Па стане на 3 снежня разгледжана пытанне аб прымяненні амністыі ў дачыненні да 14.593 асуджаных (усяго падпадае пад амністыю 15.112 чалавек), якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Пра гэта паведамілі ў МУС Беларусі.

Начальнікамі папраўчых устаноў закрытага тыпу вынесены пастановы аб вызваленні ад далейшага адбывання пакарання 2.800 чалавек.

Прынята рашэнне аб скарачэнні тэрміну пакарання на адзін год у дачыненні да 5.562 асуджаных.

Адмоўлена ў амністыі 6.230 асуджаным
.

Нагадаем, акрамя асоб, якія знаходзяцца пад вартай, закон Рэспублікі Беларусь «Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, што ўчынілі злачынствы» ад 9 ліпеня 2012 года распаўсюджваецца на асуджаных, да якіх прыменена пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. З такой катэгорыі пад амністыю падпадаюць больш як 7,5 тыс. чалавек. Па стане на 1 лістапада 4.842 асуджаных вызвалены ад далейшага адбывання пакарання, 1.957 — тэрмін скарочаны на год.

Закон утрымлівае пералік асоб, на якіх дзеянне амністыі не распаўсюджваецца. Сярод іншых гэта асуджаныя, якія ўхіляюцца ад адбывання пакарання, абвешчаныя ў вышук, злосныя парушальнікі рэжыму, якія на пакрылі ўрон, а таксама тыя, да каго на працягу 2005–2012 гадоў амністыя або памілаванне ўжо прымяняліся, але якія зноў учынілі наўмыснае злачынства ў перыяд нязнятай ці непагашанай судзімасці.

Закон аб амністыі набыў моц 11 ліпеня. Ён павінен быць выкананы на працягу шасці месяцаў з дня афіцыйнага апублікавання.

Пры рэалізацыі закона з папраўчых устаноў закрытага тыпу меркавалася вызваліць прыкладна 2.180 зняволеных, з папраўчых устаноў адкрытага тыпу — прыкладна 700.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?