Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і створаная ёй Украінская паўстанцкая армія змагаліся за незалежнасць Украіны супраць палякаў, немцаў і саветаў. Партызанская вайна ішла ад 1942 да пачатку 1950-х. Ва Украіне многія гісторыкі збіраюць факты пра падзеі тых гадоў.

Не так даўно на сайце «Электроннага архіва Украінскага вызвольнага руху», які пастаянна папаўняецца сканамі дакументаў, з’явіліся цікавыя матэрыялы, датычныя Беларусі. Гэта адозвы, якія ўкраінскія падпольшчыкі скіроўвалі да беларусаў.

«Беларусь! Стварай свае збройныя сілы і выганяй прэч банды імперыялістычных зграй, якія нішчаць Твой народ! (…) Усталёўвай свой лад і парадак на сваёй зямлі. Уваходзь у паразуменне ды арганізоўвай супольныя дзеянні з аддзеламі УПА…» — урывак з украінскамоўнай улёткі за снежань 1943-га.

«Вывучайце вайсковае мастацтва і рыхтуйце зброю…» — а гэты недвухсэнсоўны радок — з аналагічнай лістоўкі, скіраванай да моладзі.

Як бачым, агульны кантэкст такіх улётак — крытыка бальшавізму і нацызму, а таксама заклік да супольнай барацьбы супраць захопнікаў. Украінскае падполле спадзявалася, што ўдасца ўзняць на барацьбу супраць ворагаў з Захаду і Усходу таксама і народы-суседзі. Яны грунтаваліся на вопыце супольнай беларуска-ўкраінскай барацьбы за свае правы ў міжваеннай Польшчы і на кантакты ў розных сферах: ад сельскагаспадарчых кааператываў да цэркваў.

Вось, да прыкладу, адзін з рапартаў для ўнутранага карыстання аб сітуацыі ў Беларусі за жнівень 1943 г.: «Калі казаць пра беларускую паліцыю, то роўна будзе мажліва, што вялікая іх частка пайшла б у лес (…), бо хоць яны і служылі немцам, тыя ставіліся да іх варожа і вельмі пагардліва». Там жа ідзецца пра тое, што насельніцтва настроенае варожа як да немцаў, так і да бальшавікоў і толькі 15–20% чакаюць іх вяртання.

Пракаментаваць дадзеныя матэрыялы мы папрасілі Руслана Забілага, гісторыка, генеральнага дырэктара Нацыянальнага музея-мемарыяла «Турма на Лонцкага». Гэта былая турма НКВД, ператвораная сёння ў музей барацьбы за незалежнасць.

— Пане Руслане, хто складаў лістоўкі, друкаваў, распаўсюджваў?

— Прапагандысцкія матэрыялы, а асабліва ўлёткі друкаваліся рэферэнтурамі альбо асяродкамі прапаганды падполля АУН. Украінскі вызвольны рух надаваў шмат увагі пытанню прапаганды, асабліва пачынаючы з 1946 г. Прапаганду можна падзяліць на чатыры галоўныя кірункі: унутраную, арыентаваную на насельніцтва Украіны, вонкавую, якая мела прыцягваць іншыя народы ды барацьбы з бальшавізмам, контрпрапаганду, скіраваную на раскладанне ворага, а таксама на прапаганду, арыентаваную на інфармаванне Свабоднага Свету аб барацьбе ўкраінцаў.

Агульныя кірункі прапаганды вызначаліся на падставе стратэгічных ды тактычных задачаў вызвольнага руху. Іх рэалізацыяй займаўся Галоўны асяродак прапаганды АУН (ГОСП). Ніжэйшыя ступені (краёвыя, акружныя асяродкі прапаганды) практычна рэалізоўвалі заданні ГОСПа. Яны ўжо друкавалі і распаўсюджвалі тыя ж самыя ўлёткі.

Рэферэнтуры прапаганды адмыслова шукалі здольных і адукаваных аўтараў.

Таксама тэксты пісалі кіраўнікі гэтых аддзелаў, якія адказвалі за прапаганду і ідэалагічную працу (П.Фядун, О.Дзякіў, іншыя). Тэхнічна друкавалі ўлёткі ТХЗ (тэхнічныя звёны). Тут да працы далучаліся друкарні, наборшчыкі, карэктары, якія працавалі з друкарскімі касамі і машынамі.

А распаўсюджвалі ўлёткі ўжо праз падпольную сетку насельніцтва, на вялікія адлегласці яны перадаваліся праз кур’ераў і сувязных. Таксама самі паўстанцы іх раздавалі паміж насельніцтва ў часе прапагандысцкіх рэйдаў.

— На некаторых рулетках згадваецца «Беларуская секцыя». Што вядома аб ёй?

21–22 лістапада 1943 г. у сяле Будэраж на Ровеншчыне АУН падпольна правяла канферэнцыю паняволеных народаў. На яе прыбыло каля сарака прадстаўнікоў трынаццаці народаў СССР. Дэлегаты былі ўдзельнікамі ўкраінскага вызваленчага руху і прадстаўлялі на ёй свае народы. Ад Беларусі ў канферэнцыі ўдзельнічалі два прадстаўнікі, адзін з якіх меў псеўданім «Дружны». Хто гэтыя людзі, што выступалі ад імя Беларусі, мы пакуль не ведаем. Не ведаем, як склаўся іх далейшы лёс, як працавала беларуская секцыя і хто ў ёй удзельнічаў. Усё гэта патрабуе далейшых даследаванняў, прычым не толькі з боку ўкраінскіх даследчыкаў.

— Чаму багата матэрыялаў друкавалася па-расійску?

— Расійскамоўныя матэрыялы былі прызначаныя для тых, хто не валодаў украінскай, то бок для іншых народаў СССР. Мова служыла сродкам камунікацыі, а не прадметам палітыкі. У тыя часы паўстанцы былі разумнейшыя за нашых сучасных палітыкаў. Заўважу, што друкаваліся матэрыялы і на іншых мовах: польскай, чэшскай, славацкай, ангельскай…

— Сярод якіх яшчэ народаў вялася аналагічная агітацыя?

— Асабліва актыўная прапаганда ішла сярод палякаў. Такім чынам паўстанцы прыкладалі нямала высілкаў, каб ператварыць іх з ворагаў у саюзнікаў у барацьбе з бальшавізмам. Праўду кажучы, гэтыя высілкі, акрамя нязначных выключэнняў у выглядзе супрацы, не мелі стратэгічнага поспеху. Акрамя гэтага, вялася прапаганда сярод чырвонаармейцаў, прадстаўнікоў савецкай акупацыйнай адміністрацыі. Таму таксама друкавалася шмат матэрыялаў па-расійску. Далей ішлі ўсе іншыя.

— Ці вядома нешта аб супрацы УПА з беларускім антыбальшавіцкім падполлем?

— З вялікай імавернасцю можна дапусціць, што такія кантакты мелі месца. АУН ды УПА дзейнічалі не толькі на ўкраінска-беларускім памежжы. Частка беларускіх тэрыторыяў на паўднёвым захадзе (Берасцейшчына, Піншчына, Тураўшчына) уваходзіла у вайскова-тэрытарыяльную структуру УПА ды арганізацыйную АУН. Тут дзейнічалі падраздзяленні УПА вайсковых акругаў «Тураў» ды «Заграва». Хачу заўважыць, што гэта тэма для асобнага даследавання. Канчаткова таямніцы могуць раскрыць беларускія ды ўкраінскія архівы.

— Ці супрацоўнічаеце вы з беларускімі гісторыкамі на тэму дзейнасці УПА ў памежных раёнах?

— У нас няма супрацы з беларускімі гісторыкамі са зразумелых прычынаў. Не думаю, што ў Беларусі цяпер вітаецца аб’ектыўнае даследаванне тэматыкі вызваленчага руху ці то ўкраінскага, ці то беларускага. А без аб’ектыўнага пераасэнсавання мінулага з пункту гледжання барацьбы за незалежнасць супраць савецкага таталітарызму на нейкіх іншых умовах даследаванне гэтай тэмы мне падаецца малаімаверным.

— Як даўно Цэнтр даследаванняў вызваленчага руху пачаў публікаваць матэрыялы пра падполле з архіваў Службы бяспекі Украіны (СБУ)? Ці будзе праца працягнутая?

— ЦДВР вядзе гэтую працу ад часу стварэння ў 2003 г. Гаворка не толькі пра архіўныя дакументы СБУ [украінская спецслужба, перемніца савецкага КГБ], і гэта не прыярытэт. Натуральна, важна для развіцця гістарыяграфіі ўводзіць у навуковае карыстанне новыя крыніцы. Гэта «ажыўляе» яе. Для нас важней прыкладаць высілкі для таго, каб архівы на закрывалі і не абмяжоўвалі грамадзянам доступу да дакументаў. Адносна публікацыі дакументаў: мы зацікаўленыя ў першую чаргу ў абнародаванні фондаў Архіва ЦДВР, якія за дзесяць гадоў дзейнасці арганізацыі істотна папоўніліся. Мы робім гэта, у прыватнасці, праз рэалізацыю электроннага архіва і гэтую працу абавязкова будзем працягваць.

Некаторыя дакументы, датычныя Беларусі, з электроннага архіву ЦДВР

Белорусы! — Ліпень 1944

Короткі інформації про відносини на Білорусі

Пропагандивна листівка УПА «Білоруський народе!» за грудень 1943

Белорусская молодежь! — Без дати

До білоруського народу! — Київ-Харків, 1950

Гумористичний журнал «Український перець». — Ч.3 — Березень, 1945

Білоруський народе! — Постій, грудень 1943

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?