Прэм’ер‑міністр Сяргей Сідорскі ў аўторак у часе паездкі па Брэсцкай вобласці азнаёміўся з арганізацыяй у Бярозе новай вытворчасці на РУВП «Бярозатара» і разгледзеў ход рэалізацыі інвестпраекта на ЗПУВП «Франдэса».

На прадпрыемстве «Бярозатара» 1 верасня бягучага года будзе запушчаны ў эксплуатацыю цэх лакіравання і літаграфіі харчовай бляхі. На гэты час ужо зманціравана першая лінія па лакіраванню, завяршаецца мантаж нямецкага друкарскага абсталявання. З уводам новага цэха ў эксплуатацыю прадпрыемства пры вырабе харчовай металічнай тары зможа адмовіцца ад папяровых этыкетак, малюнак будзе наносіцца непасрэдна на бляшанку або накрыўку. Магутнасць новага абсталявання складае 10 млн. лістапрагонаў у год, кошт абсталявання — каля 5 млн. еўра.

На ЗПУВП «Франдэса» рэалізуецца інвестыцыйны праект па стварэнню айчыннай вытворчасці хімічных сродкаў аховы раслін. Гэта прадпрыемства нядаўна адкрылася ў горадзе Бярозе. У гэтым годзе «Франдэса» пачне выпускаць два віды прэпаратаў групы гербіцыдаў. А ў наступныя два гады тут плануецца наладзіць выпуск пяці пестыцыдных прэпаратаў, у тым ліку фунгіцыдаў і інсектыцыдаў, распрацаваных Нацыянальнай акадэміяй навук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?