Вучоныя з Швейцарскай вышэйшай тэхнічнай школы Цюрыха ў часопісе Nature Nanotechnology расказалі аб сваёй новай распрацоўцы — пратэінавым гелі, які рашчапляе алкаголь у страўнікава-кішэчным тракце.

Як вядома, большая частка алкаголю трапляе ў кроў праз слізістую абалонку страўніка і кішэчніка. Пападаючы ў печань, алкаголь ператвараецца спачатку ў таксічны ацэтальдэгід, а затым у адносна бясшкодную воцатную кіслату.

Ацэтальдэгід можа наносіць шкоду як печані, так і іншым органам. Калі за кароткі час ужыць шмат алкаголю, печань можа не паспець перапрацаваць таксічнае злучэнне ў воцатную кіслату, што прыводзіць да інтаксікацыі.

Гель, які прыдумалі вучоныя, пераносіць распад алкаголю з печані ў стрававальны тракт. У выніку метабалічных працэсаў дзякуючы гелю ацэтальдэгід як прамежкавы прадукт не ўтвараецца, што дазваляе пазбегнуць інтаксікацыі.

Для вытворчасці гелю даследчыкі выкарысталі звычайныя сыроватачныя бялкі — пабочны прадукт сыраробства. Іх варылі на працягу некалькіх гадзін да той пары, пакуль не ўтвараліся доўгія тонкія валокны. Затым вучоныя дадавалі соль і ваду ў якасці растваральніка. У выніку валокны ўтваралі гель.

Для расшчаплення гелю былі выкарыстаны глюкоза, атамы жалеза і нанакрупінкі золата. Гель прымаюць да ці падчас ужывання алкаголю. У страўніку запускаецца каскад рэакцый, якія ператвараюць спірт у воцатную кіслату.

Эфектыўнасць гелю вучоныя праверылі на мышах. Адной групе давалі алкаголь толькі адзін раз, другой — рэгулярна на працягу дзесяці дзён.

Праз трыццаць хвілін пасля аднаразовага прыёму алкаголю прафілактычнае прымяненне гелю зніжала ўзровень алкаголю ў мышэй на 40 працэнтаў. Праз пяць гадзін — на 56 працэнтаў у параўнанні з кантрольнай групай. У грызуноў менш назапашваўся шкодны ацэтальдэгід і значна зніжаліся стрэсавыя рэакцыі ў печані.

У мышэй, якім на працягу дзесяці дзён давалі алкаголь, быў заўважны не толькі ніжэйшы ўзровень алкаголю ў крыві, але і працяглы тэрапеўтычны эфект гелю. У іх была адзначана значна меншая страта вагі ў параўнанні з кантрольнай групай, меншае пашкоджанне печані а таксама лепшыя паказчыкі крыві. Значна меншыя пашкоджанні, якія звычайна выклікае алкаголь, мелі і іншыя органы мышэй, такія, як каса ці кішэчнік, а таксама іх тканкі.

Цяпер каманда распрацоўшчыкаў плануе правесці выпрабаванні на добраахвотніках. Калі гель падзейнічае на людзей, яго можна будзе выкарыстоўваць для прадухілення пахмелля і змяншэння шкоды ад хранічнага ўжывання алкаголю. Аднак вучоныя звяртаюць увагу, што гель эфектыўны толькі датуль, пакуль у страўнікава-кішэчным тракце ёсць алкаголь. Ён мала чым можа дапамагчы пры алкагольным атручэнні, калі алкаголь трапіў у крывацёк.

Вучоныя звяртаюць увагу, што выкарыстанне гелю не дапаможа зняць шкоду ад алкаголю ў цэлым. Карысней за ўсё ўвогуле яго не ўжываць.

Чытайце таксама:

Як алкаголь уплывае на жывот і чаму ад алкаголю стул становіцца дзіўным?

«Адзін келіх карысны»? Выглядае, што не

7 моцных міфаў пра алкаголь

Клас
52
Панылы сорам
34
Ха-ха
22
Ого
39
Сумна
43
Абуральна
72

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?