мне не хапала там нейкага трэшу, каб паказаць сапраўдны твар турмы. Але потым я зразумеў, што чытаю іх як паляк. У беларусаў, якія ўсё гэта перажывалі, перажылі эміграцыю, так ці інакш будзе іншае адчуванне ад гэтых тэкстаў. У іх ёсць дадатковы кантрапункт», — каментуе рэжысёр.

«Наша галоўная задача была — адысці ад цемры і дэпрэсіі»

Тыя, хто чытаў «Зэкамерон», сапраўды маглі заўважыць яго пазітыў: сукамернікі Максіма знаходзяць радаснае ў самым простым, стараюцца гумарыць, нягледзячы на імглістасць будучыні і ўмовы, у якіх знаходзяцца.

Рэпетыцыя стартавых сцэн таксама адкрываецца гарэзліва — акардэон, гітара, жартаўлівыя разважанні пра суд і тэрмін. Рэжысёр кажа, што абраў для спектакля форму гэткага турэмнага кватэрніку, бо яна адкрытая, дазваляе свабодна эксперыментаваць унутры. Атрымліваецца то канцэртны нумар, то перанясенне за зачыненыя дзверы. Нас запрашаюць убачыць тое, што звычайна недаступнае шэраговаму воку. Распарадак дня, правілы, мары. Сярод апошняга, канечне, пераважаюць надзеі на ранейшае вызваленне.

У нейкі момант у віры жартаў персанажаў, па-майстэрску і мастацку апісаных Знакам, можна забыцца, што падзеі разварочваюцца ў турме. Але тут строгі голас прадольнага (дзяжурнага) рэзка нагадвае, што гэта ніякі не піянерскі лагер. У галаве праносіцца, што навін пра Максіма Знака няма ўжо больш за год. На гэтым кантрасце пабудаваная ўся пастаноўка.

«У гэтым была наша галоўная задача — адысці ад цемры і дэпрэсіі. Мы ўсе разумеем, што без унутранага стрыжня, без веры ў штосьці добрае і лепшае гэта пачынаецца ўжо не жыццё. Але ёсць у спектаклі кавалкі, дзе, як ты ні спрабуеш адарвацца, але галавой разумееш, гэта — жах, трагедыя», — каментуе Сяргей Чуб.

Дарэчы, толькі супрацоўнікі СІЗА ў спектаклі размаўляюць па-руску. Агучыў наглядчыка акцёр Ігар Сігаў. Поўнае пагружэнне ў побыт турмы робіцца магчымым таксама дзякуючы працы саўнддызайнера Аляксандра Зелянеўскага, які не раз прасіў акцёраў пагрукатаць, павазіць тачку і пахадзіць па падвале строем, каб дабіцца неабходных яму гукавых эфектаў. 

Фота з рэпетыцыі: «Белсат»

Фота з рэпетыцыі: «Белсат»

«Самі хадзілі і шукалі рэквізіт на рынку»

Спектакль «Зэкамерон» ствараецца пры падтрымцы Беларускай рады культуры. Але ён не стаў бы магчымым без адданасці творчай каманды, якія на рэпетыцыях не толькі музыкі і акцёры з ранку да вечара, але і заадно — дызайнеры, грузчыкі, бухгалтары і гэтак далей.

«Хлопцы па выходных самі хадзілі і шукалі рэквізіт на рынку. Нешта на сайце Алегра замаўлялі, нешта на барахолках знайшлі. Адчулі на сабе поўны цыкл спектакля», — каментуе Уладзімір Пугач, які сам прыклаў руку да стварэння афішы.

Фота з рэпетыцыі: «Белсат»

Фота з рэпетыцыі: «Белсат»

Рэжысёр кажа, што марыць, каб гэты спектакль як мінімум пракаціўся па гарадах Польшчы, каб яго пабачылі не толькі беларусы, але і палякі. Для гэтага ўжо створаныя польскамоўныя субтытры:

«Хочацца сустрэцца з людзьмі па-за межамі сталіцы, каб і пагаварыць потым. Важна нагадваць пра Беларусь. Бо зразумела, што ўкраінцам усе суперажываюць, але ў Беларусі людзі гэтак жа сядзяць у турмах, гэтак жа паміраюць».

Пасля прэм’еры 7 мая спектакль плануюць паказаць у чэрвені, так што сачыце за афішамі Вольных Купалаўцаў. Магчыма, у пастаноўкі таксама з’явіцца анлайн-версія.

Чытайце таксама:

У мінскім Купалаўскім нарэшце прэм’ера па беларускамоўным творы — першая з часоў Латушкі

Акторка Крысціна Дробыш: Вытрымала ў эміграцыі месяц і вярнулася ў Мінск. Але вытрымала ў ім толькі месяц

Мінкульт скардзіцца: ніхто не хоча здымаць фільмы пра 2020 год і «гераізм сілавікоў»

Клас
15
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
2