Па ўзроўні складскіх запасаў Беларусь у 2013 годзе набліжаецца да паказчыкаў 2009 года. Пра гэта сведчаць звесткі аб дынаміцы складскіх запасаў за апошнія гады, якія ў сваім аглядзе прыводзіць Мінэканомікі.

Міністэрства нагадвае, што суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб`ёму прамвытворчасці склалі 82,4% на 1 мая і павялічыліся ў параўнанні з 1 студзеня на 25,9%.

У выніку дапушчальны «нарматыў суадносін запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб`ёму вытворчасці (65%) перавышаны на 17,4%», канстатуюць спецыялісты Мінэканомікі.

У 2011–2012 гадах, сведчаць звесткі Мінэканомікі, месячны аб`ём складскіх запасаў складаў 50–55% да сярэднямесячнага аб`ёму прамысловай вытворчасці. У той жа час у 2009-м годзе складскія запасы ў Беларусі перавышалі 80% і нават 90% месячнага аб`ёму вытворчасці. Такім чынам, па велічыні складскіх запасаў Беларусь набліжаецца да ўзроўню 2009 года.

«Павелічэнне суадносін запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнай вытворчасці ў параўнанні з пачаткам года адзначаецца ў 7 з 8 міністэрстваў і канцэрнаў, прычым найбольшыя ў Мінпрама — „плюс“ 71,9%»,
— гаворыцца ў аглядзе Мінэканомікі. Паводле звестак міністэрства, узровень складскіх запасаў на прадпрыемствах Мінпрама перавышаў на 1 мая сярэднямесячны аб`ём вытворчасці ў 1,7 разу.

«Вынікам росту запасаў, падзення аб`ёмаў экспарту тавараў, павелічэння падатковай нагрузкі і рэалізацыі мер па стрымліванні росту цэн (адсутнічае кампенсацыя росту затрат на вытворчасць) стала пагаршэнне шэрагу фінансавых паказчыкаў», — канстатуюць спецыялісты Мінэканомікі.

У першым квартале 2013 года ў параўнанні са студзенем-сакавіком2012-га ў цэлым па прамысловасці чысты прыбытак знізіўся на 44,4%, рэнтабельнасць продажу — з 11,4% да 7,6%.
Адначасова з гэтым павялічылася як колькасць стратных арганізацый, так і сума іх чыстых стратаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?