Упраўленне па расследаванні цяжкіх эканамічных злачынстваў (УРЦЭЗ) УУС Мінаблвыканкама перадало ва ўпраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці матэрыялы аб супрацьпраўнай дзейнасці былога старшыні Жодзінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

У 2009 годзе, займаючы пасаду старшыні Жодзінскага гарвыканкама, падазраваны падпісаў рашэнне аб прадастаўленні сабе зямельнага ўчастка і перадачы яго ў прыватную ўласнасць для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома ў жодзінскім мікрараёне Лысая Гара па кадастравым кошце 4.976.920 рублёў.
Праз год, ужо не працуючы на ​​пасадзе старшыні гарвыканкама, ён прадаў названы ўчастак за 30.700.000 рублёў.

«Гэты грамадзянін, скарыстаўшыся службовым становішчам, з карыслівай зацікаўленасці, у парушэнне правоў грамадзян, якія стаяць на ўліку и маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, не выконваючы парадак чарговасці выдзялення зямельных участкаў у горадзе Жодзіна, незаконна выдзеліў зямельны ўчастак у асабістае карыстанне», — паведаміў БелаПАН намеснік начальніка УРЦЭЗ УУС Мінаблвыканкама Аляксандр Юрчанка.

Як высветлена аператыўнікамі, экс-чыноўніку было вядома, што ў адпаведнасці з перспектыўным планам забудовы зямельны ўчастак прызначаўся пад будаўніцтва аб’екта сацыяльнага прызначэння.

У дачыненні да былога старшыні Жодзінскага гарвыканкама Генпракуратурай распачата справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 424 КК Рэспублікі Беларусь, — злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае службовай асобай, якая займае адказнае становішча.

Максімальнае пакараньне за названы склад злачынства — дзесяць гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?