Начальнік арганізацыі А. В. Фралоў просіць суд Крычаўскага раёна «прызнаць распаўсюджаныя звесткі аб КУП „Чэрыкаўскае ПМК-280“ у друкаваным выданні „Вольны горад“ № 4 ад 3 лютага 2013 года неадпавядаючымі рэчаіснасці», а таксама «абавязаць друкаванае выданне „Вольны горад“ надрукаваць абвяржэнне на той жа старонцы ў той жа калонцы дадзенага друкаванага выдання».

— Пазоў «Аб абароне дзелавой рэпутацыі» падаў начальнік УКП «Чэрыкаўскае ПМК № 280» А. В. Фралоў, быццам бы мы ў адным з нумароў «Вольнага горада» у артыкуле «Прыгонныя» далі недакладныя звесткі пра гэту арганізацыю, — цытуе рэдактара газеты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага сайт baj.by. — Раней па гэтым пытанні мяне і Кудраўцава выклікалі ў Крычаўскі РАУС, куды прыходзіў запыт з чэрыкаўскай міліцыі, аднак ахоўнікі правапарадку адмовілі адміністрацыі ПМК № 280 ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

Сяргей Няроўны кажа, што яго ў гэтай сітуацыі вельмі здзіўляюць дзеянні адміністрацыі ПМК № 280.

Па-першае, гэтае пытанне лёгка можна было вырашыць у дасудовым парадку. Калі б супрацоўнікі арганізацыі хацелі дзейнічаць у адпаведнасці з Законам аб СМІ, яны б звярнуліся да нас з патрабаваннем апублікаваць удакладненне альбо абвяржэнне. Мы б правялі праверку і, калі б пацвердзілася, што інфармацыя недакладная, абавязкова гэта зрабілі, — тлумачыць рэдактар «Вольнага гораду». — Па-другое, здзіўляе палітызаванасць пазову ў суд, бо адміністрацыя ПМК № 280 убачыла ў нашым невялікім артыкуле адну мэту — «дыскрэдытаваць кіруючае звяно „Чэрыкаўскага ПМК-280“ і раённую вертыкаль улады». На маю думку, ужо з гэтага выдатна бачна, хто з’яўляецца сапраўдным ініцыятарам гэтага пазову…

Таксама здзіўляе недарэчнасць, якую дапусціла адміністрацыя ПМК № 280 пры падрыхтоўцы пазову ў суд: па ўсім тэксце назва арганізацыі ідзе як УКП «Чэрыкаўская ПМК-280», а падпісаны дакумент начальнікам «Чэрыкаўскага ПМК-88» А. В. Фраловым.

— Ужо адна гэта акалічнасць паказвае ўзровень адносін з боку адміністрацыі ўстановы да вартасці гэтага дакумента, — каментуе Сяргей Няроўны.

Артыкул «Прыгонныя» быў напісаны пасля тэлефанавання ў рэдакцыю «Вольнага горада» жонкі працаўніка Чэрыкаўскай ПМК № 280. Жанчына сцвярджала, што яе муж не можа атрымаць заробак ужо трэці месяц. Журналісты газеты параілі ёй звярнуцца па дапамогу ў Крычаўскую межраённую інспекцыю па ахове працы.

Незалежная газета «Вольны горад» выдаецца накладам 299 асобнікаў, распаўсюджваецца на тэрыторыі Крычаўскага і суседніх раёнаў усходняй Магілёўшчыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?