— У студзені ў краіне якраз стартаваў другі этап рэпетыцыйнага тэставання, які будзе доўжыцца да канца лютага. Падчас першага этапу, які завяршыўся ў снежні, было апрацавана 59 тысяч чалавека-тэстаў. Такім чынам, сёлетнія абітурыенты аказаліся больш актыўнымі за сваіх папярэднікаў, — расказаў журналісту «Звязды» дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай ФЯСЬКОЎ. — На другі раўнд таксама будзе вынесена па два варыянты тэстаў на кожны прадмет. Працэдура рэпетыцыйнага тэставання (з выкарыстаннем папяровых бланкаў адказаў) абітурыентам ужо добра вядомая. Мы настойваем на тым, каб арганізатары «рэпетыцыі» прытрымліваліся ўсіх правіл правядзення ЦТ, каб адразу настроіць абітурыентаў на сур’ёзны лад і змадэляваць рэальную псіхалагічную абстаноўку правядзення экзамену: ніякіх мабільнікаў, дапаможнікаў і шпаргалак у экзаменацыйнай аўдыторыі быць не павінна! Арганізатарам дазваляецца кансультаваць удзельнікаў «рэпетыцыі» толькі па тэхналогіі работы над тэстам і па парадку запаўнення бланка. Ніякіх кансультацый па змесце тэстаў не дапускаецца.

Камп’ютарнае тэставанне — новая форма «рэпетыцыі» будучага ЦТ, якую трэба разглядаць як дадатковую магчымасць «патрэніравацца» напярэдадні адказных іспытаў. Галоўнай перавагай камп’ютарнага тэставання з’яўляецца магчымасць выканання тэста ў двух рэжымах: кантрольным, які максімальна набліжаны да ўмоў цэнтралізаванага тэставання, і трэніровачным. Трэніровачны рэжым прадугледжвае выкарыстанне дадатковай інфармацыі, якая падказвае абітурыенту правільнае рашэнне тэставага задання і прадугледжвае магчымасць параўнання свайго варыянта адказу з эталонным. Прайсці камп’ютарнае тэставанне можна толькі на базе Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, затое вынікі выканання тэста становяцца вядомыя адразу пасля завяршэння работы.

У будныя дні камп’ютарнае тэставанне будзе праводзіцца раз на дзень, а ў суботу і нядзелю ў інстытуце гатовы тэставаць ахвотных і тройчы на дзень.

Зарэгістравацца для ўдзелу можна на сайце інстытута www.rіkс.bу у раздзеле «камп’ютарнае тэставанне». Цана тэставання па адным вучэбным прадмеце складае 34 900 рублёў.

Мікалай Фяськоў удакладніў, што на камп’ютарным і рэпетыцыйным тэставанні абітурыентам будуць прапаноўвацца розныя варыянты тэстаў, але заданні для іх будуць узятыя з агульнага банка тэставых заданняў, а тэсты для камп’ютарнага тэставання будуць складацца па той жа спецыфікацыі, што і для рэпетыцыйнага тэставання. Спецыфікацыя — гэта своеасаблівы алгарытм пабудовы тэста: яна вызначае яго структуру, колькасць заданняў па кожнай тэме, узровень іх складанасці і г.д. Трэба мець на ўвазе, што пад выглядам падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэставання асобныя ўстановы адукацыі таксама прапануюць прайсці так званае камп’ютарнае тэставанне, але тэсты і тэхналогія апрацоўкі вынікаў такога тэставання не маюць нічога агульнага з цэнтралізаваным і рэпетыцыйным тэставаннем. Галоўнае адрозненне камп’ютарнага тэставання заключаецца ў тым, што замест запаўнення папяровага бланка адказаў абітурыенты будуць мець справу з яго электроннай выявай.

Пры падрыхтоўцы да рэпетыцыйнага тэставання Мікалай Фяськоў параіў абітурыентам карыстацца зборнікамі, куды ўвайшлі тэсты, прапанаваныя ўдзельнікам ЦТ папярэдніх гадоў. У прыватнасці, у продажы ёсць поўныя зборнікі тэстаў за 2007–2011 гады па беларускай, рускай і англійскай мовах, матэматыцы, фізіцы, хіміі і біялогіі. Ёсць таксама зборнікі з заданнямі ЦТ 2012 года па ўсіх 14 дысцыплінах. Зборнікі дапамагаюць прасачыць асноўныя тэндэнцыі ў фарміраванні заданняў цэнтралізаванага тэставання за апошнія гады, сістэматызаваць і самастойна пракантраляваць свае веды.

Для павышэння эфектыўнасці ад удзелу ў рэпетыцыі ЦТ можна скарыстацца таксама паслугамі рэгіянальнага цэнтра тэставання і прафесійнай арыентацыі моладзі пры Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я.Купалы, які ўжо не першы год арганізуе пры падтрымцы Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў індывідуальныя кансультацыі для ўдзельнікаў рэпетыцыйнага тэставання. Там могуць пракансультаваць любога абітурыента, незалежна ад пункта праходжання тэставання і месца яго жыхарства. Мэта такой кансультацыі — ліквідацыя прабелаў у ведах і далейшая падрыхтоўка па тэматыцы тэставых заданняў, з якімі абітурыенты не справіліся на «рэпетыцыі» экзамену. Індывідуальная кансультацыя ўяўляе сабой рассылку вучэбна-метадычнага пакета, які змяшчае тэматыку раздзелаў школьнай праграмы па кожным няправільна выкананым заданні з указаннем года ці класа вывучэння адпаведнага раздзела, з рэкамендаваным спісам вучэбнай і метадычнай літаратуры, са зместам няправільна выкананых заданняў, правільнымі адказамі і ўказаннем да правільнага рашэння. Кансультацыйныя паслугі аказваюць удзельнікам рэпетыцыйнага тэставання таксама Ліцэй БДУ і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Дарэчы, колькасць дысцыплін, якія можна здаваць на рэпетыцыйным тэставанні, у адрозненне ад ЦТ, ніхто не абмяжоўвае. Таксама да ўдзелу ў рэпетыцыйным тэставанні дапускаюцца і дзесяцікласнікі…

Перавагі камп’ютарнага тэставання:

— вынік выканання тэста вядомы адразу ж пасля работы над ім;

— магчымасць паўторна выканаць заданні, у якіх будуць дапушчаны памылкі, скарыстаўшыся пры гэтым «падказкай»;

— магчымасць азнаёміцца з аўтарскім рашэннем прапанаваных заданняў.

Камп’ютарнае тэставанне праводзіцца штодня па адрасе: г. Мінск, вул. Чайкоўскага, 7, к. 12.

панядзелак-пятніца: 14.30;

субота, нядзеля: 9.00, 12.00, 15.00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?