Дзяржаўны камітэт па маёмасці прапаноўвае выставіць на продаж мінарытарныя пакеты акцый ААТ «Беларуськалій» і «Нафтан». Пра гэта заявіў 30 студзеня на пасяджэнні калегіі камітэта яго старшыня Георгій Кузняцоў, паведамілі БелаПАН у прэс-службе ведамства.

«Мы прапаноўваем прадаць невялікія долі «Нафтана», «Беларуськалія», — сказаў Кузняцоў, падкрэсліўшы, што рэалізацыя гэтых пакетаў акцый дазволіла б выканаць заданне па прыватызацыі на 2013 год.

Пры гэтым старшыня Дзяржкаммаёмасці зазначыў, што прапанова камітэта пакуль не атрымала ўхваленне на ўсіх узроўнях: «Далей Саўміна і Мінэканомікі пытанні не рухаюцца». На думку Кузняцова, выкананне прыватызацыйнага плана на 2013 год залежыць ад прыняцця адпаведнага палітычнага рашэння.

Нагадаем, найважнейшыя паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2013 год, зацверджаныя ўказам прэзідэнта № 418, прадугледжваюць прыцягненне прамых замежных інвестыцый на 4,5 млрд. долараў.

У лістападзе 2012 года ўрад даручыў Дзяржкаммаёмасці падрыхтаваць і ўнесці ў Савет міністраў прапановы аб пераліку аб’ектаў, прыватызацыя якіх дазволіць прыцягнуць у краіну не менш як 2,5 млрд. долараў ЗША.

У 2012 годзе, нягледзячы на абавязацельствы перад Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС, які выдзеліў Беларусі крэдыт, ураду не ўдалося выручыць ад прыватызацыі 2,5 млрд. долараў. Паводле звестак за студзень-лістапад, ад продажу акцый, што належаць дзяржаве, паступіла толькі 1,8 млн. долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?