Сяргей Драмашка (справа) на прэс-канферэнцыі.

Сяргей Драмашка (справа) на прэс-канферэнцыі.

Германія і Швецыя пад ціскам грамадскасці адмовіліся ад вырошчвання генетычна мадыфікаванай бульбы. А беларускія палігоны гатовы да выпрабаванняў ГМ-бульбы айчыннай вытворчасці. Пра гэта і іншыя перспектывы развіцця ГМ-раслінаводства ў Беларусі на прэс-канферэнцыі «Генетычна мадыфікаваныя арганізмы для сельскай гаспадаркі. Вызваленне ГМА ў навакольнае асяроддзе» расказаў кіраўнік Нацыянальнага каардынацыйнага цэнтра бяспекі Сяргей Драмашка.

«У нас ГМА пад жорсткім кантролем»

Сёння ў Беларусі ГМ-арганізмы пакуль вырошчваюць толькі для навуковых мэтаў, але выкарыстанне такіх раслін у харчовай прамысловасці не забаронена.
«Ад 2002 Беларусь з’яўляецца ўдзельнікам Картахенскага пратакола па біябяспецы, а ў 2006 годзе быў прыняты закон „Аб бяспецы генна-інжынернай дзейнасці“ і на яго базе была створана цэльная сістэма нацыянальнай бяспекі».

Па словах Драмашкі, у Беларусі маніторынг утрымання ГМА ў харчовых прадуктах базіруецца на жорсткіх стандартах кантролю. «Наша заканадаўства на баку спажыўца. У краіне дзейнічае 18 кантрольных лабараторый. Таксама ў нас прынятая беспарогавая маркіроўка ўтрымання ГМА ў харчовых прадуктах, то бок,

калі знойдуць адну малекулу ГМА на тону прадукцыі, павінны напісаць „утрымлівае ГМА“.
У Расіі і ЕС прадукты маркіруюцца, калі ўтрыманне ГМА больш за 0,9%. А ў Японіі прадукты з утрыманнем ГМА да 5% не трэба маркіраваць».

Як паведаміў спецыяліст, сёння ў Беларусі на наяўнасць ГМА правяраюць усе прадукты з утрыманнем соі і кукурузы, харчовыя дадаткі і дзіцячае харчаванне з гэтымі раслінамі, бо менавіта сярод гэтых культур найбольш ГМ-сартоў. Дзіцячае харчаванне з ГМ-сояй увогуле забаронена для продажу ў Беларусі. Пытанне пра пашырэнне спісу падымалася, але па выніках маніторынга рыса, таматаў, бульбы выпадкаў прысутнасці ГМА-арганізмаў у іх не было зафіксавана. Таму уключэнне новых культур у спіс пакуль не мае сэнсу.

Беларускія генна-інжынерныя распарцоўкі: бульба, журавіны, лён, канюшына

«ГМА ў Беларусі ствараюць у некалькіх навуковых інстытутах. Больш за ўсё, зразумела, бульбы — гэта наш нацыянальны брэнд. Цяпер у Інстытуце генетыкі і цыталогіі НАН створаныя лініі трансгеннай бульны на аснове сорта „Скарб“.

Да выпрабаванняў на палігоне гатова лінія трансгеннай бульбы, у якой бульбоўнік будзе таксічным для каларадскіх жукоў, а самі бульбіны нетаксічныя.
Распрацоўваюць і іншыя сарты бульбы, устойлівыя да патагенаў», — кажа Драмашка.

«Таксама працуюць з ільном-даўгунцом, журавінамі, з канюшынай лугавой. Таму не трэба баяцца чыпсаў з ГМ-бульбы — яны з’явяцца мінімум гады праз два-тры, ды і тое, калі пасля ўсіх тэстаў да сартоў не будзе пытанняў. Пасля сертыфікацыі сорт можа вырошчвацца як любы іншы, без абмежаванняў. Але неабходна памятаць, што дазвол на камерцыйнае выкарыстанне даецца не назаўсёды — калі з’явяцца звесткі пра негатыўныя наступствы, ён можа быць адкліканы, і ў свеце былі прэцэдэнты».

Мытны саюз цісне

«Мы яшчэ не ведаем, як маркіраваць прадукты з ГМ-бульбай: ці па нашых беспарогавых стандартах, ці па расійскіх. Нам зараз трэба гарманізаваць заканадаўства, бо з аднаго боку мы ратыфікавалі Картахенскі пратакол [міжнароднае пагадненне па біябяспецы, якое рэгламентуе пашырэнне і ўжыванне ГМ-прадуктаў], а міжнародныя пагадненні заўсёды ставяцца вышэй за нацыянальныя законы. З другога боку — Мытны саюз.

Казахстан не ратыфікаваў Картахенскі пратакол, Расія ж увогуле не падпісала гэтае пагадненне,
таму мы фармальна не можам увозіць, вывозіць і правозіць транзітам ГМА праз тэрыторыі гэтых краін.

У Расіі і Казахстане заканадаўства па ГМА не такое распрацаванае як у Беларусі. Напрыклад, у Расіі можна выкарыстоўваць ГМА для прадуктаў дзіцячага харчавання, і іх Дзярждума нядаўна адхіліла прапанаваную забарону. Зразумела, будзем дабівацца больш жорсткіх законаў — па ўзоры нашага заканадаўства — у Расіі і Казахстане, але з гэтым будзе цяжка», — сказаў Драмашка.

«Да ГМА трэба прызвычыцца»

«Гандлёвыя сеткі не любяць ГМА, бо да такіх пра прадуктаў насельніцтва ставіцца насцярожана.
Ніхто яшчэ не прыдумаў лепшага сродка ад каларадскага жука, але ў Еўропе з’яўляюцца ўсё больш зонаў, свабодных ад ГМА.

Нельга казаць, што „залаты мільярд“ падклаў нам бомбу ў выглядзе ГМА, і што прылаўкі завалены немаркіраванай ГМ-ежай. За гады працы наша лабараторыя даследвала 18 тысячаў пробаў, і ГМА былі выяўлены толькі ў 40 з іх. У асноўным, то была соя», — кажа Драмашка.

«ГМА — гэта не такое страшнае зло, як падаецца. Гэта тэхналагічная навіна, да якой трэба прызвычыцца, як мы прызвычыліся да мабільных тэлефонаў. На маю думку, трэба асцерагацца не ГМА, а прадуктаў шматразова апрацаваных рознай „хіміяй“,
у тым ліку і для захоўвання.
Пра глутамат натрыю, з якім вы з’ясцё тухлае мяса і скажаце „ах, як смачна“, вы таксама ўсе ведаеце.
Тая ж самая соя: гэта вельмі моцны алерген, але ніхто не правярае яе на алергены. Таксама ўтрыманне фітагармонаў у розных сортах соі можа адрознівацца ў дзясяткі разоў, таму сою ўвогуле не рэкамендуюць для дзіцячага харчавання.

Проста за ГМ-культурамі трэба пільна сачыць, вывучаць іх і аб’ектыўна ацэньваць. Тады і не павінна быць негатыўных наступстваў. Зразумейце, што штучна створанае чалавекам заўсёды прайграе дзікаму. І цяжка ўявіць сабе лёс ГМ-расліны без падтрымкі чалавека. Хутчэй за ўсё, яна вернецца да свайго ранейшага стану ці загіне. Цікава было б арганізаваць палігон у чарнобыльскай зоне адсялення і прасачыць гэты працэс. Калі б яны элімінаваліся без змянення навакольнага асяроддзя, гэта зняло б апошнія перасцярогі людзей. Але такі эксперымент патрабуе заканадаўчых санкцыяў».

«Свежая» статыстыка

На прэс-канферэнцыі былі прадстаўленыя і апошнія статыстычныя звесткі.

Так, у свеце налічваецца 28 краін, якія вырошчваюць ГМА. 99% усіх ГМА прыходзіцца на сою, кукурузу, рапс і бавоўнік.

У 2012 плошчы, занятыя ГМА, склалі 170,6 млн га. (11,5% усіх пасяўных плошчаў). Ад 1996 плошчы, выдзеленыя пад ГМА павялічыліся ў 100 разоў.

81% усёй соі і 35% кукурузы з’яўляецца ГМА.

Швецыя, Германія і Польшча спынілі культывацыю ГМА, а Судан і Куба наадварот распачалі.

Рыначны кошт ГМА ад 1996 да 2011 год склаў 98,2 млрд даляраў. За гэты перыяд было зэканомлена 500 000 тон пестыцыдаў, а ў атмасферу не трапіў вуглякіслы газ эквівалентны выдаленню з дарог 10 млн аўто.
За кошт высокай ураджайнасці ГМА не ўзаралі 108,7 млн га зямлі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?