Спроба падрыву будынка адбылася ў снежні 2011 года, але вядома пра гэта стала толькі цяпер. Як расказалі ў Следчым камітэце, 11 снежня 2011 жанчына-вартаўнік убачыла незвычайны выбліск святла ля будынка. Яна выклікала міліцыю, якая, прыбыўшы на месца, знайшла каля будынка прыладу, якая, як мяркуецца, выклікала выбліск.

Першапачаткова Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па арт. 339 Крымінальнага кодэкса Беларусі (хуліганства), аднак неўзабаве дзеянні злачынцаў былі перакваліфікаваныя на ч.2 арт.218 КК (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам), якая прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Але паколькі зламыснікаў знайсці не атрымалася, справу на нейкі час прыпынілі. Таксама паўстала пытанне адносна складу прылады і таго, ці магла яна ў прынцыпе выбухнуць.

30 лістапада 2012 Следчы камітэт атрымаў вынікі экспертызы. Выявілася, што гэта выбуховае рэчыва. Таму прылада была кваліфікаваная як выбуховая, а СК распачаў новую крымінальную справу ў дачыненні да невядомых — па ч.2 арт.295 КК (незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад, або незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, перавозка, перасылка або нашэнне састаўных частак або кампанентаў агнястрэльнай зброі, або незаконны выраб або збыт асноўных частак выбуховых прылад).

Начальнік Лідскага райаддзела Следчага камітэта Аляксандр Урбановіч не стаў выдаваць звесткі аб тым, з чаго было вырабленае выбуховае прыстасаванне. Аднак, як высветліў «Ежедневник»,

гаворка ідзе пра прыладу з выкарыстаннем сумнавядомага ў Беларусі рэчыва трыацэтонтрыпераксід, ці, як яго яшчэ называюць у народзе, «кіса». Менавіта гэтае рэчыва фігуравала і ў выбуховай прыладзе ў мінскім метро.

Паводле дадзеных следства, нявысветленая пакуль асоба ў нявысветленым месцы ў невядомы час вырабіла і захоўвала выбуховае рэчыва, а таксама сабрала самаробную выбуховую прыладу і паспрабавала прывесці яе ў дзеянне 11 снежня 2011 каля 03.40 у Лідзе па вул. Кірава, 29, каля будынка «Польскага дома».

Між тым, Аляксандр Урбановіч кажа, што пра дакладны склад выбуховай прылады пакуль казаць рана — цяпер яна знаходзіцца на паўторнай экспертызе. «Пакуль мы не можам сказаць, ці магла яна наогул падарвацца», — патлумачыў следчы.

Варта адзначыць, што ізраільскія эксперты, якія прыехалі ў Беларусь пасля выбуху ў метро, папярэджвалі, што ў мінскага тэрарыста абавязкова знойдуцца паслядоўнікі, якія захочуць такой жа сумнай славы. І да гэтага трэба быць гатовымі.

Аднак на пытанне, ці не разглядае ці следства версію, што «лідскія» падрыўнікі маглі быць паслядоўнікам Канавалава, афіцыйны прадстаўнік СК па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч заявіў, што «падставаў праводзіць паралелі паміж гэтай справай і якімі-небудзь іншымі справамі СК не бачыць».

«Давайце мы будзем зыходзіць з таго, што крымінальная справа заведзеная па канкрэтных артыкулах Крымінальнага кодэкса. Пакуль мы можам казаць толькі пра гэтыя злачынствы», — растлумачылі ў Следчым камітэце.

На думку следства, пакуль таксама няма падставаў пачынаць крымінальную справу па арт.289 КК Беларусі (тэрарызм), бо нічога не вядома пра матывы зламысніка або зламыснікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?