Аб’яву «Патрабуюцца рабочыя ўсіх спецыяльнасцяў» 44‑гадовы бетоншчык Міша [імя зьмененае] прачытаў напрыканцы красавіка на сцяне магазіна «Юбілейны» ў Маладзечне. Праз некалькі дзён яго разам з жонкай і пляменнікам мясцовы вярбоўшчык адправіў на заробкі ў Маскву. Дамоў вярнуліся толькі 24 чэрвеня. Без грошай…

«Дзякуй Богу, што дабраліся да Беларусі, — кажа жонка Мішы Алена. — Дзе пешшу, дзе на спадарожных машынах, дзе на электрычках. Тры ночы начавалі ў расійскіх лясах. У нас у Беларусі і лес іншы, і прырода. Усё такое роднае. Ніколі больш не рызыкну нікуды ехаць. Буду неяк тут уладкоўвацца».

Па паўтары тысячы долараў на брата…Міша ездзіў на заробкі ў Расію неаднойчы. I ў гэты раз пазваніў па тэлефоне, што быў надрукаваны ў аб’яве, дамовіўся аб сустрэчы з нейкім Толем, які абяцаў дэталі працаўладкавання ў Маскве расказаць пры сустрэчы. Размаўлялі ў Мішы і Алены дома. Толя частаваў півам і казаў, што прыкладна ў 50 кіламетрах ад Масквы трэба пабудаваць сцены і дах катэджа. Працаваць павінна брыгада з чатырох чалавек. Акрамя бетоншчыка Мішы і яго пляменніка дахаўшчыка Віці, будуць яшчэ два муляры. За ўсю работу заказчык абяцае шэсць тысяч долараў. Па паўтары тысячы на брата. Да таго ж бясплатнае харчаванне і жыллё.

З сабой на работу Міхаіл вырашыў узяць і жонку, тынкоўшчыцу‑шпаклёўшчыцу.Другога мая вярбоўшчык Толя за свае грошы купіў тры білеты да Масквы, і Міша, Алена і Віця выехалі ў сталіцу Расіі. Толя сам не паехаў. Сказаў, што ў Маскве маладзечанцаў сустрэнуць, даў нумар тэлефона нейкага Сашы, які павінен сустрэць, а сам абяцаў прыехаць праз пару дзён.

На Беларускім вакзале ў Маскве таго Сашу чакалі гадзіну. Пачалі хвалявацца: у кішэні сем тысяч беларускіх рублёў, і калі ён не прыедзе, што тады рабіць? Нарэшце Саша з’явіўся і сказаў: таго заказу, пра які казаў вярбоўшчык Толя, ужо няма: яго перахапіла іншая брыгада рабочых. Але работа ёсць. У элітным дачным пасёлку трэба зрабіць унутраную аддзелку катэджа.

«Завёз нас у раён Масквы Сярэбраны Бор, станцыя метро «Паляжаеўская», — успамінае Міша. — Там вялікая тэрыторыя, прыкладна 500 на 400 метраў, абнесеная высокай агароджай, з аховай. На гэтай тэрыторыі дзевяць катэджаў. Мы працавалі на чацвертым. Нам траім дапамагалі яшчэ тры падсобнікі».

Заказчык работ Дзмітры, цесць таго Сашы, што сустракаў маладзечанцаў, па словах Міхаіла, былы баксёр і бандыт, абяцаў за ўсю работу 310 тысяч расійскіх рублёў. Аплата будзе праводзіцца паэтапна. Прапанаваў падзяліць аб’ём работы на пяць этапаў. Зрабілі адзін этап — атрымалі першую частку грошай, другі — другую і гэтак далей. Ніякага дагавора на паперы пры гэтым не заключалася.Сон на бетоне і соевая тушонка.

Жылі тут жа, у катэджы. Спалі на бетоннай падлозе на матрацах, дыхалі пылам. Дзмітры прывозіў паесці — ролтан і соевую тушонку. За тэрыторыю пасёлка ахоўнікі выходзіць дазвалялі, але вярнуцца трэба было не пазней за 22 гадзіны. Ніякай паэтапнай аплаты не праводзілася. Калі работы былі амаль скончаныя, сказалі, што камісія прыедзе іх прымаць. Перад прыездам камісіі, каб паспець закончыць, працавалі ад 8 раніцы да 17 гадзін наступнага дня.

Нарэшце работу прынялі, і Дзмітры паабяцаў, што заўтра будуць грошы. Але ні заўтра, ні паслязаўтра, ні на працягу наступнага тыдня ніякіх грошай маладзечанцам не заплацілі. Дзмітры то казаў, што закрыты банк, то настрою ў яго няма, то яшчэ нейкія праблемы. Міхаіл, Алена і Віця страцілі надзею атрымаць зарплату. I праз 20 дзён знаходжання ў Сярэбраным Бары, каб не нажыць тут сабе яшчэ большых праблем, паціху, нікога не папярэджваючы, з’ехалі.Трэба было неяк вяртацца дамоў, і каб хоць нешта зарабіць на дарогу і ежу, паехалі ў прыгарад Масквы, горад Звянігарад. Там на будоўлі працавалі яшчэ месяц.

У адрозненне ад Сярэбранага Бору, трохі плацілі. Ва ўсякім разе, можна было купіць у магазіне нармальных прадуктаў, а не соевай тушонкі.Па 20 «кінутых» беларусаў за дзеньДамоў дабіраліся трое сутак. На дарогах дапамагалі расійскія работнікі дзяржаўтаінспекцыі, якія спынялі машыны з беларускімі нумарамі і прасілі вадзіцеляў падвезці землякоў дакуль магчыма.

Ехалі таксама электрычкамі. Расійскія кантралёры за адсутнасць білетаў не патрабавалі заплаціць штраф. Даведаўшыся, што перад імі — беларусы, якіх «кінулі» на будоўлі, прапанавалі прайсці ў апошні вагон і ехаць далей. Кантралёры казалі, што такіх самых небаракаў перавозяць па 20 чалавек за дзень.Калі нарэшце 24 чэрвеня даехалі да Маладзечна, дома адпачывалі і адсыпаліся. Алена кажа, што ў электрычцы з Мінска зноў бачыла аб’яву аб тым, што патрабуюцца рабочыя. На работу ў беларускай сталіцы. Жанчына хоча пазваніць па гэтай аб’яве. Яна ўпэўненая, што на радзіме яе не «кінуць», як у Расіі. Міхаіл сумніўна паціскае плячамі…

Сяргей Зянько, Рэгіянальная газета

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0