Ён столькі разоў абяцаў спыніць акцыю і столькі разоў выяўлялася, што ён толькі супакойвае родных, што паўстае пытаньне: ці спыніць ён галадоўку ўвогуле? А калі не, то... што тады? На момант здачы газэты ў друк С.Скрабец галадае ў турме ўжо саракавы дзень. Гэта той тэрмін, пасьля якога непапраўная шкода здароўю неўнікнёная. Міхаіл Хоміч, адвакат Скрабца, адказвае коратка, без эмоцый. У голасе адчуваецца насьцярожанасьць: лішняе слова можа нашкодзіць. «Так, Сяргей Скрабец працягвае галадоўку. Паводле ягоных слоў, утрымліваецца ў нармальных умовах, калі ўлічыць тое, што ён сядзіць у ізалятары. Кажа, што калектыў таксама нармальны. Што да канкрэтнай даты спыненьня галадоўкі — Скрабец пра гэта нічога не гаворыць».

Піша Алесь Кудрыцкі.

Калегі хвалююцца

Уладзімер Парфяновіч, былы калега С.Скрабца па дэпутацкай групе «Рэспубліка», раіў Сяргею спыніць галадоўку і быў вельмі ўстрывожаны, калі даведаўся, што той да парады не прыслухаўся. «Ён не спыніў галадоўкі? Але ж мы яго ўсе прасілі, і жонка ягоная прасіла. Навошта гэтая ахвяра? У сёньняшняй сытуацыі гэта нічога ня дасьць».

Валер Фралоў таксама турбуецца лёсам Сяргея: «Чалавек дайшоў да самай апошняй мяжы, яго стан складаны. Жонка кажа, што ён аслабеў, галава моцна баліць, Я яму кажу: Сярожа, супраць гэтых нядобрых людзей іншымі спосабамі трэба змагацца. Ён нам патрэбны жывы. Я безь яго сумую. Апошні час ён на працы разам са мной больш часу праводзіў, чым дома. Я безь яго — як руку адрубілі. Гэта незвычайна мэтанакіраваны чалавек, настойлівы мужык, сябар мой».

Падобнае стаўленьне да галадоўкі і сярод іншых палітыкаў. «Шкада, што людзі ў Беларусі вымушаны зьвяртацца да тагога спосабу пратэсту, — кажа Анатоль Лябедзька. — Ва ўмовах «прававога Чарнобылю» ніхто ня можа гарантаваць, што галадоўкі ня будуць выкарыстоўвацца і ў будучыні. Гэты спосаб барацьбы мае права на існаваньне, але толькі як магчымасьць зафіксаваць сваю пазыцыю, а не як спосаб самагубства. Наша партыя зьвярнулася да Скрабца зь лістом, у якім мы папрасілі яго спыніць галадоўку. Ёсьць межы, якія нельга пераходзіць, бо ахвяра можа быць занадта вялікай».

Уладзімер Колас лічыць, што ўлада па сваёй сутнасьці няздатная адрэагаваць на галадоўку належным чынам:: «Я, безумоўна, выказваю вялікую павагу да мужнасьці Сяргея, ён давёў сур’ёзнасьць сваіх намераў. Але я асабіста лічу, што ёсьць іншыя спосабы дасягненьня вынікаў, асабліва ў нашай сытуацыі, калі ўлада засьведчыла сваю маральную недзеяздольнасьць, адсутнасьць маральнага грунту, плебейства сваё, неразуменьне падмурку прыстойнасьці. Непрыстойна абыякава глядзець, як памірае чалавек, і ня проста чалавек, а грамадзкі дзеяч, былы дэпутат палаты прадстаўнікоў. Мы павін-ны шукаць іншыя сродкі ўзьдзеяньня на ўладу, бо яна разумее толькі адну мову. І мы павінны навучыцца гэтай мовай размаўляць. Я маю на ўвазе ня мову зброі, а кансалідацыю».

Як дапамагчы Скрабцу?

Ці зьвяртаўся да Сяргея Скрабца хто-небудзь да з канкрэтнымі прапановамі аб дапамозе? «Акрамя газэт — нічога я ня бачыў і ня чуў», — кажа адвакат Міхаіл Хоміч.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі гаворыць пра тое, што інфармацыйная падтрымка ёсьць: «Да гэтага часу мы яшчэ не былі зьвязаны ні зь ім, ні зь яго сям’ёй, але будзем аказваць усебаковую дапамогу. У нас ёсьць шырокія кантакты з замежнымі арганізацыямі, якія могуць уплываць на рашэньні сваіх урадаў, мы інфармуем іх пра ўсё, што адбываецца ў Беларусі, у тым ліку і пра справу Скрабца, ад самага першага дня галадоўкі. Але да апошняга часу была няпэўная сытуацыя — ягонага брата пасадзілі, было невядома, што з гэтага выйдзе. Канкрэтна самому Скрабцу падчас галадоўкі мы асабліва нічым дапамагчы не маглі, кантакты па зразумелых прычынах абмежаваныя. Цяпер адбылася сустрэча Скрабца зь сям’ёй, і мы пачнём максымальна яму дапамагаць. У першую чаргу гэта будзе інфармацыйная падтрымка. У гэтым мы і бачым асноўную функцыю праваабарончых арганізацый — максымальна прыцягваць увагу сваіх грамадзян і міжнароднай супольнасьці да таго, што адбываецца».

Кіраўніца Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька ставіцца да самой ідэі галадоўкі як сродку дасягненьня мэтаў крытычна: «Людзі зь Берасьцейскага аддзяленьня БХК ходзяць у ізалятар, перадаюць яму ваду і на ўсякае ўсё моркву і яблыкі на выпадак выхаду з галадоўкі. Пазыцыя БХК такая: мы паважаем выбар кожнага палітыка на карысьць тых ці іншых метадаў барацьбы, але наша стаўленьне да галадовак адмоўнае. Тым больш што Скрабец — дасьведчаны ў галадоўках чалавек — можа даць прыклад маладым і нявопытным, а гэта можа мець непрадказальныя вынікі. Мая асабістая пазыцыя такая: палітык павінен у першую чаргу заваёўваць уладу, а не паказваць, што ўлада дрэнная».

Брак падтрымкі

Ёсьць нешта незразумелае ў сытуацыі, якая склалася вакол галадоўкі С.Скрабца. Пратэсты супраць перайменаваньняў сталічных вуліц праводзяцца штотыдзень, а вось прыгадайце акцыю ў падтрымку С.Скрабца. Чаму зьмена шыльдаў хвалюе людзей больш, чым найдаўжэйшая галадоўка ў гісторыі краіны? «Сам ня ведаю, — адказвае Ўладзімер Парфяновіч. — І мне вельмі не падабаецца тое, што адбываецца ва ўсёй нашай сёньняшняй так званай апазыцыі. Нешта вельмі нядобрае».

Аляксандар Мілінкевіч: «Галадоўка дзейсная тады, калі ёсьць шырокая падтрымка грамадзкасьці. Усё павінна быць добра падрыхтавана. Я паважаю мужнасьць Сяргея і думаю, што ягоны пратэст ўсё-такі набыў гучаньне. Але акцый падтрымкі было незашмат. Рэакцыя на тое, што адбываецца, — неадэкватная, улічваючы тое, што чалавек знаходзіцца на мяжы жыцьця і сьмерці. Чаму так? Можа, гэта стан грамадзтва такі — людзі, у тым ліку і актывісты, зьняверыліся ў тым, што можна дасягнуць якіх-небудзь зьмен».

У аўторак, 21 чэрвеня, у турэмны шпіталь Івацэвіцкай калёніі трапіў адзін зь лідэраў гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі, якога пасадзілі на два гады за «зьнявагу» прэзыдэнта. Ён галадаў больш за тыдзень, што ў жорсткіх турэмных умовах не прайшло бяз вынікаў для здароўя: забалела сэрца. Сяргей Скрабец галадае ўжо амаль у шэсьць разоў даўжэй. Складанасьць у тым, што ва ўмовах ізалятару выйсьці з галадоўкі немагчыма, — але ніякіх намёкаў на тое, што яго могуць хаця б перавесьці ў турэмны шпіталь, пакуль няма.

Ня выключана, што асобныя чыноўнікі адчуваюць сябе ў гэтай сытуацыі няёмка (як гэта было ў Жодзіне падчас галадоўкі моладзі), але ў цэлым дзяржаўная машына застаецца абыякавай — вібрацыя асобных вінцікаў пакуль ня можа прымусіць яе захістацца. Тое бяздушша, зь якім улада сузірае тое, як чалавек глядзіць у вочы сьмерці, яшчэ раз паказвае, як танна яна цэніць жыцьці сваіх грамядзян. Нібы падказвае: галадайце — мы й брывом не павядзём, а калі выйдзеце на вуліцы — спынім любой цаной.

Сын Сяргея Скрабца: «Тата, рабі тое, што лічыш патрэбным»

Сын Сяргея Скрабца, Коля (19 гадоў): Я паважаю выбар бацькі. Я лічу, што ён робіць правільна. І каб ён нікога ня слухаў, а рабіў тое, што ён лічыць патрэбным.

«НН»: А што, калі гэта скончыцца трагічна?

КС: Ня ведаю. Ён разумее, што робіць. Дапускаю, што ён можа пайсьці да канца, але вельмі спадзяюся, што маё меркаваньне ўсё ж памылковае. Аднак паўтаруся: вырашаць яму. Я заўсёды буду на ягоным баку, заўсёды буду зь ім. Заўсёды.

«НН»: Вы падзяляеце матывацыю гэтай галадоўкі?

КС: Не. Павінны быць іншыя мэтады барацьбы.

Зварот дзеячаў культуры да Сяргея Скрабца

«Палітычная справа Сяргея Скрабца ўжо адбылася. Цяперашняя галодоўка ня мае ўплыву на палітычны працэс, а важнасьць захаваньня чалавечага жыцьця павінна заўсёды пераважаць. Мы разумеем матывацыю палітыка, але хацелі б, каб нашую матывацыю таго, што галадоўку трэба спыніць, зразумеў і Сяргей».

Зварот падпісалі, сярод іншых, Рыгор Барадулін, Уладзімер Арлоў, Сяргей Міхалок, Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, Вольга Караткевіч, Алег Хаменка, Ігар Варашкевіч, Уладзімер Някляеў, Аляксандар Кулінковіч, Слава Корань, Леанід Дранько-Майсюк.

ЯЎГЕН СЬВЯРСЬЦЮК: ГАЛАДОЎКА — ГЭТА АБО ТРАГЕДЫЯ, АБО ВЫЙГРЫШ, НЯ ВАРТЫ СТРАЧАНАГА ЗДАРОЎЯ

Але годны чалавек ня можа дзейнічаць іначай.

— Галадоўка — адзін з найбольш пашыраных спосабаў пратэсту, яшчэ са старажытных часоў. Мы часта карысталіся ім у савецкі час. У пляне непавагі да правоў чалавека лукашэнкаўскі рэжым можна шмат у чым параўнаць з брэжнеўскім. Таму ў Беларусі галадоўкі апраўданыя як крайні спосаб барацьбы за свае правы.

Вязьні палітычных лягераў толькі тым і трымаліся, што ладзілі галадоўкі. Я ня ведаю зоны, дзе яны б ня ладзіліся. Звычайна галадоўка мусіць мець на мэце дасягненьне канкрэтных патрабаваньняў — бо чым больш яны дакладна акрэсьленыя і дасягальныя, тым большы шанец дабіцца іх выкананьня.

Акцыя не апэлюе да міласэрнасьці тых, хто мае ўладу. Прыгадваю нашы галадоўкі ў лягерах — там і гаворкі не магло быць аб міласэрнасьці. Яна мае на мэце выклікаць зьбянтэжанасьць і страх у тых, хто парушыў закон і хто так ці іначай будзе за гэта адказваць.

Я галадаў некалькі разоў, але я ведаў, што ў мяне слабае сэрца і што я ня змог бы вытрымаць шматтыднёвай галадоўкі. Таму я выкарыстоўваў для галадоўкі тыя моманты, калі мяне кідалі ў карцэр на некалькі дзён — бо тэрмін гэтага пакараньня быў вызначаны і я ведаў, колькі мушу пратрымацца. Што да досьведу маіх сяброў, дык я не прыгадваю галадоўкі, якая б дала добры і яўна станоўчы вынік, нават наадварот — або трагедыя, або выйгрыш, які ўсё роўна ня быў варты страчанага здароўя.

Прыгадваю, як галадаў Сяргей Кавалёў, патрабуючы лячэньня. Галадоўка скончылася перамогай, але Сяргей займеў пасьля праблемы з сэрцам.

Прыгадваю, як Яраслаў Лэсіў, украінскі хлопец спартыўнага целаскладу, абвясьціў галадоўку пасьля таго, як яму падкінулі нейкую пігулку і абвінавацілі ў маніпуляцыях з наркотыкамі. Ён трымаў галадоўку 45 ці 48 дзён. Давёў сябе да стану абсалютнай дыстрафіі, але з галадоўкі выйшаў духоўна прасьветленым, зрабіўся выдатным грэка-каталіцкім сьвятаром.

Ці Васіль Стус, які памёр у карцэры, абвясьціўшы сухую галадоўку як пратэст супраць зьдзекаў турэмнага начальства.

Гаварыць пра галадоўку, зыходзячы з рацыянальных меркаваньняў, вельмі цяжка. Гэта маральны выбар. Але чалавек з абвостраным пачуцьцём уласнай годнасьці ня можа зрабіць інакш.

Нават у выгнаньні я мусіў аднойчы абвясьціць галадоўку, бо было груба парушана маё права на адпачынак. І я тады дамогся свайго, бо быў сябрам ПЭН-клюбу і ўлады не захацелі міжнароднага розгаласу. Яны не заўжды рэагавалі на галадоўкі канкрэтнымі дзеяньнямі, але няяўныя маральныя саступкі пасьля галадовак адчуваліся заўсёды. Гэтыя людзі бачылі маральны выбар, супраціў, які дужа кантраставаў зь іх асяродзьдзем, і заўжды рэагавалі на яго насьцярожана і нават спужана.

Запісаў Алесь Кудрыцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0