У Гомелі затрыманы ветлівы разбойнік, які выбачыўся перад прадаўцом камерцыйнага кіёска за спробу рабавання.

Напярэдадні вечарам малады чалавек зайшоў у камерцыйны кіёск на прыпынку «Універсам «Любенскі». Пакупнік папрасіў прадаць яму пляшку піва. Неабходнай гандлёвай маркі не аказалася. Хлопец затрымаўся яшчэ на пару секундаў, пасля чаго выйшаў.

Хвілін праз дзесяць, калі прыпынак апусцеў, ён зноў зазірнуў у краму.

Прадавец ужо збіралася зачыняць памяшканне. Пакупнік прыставіў да яе жывата прадмет, падобны на пісталет, і запатрабаваў грошы з касы. Шакаваная выпадкам жанчына закрычала. Разгублены нападнік хутка схаваў прыладу злачынства, стаў адступаць да дзвярэй і прашаптаў: «Прабачце».

Выскачыўшы на вуліцу, ён збег. Прадавец патэлефанавала «102».

Міліцыя хутка знайшла падазраванага.

Ім аказаўся 22-гадовы хлопец, які прыехаў у Беларусь з Туркменістана. Паводле папярэдняй інфармацыі, на гэтак дзёрзкі ўчынак ён адважыўся, каб вярнуць даўгі. За такі налёт яму пагражае ад 3 да 10 гадоў зняволення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?