Як паведаміла прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова, на расіяніна і двух беларусаў сапраўды заведзена крымінальная справа па частцы 3 артыкула 339 КК — хуліганства.
Пакуль усе яны знаходзяцца ў ізалятары. Далейшая мера стрымання для іх будзе разглядацца.

Па словах Ганчаровай, беларусы падчас бойкі былі на баку Марцінкевіча.

Як стала вядома пазней, перастрэлка адбылася раніцай у чацвер 14 лютага ў двары мінскай клінікі «Новы зрок» на вуліцы Клумава, куды Цясак прыязджаў для правядзення аперацыі па карэкцыі зроку.

Здарэнне зафіксавалі відэакамеры ў двары клінікі.

Меркавана, у гэтай сутычцы Цесаку і ягоным спадарожнікам супрацьстаялі антыфашысты, фанаты «Партызана».

Здаецца, яны ведалі, што Цясак едзе ў Мінск. Гэта няцяжка: Цясак жыў вельмі публічна, кожны свой крок агучваў у інтэрнэце.

Як вынікае з відэазапісу, у двары клінікі паміж беларусамі і Цесаком і ягонай кампаніяй завязалася бойка. Беларусы біліся кулакамі. Цясак жа выхапіў траўматычны пісталет і адкрыў страляніну. Але, відаць, з прычыны нізкавокасці ён спудлаваў і параніў аднаго з тых, хто быў з ім.
Ахова клінікі выклікала міліцыю. Група прыехала вельмі аператыўна, за некалькі хвілін. Цесака затрымалі, хоць ён выкінуў пісталет і спрабаваў зрабіць выгляд, што нічога не разумее.

Дарэчы, дактары толькі пасля інфармацыі ў СМІ пра затрыманне Цесака зразумелі, чаму гэты незвычайны пацыент упарта дабіваўся, каб ягоную аперацыю сябры знялі на відэа.

Пацярпелы — 1983 года нараджэння. Ці сапраўды была гэта бойка з фанатамі футбольнага клуба «Партызан», Следчы камітэт такой інфармацыі не мае.

Марцінкевіча даставілі ў Партызанскі РУУС сталіцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?