Менск, 7 лістапада. Міліцыянты прымусілі маладзёнаў з расейскай лявацкай арганізацыі АКМ («Авангард чырвонай моладзі») зьняць павязкі з сымболікай арганізацыі. Прыхільнікі левых ідэяў у гэты дзень ускладалі кветкі да помніка Леніну.

Аўтуховіч працягвае галадаваць

Ленінскі раённы суд Горадні 4 лістапада адмовіўся зьмяніць меру стрыманьня для ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча. Затрыманы працягвае галадоўку.

Калючы дрот Леніну

У Салігорску 7 лістапада маладыя людзі ўсклалі вянкі з калючага дроту да помніка Леніну. На адным быў надпіс «Ахвярам таталітарызму 1917—1991», на другім — «Ахвярам таталітарызму 1994—2005». Затрымалі 5 удзельнікаў акцыі. Аднаго зь іх, Паўла Батуева, неўзабаве выпусьцілі.

Бел-чырвона-белы сьцяг на шляху Лукашэнкі

7 лістапада міліцыянты паспрабавалі ўварвацца ў кватэру Зьмітра Голубева ў Менску: ён вывесіў ангельскі сьцяг, які міліцыянты прынялі за беларускі нацыянальны, падчас праезду Лукашэнкавага картэжу на адкрыцьцё станцый мэтро. Зьміцер Голубеў — сын Валянціна Голубева, дэпутата Вярхоўнага савету (1990—1995).

Каб не стварылі партыю

3 лістапада стала вядома, што Валер Леванеўскі пераведзены са шпіталю ў Івацэвіцкую калёнію. Сваякі зьвязваюць гэта з тым, што ў менскі шпіталь перавялі другога палітвязьня — Міхаіла Марыніча.

Тэрмін скарацілі

Намесьніцы кіраўніка незарэгістраванай грамадзянскай ініцыятывы «Партнэрства» Эніры Браніцкай, асуджанай на 15 сутак арышту, Менскі гарадзкі суд 4 лістапада скараціў тэрмін да 10 сутак.

Завадзкую выклікалі ў суд

Сьвятлану Завадзкую выклікалі ў суд Цэнтральнага раёну Менску на 11 лістапада як заяўніцу «па скарзе аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы». Яна скардзілася на сьледчага, які адмовіўся пачынаць крымінальную справу па факце зьбіцьця яе амонаўцам падчас вулічнай акцыі.

Тоўсьцік выпусьцілі

Актывістцы незарэгістраванай арганізацыі «Зубр» Ірыне Тоўсьцік 2 лістапада выдалі пашпарт з дазвольным штампам на выезд за мяжу. Раней яе пашпарт «тармазнулі» супрацоўнікі КДБ.

Сасім шукае праўды

«Зубровец» Мікіта Сасім 2 лістапада атрымаў адказ з суду Маскоўскага раёну на скаргу на дзеяньні міліцыі 16 верасьня: калі ён трапіў у больніцу з страсеньнем мозгу. Суд адмовіўся прымаць заяву да разгляду, бо ня быў выкананы парадак дасудовай вытворчасьці, хаця насамрэч у такіх выпадках дапускаецца непасрэдны зварот у суд. Сасім мае падаць скаргу ў Менскі гарадзкі суд.

Пісальніка зноў папярэдзілі

Пракуратура Леніскага раёну Горадні 2 лістапада афіцыйна папярэдзіла журналіста Анджэя Пісальніка за «абразу беларускага народу». Падставай стаў артыкул у газэце «Глос з-над Немна», якая цяпер выдаецца ў Польшчы.

Прыгоды з «Народнай воляй»

3 лістапада гарадзенскія міліцыянты аддалі затрыманыя 1 лістапада 3400 асобнікаў газэты «Народная воля».

Распаўсюднік газэты Павал Батуеў 3 лістапада падаў скаргу ў менскую пракуратуру на дзеяньні міліцыі: 25 кастрычніка яго разам з Алесем Мазанікам затрымалі падчас распаўсюду газэты.

Разборкі з газэтамі

Міністэрства інфармацыі 24 кастрычніка выдала загад пра скасаваньне рэгістрацыі недзяржаўнай газэты «Курьер из Борисова». Падстава — рашэньне гаспадарчага суду Менскай вобласьці ад 22 жніўня.

Польскія справы

Рада Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс 1 лістапада вымушана была сабрацца ў Беластоку, бо ў Беларусі зрабіць гэтага ня здолелі: прыехалі 18 з 35 чальцоў.

Актывістку СПБ Анжаліку Арэхву, якая ехала ў Беласток, 3 лістапада ня выпусьцілі ў Польшчу: на чыгуначным вакзале ў Горадні ў яе забралі пашпарт, бо памежнікі «засумняваліся» ў праўдзівасьці дазвольнага штампу.

Мечыслава Яскевіча, актывіста СПБ, 3 лістапада дапыталі ў якасьці сьведкі па «шчучынскай справе».

Прафсаюзы ў Магілеве

2 лістапада намесьнік кіраўніка па ідэалягічнай рабоце Магілёўскага аўтамабільнага заводу запатрабаваў у старшыні філіі прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандра Карыткіна сьпісы сяброў базавай суполкі. Карыткін даваць сьпісы адмовіўся.

Суд Ленінскага раёну Магілёва 3 лістапада адмовіў актывісту прафсаюзу РЭП Юрасю Дарашэнку: ён апратэстоўваў загад адміністрацыі Магілеўскага мэталюргічнага заводу пра звальненьне з працы. Фармальна яго звольнілі за прагулы, хаця сам ён сьцьвярджае — за крытыку: у абазначаны час ён хварэў, на што мае мэдыцынскую даведку.

Прафсаюзы высяляюць

Філіял Свабоднага прафсаюзу Беларускага на ААТ «Полацак-Шкловалакно» пазбавілі памяшканьня з 1 лістапада: адміністрацыя прадпрыемства адмовілася працягваць дамову на арэнду.

Затрымалі за «Народную волю»

Пры раздачы газэты «Народная воля» 27 кастрычніка ў Менску былі затрыманы актывісты моладзевых суполак В.Куўшынаў і А.Кіслы, якіх зьбіраліся судзіць за «незаконную рэалізацыю газэты». 28 кастрычніка яны зьявіліся ў аддзяленьне з А.Лябедзькам, які пераканаў міліцыянтаў у абсурднасьці абвінавачаньня.

Пад Горадняй 31 кастрычніка затрымалі актывістаў АГП Юр’я Істоміна і Ўладзімера Чырвоненку, якія везьлі «Народную волю».

Карэспандэнтцы пагражаюць

Прэс-служба Гомельскага аблвыканкаму 28 кастрычніка адмовілася прадаставіць інфармацыю карэспандэнтцы БелаПАН Алене Пасканнай, заявіўшы, што яна пазбаўленая акрэдытацыі. На просьбу даць афіцыйны дакумэнт з адмовай прэс-сакратар сказаў, што на нейкія мерапрыемствы журналістку будуць пускаць, а на нейкія — не.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0