Еўрапейскі саюз дазволіў урадам краін ЕС купляць нафту ў экспарцёраў, якія атрымалі адабрэнне сірыйскіх паўстанцаў.

Гэтае рашэнне, прынятае на сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЕС, дазволіць імпарцёрам набываць сырую нафту або нафтапрадукты ў экспарцёраў з Сірыі, паведамляе BBC.

У самой Сірыі ўрадавыя сілы працягваюць наступ на прыгарады Дамаска на фоне паведамленняў аб вялікім ліку ахвяр.

Тым часам найбуйнейшая апазіцыйная група ў краіне — Сірыйская нацыянальная кааліцыя — прызначыла новага часовага лідара Жоржа Сабру. Ранейшы лідар — памяркоўны ісламіст Мааз аль-Хаціб — сышоў у адстаўку.

Сабра — выхадзец з хрысціянскай сям’і. Ён быў лідарам Кампартыі Сірыі. 8 гадоў правёў у турме за апазіцыйную дзейнасць.

Канфлікт у Сірыі працягваецца ўжо больш за два гады. Яго ахвярамі сталі дзясяткі тысяч чалавек. Паўстанцы патрабуюць сыходу рэжыму Башара Асада. Сям’я Асадаў кіруе краінай ужо 40 гадоў.

Заходнія краіны падтрымалі патрабаванні паўстанцаў. 18 мая 2011 года ЗША ўвялі санкцыі супраць Башара Асада і яшчэ шасці сірыйскіх службовых асоб. Праз пяць дзён аналагічныя санкцыі супраць сірыйскага кіраўніка і 13 высокапастаўленых чыноўнікаў ўвёў Еўрасаюз, наклаўшы забарону на наведванне краін ЕС і замарозіўшы іх актывы. У далейшым былі ўведзены і эканамічныя санкцыі.

У верасні 2011 года ЕС забараніў еўрапейскія інвестыцыі ў нафтавы сектар Сірыі, а ў снежні таго ж года увёў эмбарга на імпарт нафты з гэтай краіны, які прыносіў сірыйскім уладам да траціны ўсіх валютных паступленняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?