Першы трывожны званок паступіў з вуліцы Белыя Росы, паведамляе «Гродзенская праўда». Сюды, на пустку ўздоўж чыгункі, сталі звазіць снег з усёй Дзевятоўкі. Гэтая кропка самая блізкая ад мікрараёна, да яе і накіравалася большасць машын. У выніку пад гурбамі снегу апынуўся гарадской вадавод. А калі б здарылася аварыя? Па гэтай прычыне пляцоўка зачынена, і снег сюды вазіць забаронена.

Яшчэ большы казус адбыўся на пляцоўцы для прыёму снегу на пустцы ў раёне вуліцы Пучкова. Кіроўцы самазвалаў скідалі снег не ў адведзенае месца, а там, дзе зручна. У выніку была засыпаная дарога, а тры прыватныя домаўладанні апынуліся адрэзанымі ад выезду на пуцеправод. Прыйшлося ноччу аператыўна дасылаць бульдозер і аднаўляць праезд да дамоў.

Вывозячы снег у кар'ер, размешчаны ў раёне ЗАТ «Тэста», вадзіцелі ўмудрыліся заваліць заезд на аўтадром ДТСААФ. Раніцай курсанты і інструктары, якія прыехалі на заняткі, толькі рукамі развялі. Трэніроўкі на аўтадроме часова адмянілі.

Каментуючы гэтыя факты, начальнік Гродзенскай гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Лубін падкрэсліў, што за наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый вінаватыя ў гэтым могуць быць пакараныя штрафам ад 6 да 10 базавых велічынь (600000—1000000 рублёў).

Цяпер працэс вывазкі снегу, і асабліва яго складавання, узяты пад строгі кантроль. Усяго вызначана 12 снежных пляцовак, іх карту-схему можна будзе знайсці на сайце гарвыканкама.

Як паведаміў дырэктар «Спецаўтагаспадаркі» Аляксандр Жаркоў, у адведзеныя гарвыканкамам месцы ўжо вывезена больш за 80 тысяч кубаметраў снегу. І гэта каштавала гарадскому бюджэту 1,8 мільярда рублёў. Значныя выдаткі панеслі і прадпрыемствы, што вывозяць снег са сваіх тэрыторый. Дарэчы, спецаўтагаспадарка мае дастатковую колькасць аўтамабіляў і пагрузчыкаў, каб аказваць такія паслугі любому прадпрыемству і арганізацыі. Тады гэты працэс будзе больш цывілізаваным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?