З 5 па 20 студзеня 2013 года адмінстрацыяй Цэнтральнага раёна Мінска праводзіцца грамадскае абмеркаванне праекта «Унясенне зменаў у горадабудаўнічы праект дэтальнага планіравання рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўлення і добраўпарадкавання Гістарычнага цэнтра г. Мінска».

З матэрыяламі праекта можна азнаёміцца і пакінуць свае пісьмовыя заўвагі ў холе 3-га паверха каля ўваходу ў актавую залу адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска (вул. Мельнікайтэ, 6).
Пісьмовыя заўвагі і прапановы можна накіраваць і па пошце: 220004, Адміністрацыя Цэнтральнага раёна Мінска, вул. Мельнікайтэ, 6, г. Мінск, з пазначэннем «Па пытанні грамадскага абмеркавання праекта дэтальнага планіравання Гістарычнага цэнтра Мінска».

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч заклікае неабыякавых грамадзянаў прыняць актыўны ўдзел у абмеркаванні праекту.

«Заклікаем усіх, каму неабыякавы лёс нашай гісторыка-культурнай спадчыны і лёс нашай сталіцы, азнаёміцца з праектнай дакументацыяй, і не змагацца на форумах, а даслаць адпаведна вызначанай працэдуры заўвагі і прапановы ў пісьмовым выглядзе па пазначаным ў інфармацыі адрасе.
Са свайго боку будзем дамагацца публічнай сесіі абмеркавання і паведамляць пра недахопы праекта ў плане яго неадпаведнасці дзеючым нарматыўна-прававым, тэхнічным і метадычным дакументам.
Адначасова выказваем заклапочанасць тым, што такі горадабудаўнічы дакумент, які мае вялікую важнасць не толькі для сталіцы, але і для ўсёй дзяржавы, абмяркоўваецца на ўзроўні раённай адміністрацыі,
без запрашэння да ўдзелу ў абмеркаванні спецыялістаў у сферы працы з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, прадстаўнікоў спецыялізаваных профільных грамадскіх аб’яднанняў, структур і творчых саюзаў.

Дадзены крок сталічных уладаў можна расцаніць, як спробу перспектыўнага зацвярджння праз фармальную працэдуру горадабудаўнічага дакумента, які легітымізуе ўсе наяўныя ўжо парушэнні нарматыўна-прававых, тэхнічных і метадычных дакументаў пры правядзенні прац у Гістарычным цэнтры Мінска, і перспектыўнае правядзенне прац у такім жа рэжыме, што канчаткова прывядзе да страты ўсіх якасных характарыстык комплекснай нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр г. Мінска».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?