Фота БелТА.

Фота БелТА.

Яшчэ 14 сакавіка Аляксандр Лукашэнка выправіўся на перамовы з Уладзімірам Пуцным у Пецярбург. Ад таго часу, па ўсёй імавернасці, яго яшчэ не было ў Беларусі. Прычым пасля па ўсіх мерках зацягнутых візітаў у Сінгапур і Інданэзію адбыўся нечаканы пералёт у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — папулярны зімовы турыстычны маршрут. Па стане на 26 сакавіка кіраўнік Беларусі заставаўся недзе на берагах Персідскай затокі.

На тое, што на дадзеным кірунку дзяржаўны інтэрас можа спалучацца з адпачынкам, сведчыць хоць бы і той факт, што Аляксандра Лукашэнку дагэтуль не прыняў кіраўнік Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, прэзідэнт Халіфа ан-Нахаян. Сустрэў еўрапейскага госця толькі міністр унутраных спраў у рангу віцэ-прэм’ера, а таксама спадчынны прынц Мухамедон бэн Заід аль-Нахаян.

«Такое ўражанне, што ў Эміратах Аляксандр Лукашэнка праездам дахаты, — сказаў радыё «Свабода» палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. — І не болей за тое. З Лукашэнкам яшчэ ж 80 чалавек разам. І гэта сведчыць пра тое, што Беларусьсю можна кіраваць дыстанцыйна. І, акрамя снежнай буры, у краіне нічога не здарылася», — іранізуе сп. Якаўлеўскі.

Натуральнай задачай азіяцкага турнэ бачыцца не толькі продаж беларускай прадукцыі — прычым, як паказвае прыклад М’янмы, вынік часта неадпаведны пакладзеным высілкам. Галоўнай задачай мог быць пошук інвестараў, гатовых купіць акцыі «Беларуськалія», МТС ці чагосьці іншага, прыдатнага для продажу ва ўмовах, калі краіне трэба знайсці дадатковыя сродкі для абслугоўвання замежнай запазычанасці. У 2013 годзе сумы выплат па замежным доўгу рэкордныя.

Беларускаму грамадству застаецца развесці рукамі і запытацца, чаму працоўны графік галоўнага чыноўніка краіны застаецца напаўпразрысты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?