Свой слоўнічак

Піла на роднай куханьцы гарбату, ня маючы клопату й турбот. Сонечныя рамонкі на цыраце сузірала, рысункі мудрагелістыя на шпалерах, лядоўню — некрэатыўна-беласьнежную. Ох, раздражняе, таварышы, вока гэтая неабруджаная беласьнежнасьць дамоўкі маёй для сыру й каўбас! Вось і вырашыла творчасьцю дыхнуць на празаічны прадмет кухоннага інтэр’еру — лядоўню. Красачкі акварэльлю маляваць? Не! Нарадзілася зьнянацку больш карысная ідэя!

Перада мной слоўнікі Станкевіча ды Ластоўскага. Страціўшы арыентацыю ў часе, пазбаўляю цнатлівасьці колер сваёй лядоўні: наклейваю паперкі, на паперках — назвы таго, што трапляе на кухню, па-беларуску. І колькі самабытнасьці!

Компот — узвaр.

Пирожные — цeстачкі, альбо цeсткі, альбо мазулькi.

Мороженое васпан Ластоўскі інтэрпрэтуе як «зморазь». Зрэшты, асабіста мне даспадобы агульнаўжывальнае сёньня «марозіва».

Запазычанае францускае слоўца десерт мае адпаведнік «заeдкі», «заeдак». Ня так эстэтычна, але ж трапна!

Экзатычны фрукт персик — брусква.

Вяртаючыся да згаданых вышэй заедак, мармелад — мармаляда. Рафинад — чыстaк.

Бутерброд — лусьцік, лусьцeнь.

Кожура — кажурка, шалупіньне, шалупка, шалупа, лузга.

Ежа сухая — сухоўрыца.

Шкодна сухама (в сухомятку) есьці!

Ветчина — кумпячына.

Крупы, неаблупленая бульба ёсьць eмя, eміна — тое, з чаго гатуецца ежа. Ежа, яда — еміна згатаваная.

Наeдак — ежа наагул, ежа, якой можна наесьціся. Бульба не наедак, сала — во гэта наедак!

Едзь — ежа, наедак.

Ну а за сталом скажам: «Сыць, божа!» — што тоесна «Смачна есьці!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0