Уладзімір Мацкевіч, самаабвешчаны лідар інтэлектуальнага, так бы мовіць, супраціву рэжыму, вызначыў, нарэшце, сваю пазіцыю па найвастрэйшым, падобным на гамлетаўскае, пытанні беларускай сучаснасці: жыд ці не жыд?
І зрабіў гэта ў найбольш натуральнай для філосафа форме дыскусіі, выбраўшы ў якасці апанента нейкага Гену Варковіча. «Ты, Гена, — супакоіў Мацкевіч свайго нібыта суразмоўцу, — яшчэ тая морда, але нічога жыдоўскага ў цябе няма! Звычайны беларус яўрэйскай нацыянальнасці»...

Супакоены адсутнасцю ў сябе «жыдоўскай морды», выцягнуты на «БелПартызан» Гена, тым не менш, не супакоіўся: на працягу ўсёй дыскусіі настойліва, нібыта ад імя ўсёй яўрэйскай супольнасці, даказвае абразлівасць для яўрэяў ужывання ў беларускай мове слова «жыд». Адваротная думка Мацкевіча проста ўражвае сваёй інтэрнацыянальнай глыбінёй і празрыстасцю: няма чаго рускамоўнаму Гену з усёй ягонай супольнасцю ўсталёўваць у беларускай мове свае нормы. З чаго вынікае, што «жыд» па-беларуску — гэта жыд, а па-руску — «жидовская морда»...

Я не лінгвіст, каб спрачацца з Мацкевічам, і не Гена, якога Мацкевіч як нарадзіў, так і забіў, зразумела, «логікай, перад якой ні жыда, ні бульбаша... усе роўныя...» Далёка мне да Мацкевіча і з ягонымі ведамі гістарычных абставінаў, ад якіх узнікла ці добраўжыванае, ці злоўжыванае на працягу стагоддзяў слова з трох літараў. Але мне вельмі блізка да Косціка, нават праз 60 з гакам гадоў...

Косцік, сябра майго дзяцінства, быў першым на маёй памяці, хто не стаў высвятляць этымалогію слова «жыд», а наўпрост даў Няхаю ў морду, абцукраваную з густа пасыпанага цукрам тлустага бутэрброда.

Няхай быў старэйшы і дужэйшы за Косціка, і заўжды чырвоным, пляскатым, нібыта блін, тварам падобны на свайго бацьку, які служыў нейкім эмгэбэшным начальнікам і адзіны ва ўсім двары раскатваў на трафейным БМВ. Вядома, нас душыла зайздрасць, мы душылі яе і трымаліся ад Няхая як мага далей, бо менавіта ад яго сыходзіла спакуса зазнаць нешта недасягальнае ў параўнанні з іржавымі абручамі, што паганяліся загнутым у крук дротам. Аднойчы не вытрымалі, наблізіліся да аўто. Няхай стаяў, абапёршыся на бліскучае крыло, і дажоўваў бутэрброд. «А мой бацька быў на вайне адміралам», — з выклікам сказаў Косцік. «Хлусіш, — прашамкаў Няхай, — жыды адміраламі не бываюць...»

Праз імгненне рэшткі бутэрброда ляцелі з Няхаевага рота...

Паўстагоддзя лягло паміж Косцікам і Карасікам, на жаль, забыўся на яго імя. Хаця тапаграфічна яны сталіся зусім побач: як і мы з Косцікам, Карасік жыў у адным з чатырох дамоў на Маскоўскай вуліцы, што перажылі акупацыю і вайну. Было, праўда, і адрозненне: наш дом перажыў акупацыю і вайну без нас, а Карасікаў дом — разам з Карасікам. Гэта высветлілася адразу, як толькі ён, цяжкі і нязграбны, ледзь увабраўся ў машыну і я выказаў меркаванне, што пасля вайны мы былі суседзямі. «Так, мусіць, былі, — адазваўся Карасік, — але я жыў у сваім доме яшчэ да вайны...» «А ў вайну?» — запытаўся я. «І ў вайну»...

Колькі хвілін ехалі моўчкі. «Вас цікавіць, як я застаўся жывы? Суседзі выратавалі. Бацька загінуў на вайне, маці — у гета, а мяне схавалі суседзі...»

Мы ехалі на Карасікаву дачу, ён — прадаваць, я — купляць. Машыну кінулі недзе кіламетры за два, пасярод сумётаў па абодва бакі вузенькага прасёлка і непераадольнай слізгаты. Астатні шлях ішлі гадзіны паўтары — дзе коўзаючыся, дзе правальваючыся ажно да пояса ў снег. Я ці не цягнуў Карасіка на сабе, што пры ягоным цяжары было амаль немагчыма. Ён цяжка дыхаў, потым з нейкім вінаватым адчаем сказаў: «Прабачце — сэрца, інфаркт...»

Таргавацца былы лётчык грамадзянскай авіяцыі не ўмеў. Амаль адразу ён зразумеў, што ні ягоны ладны домік, ні дагледжаныя, што было відаць нават пад снегам, соткі я купляць не буду. І раптам заплакаў: «Думаеце, я хачу прадаваць? Трыццаць гадоў... столькі працы... столькі жыцця... І ад’язджаць не хацеў. Але як убачыў на дзвярах кватэры намаляванае белай фарбай «ЖЫД», вырашыў: усё, кропка!»

...«Жыд» Карасік памёр у Амерыцы ці не праз год, у 97-м.

Больш за два гады няма і Косціка. Бацька яго, дарэчы, ніколі не быў ні «адміралам», ні «жыдам». Як і Косцік — будучы вядомы пісьменнік Кастусь Тарасаў...

А саматужнаму гуру, які не бачыць розніцы паміж нацызмам і сіянізмам (шукайце ў інтэрнэце «Безумное чаепитие. О патриотизме»), хачу нагадаць пра тыя ў нашай гісторыі абставіны, калі слова «жыд» было не словам, а хваробай. Смяротнай, нават літаральна, хваробай для людзей і грамадства.

Ці вылечана?

Вось пытанне замест таго, дзе, здавалася б, пастаўлена апошняя кропка.

Сябры дзяцінства: Кастусь Тарасаў сядзіць у сярэдзіне ў шэрай кашулі, аўтар, Сяргей Ваганаў - другі злева (у белым).

Сябры дзяцінства: Кастусь Тарасаў сядзіць у сярэдзіне ў шэрай кашулі, аўтар, Сяргей Ваганаў - другі злева (у белым).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?